Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Frankfurter Allgemeine": Ангела Мэркель можа ўзьняць пытаньне Беларусі


Алена Струвэ, Менск Уплывовая нямецкая газэта "Frankfurter Allgemeine" не выключае, што ў часе сустрэчаў кандыдаткі на пасаду Бундэсканцлера Ангелы Мэркель з польскім кіраўніцтвам у Варшаве (гэты візыт пачаўся 16 жніўня) прагучыць і беларуская тэма. Аўтар артыкулу — колішні міністар польскага МЗС і эўрапарлямэнтар Дарыуш Разаці.

Паводле вядомага эўрапейскага палітыка, відавочна, што польскае кіраўніцтва зьбіраецца абмеркаваць са сваёй госьцяй — лідэрам нямецкага ХДС/ХСС і магчымым нямецкім лідэрам — ня толькі тэму двухбаковых стасункаў.

Як вынікае з артыкулу, клопатам ня толькі Польшчы, але ўсяго рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ёсьць вялікае нямецка-расейскае сяброўства. Яно “ажыцьцяўляецца паверх галоваў гэтых краінаў” і тычыцца непасрэдна іхнай бясьпекі. Што да нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў, то яны выступаюць за больш прагматычны курс у стасунках зь вялікім усходнім суседам ЭЗ. Польскі бок чакае таксама й большага набліжэньня Нямеччыны да паўночнаатлянтычнага партнэра.

Ангела Мэркель — падае выданьне — сустрэнецца ў Варшаве з прэзыдэнтам Аляксандрам Квасьнеўскім, прэм’ерам Марэкам Бэлькам, старшынём грамадзянскай плятформы ў польскім парлямэнце Дональдам Тускам. Гэтыя палітыкі апошнім часам выразна артыкулююць сваё стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі й рэзка крытыкуюць Крэмль за ягоную падтрымку беларускага кіраўніка.

Праўдападобна, што ў часе дыскусіі не застанецца па-за ўвагай і тэма гэтак званай стрыманасьці Брусэля й Бэрліну ў беларускім пытаньні. “Дзеля таго, каб ня выклікаць незадаволеннасьці Расеі, ЭЗ ня надта імкнецца ісьці насустрач польскім патрабаваньням у падтрымцы дэмакратычных рэформаў і ў будаўніцтве грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, — піша Frankfurter Allgemeine.

Нямецкія ж хрысьціянскія дэмакраты апошнім часам нярэдка выказваюцца, што беларуская палітыка Бэрліну мусіць быць больш актыўнай. Цягам апошняга году апазыцыйная фракцыя ХДС/ХСС неаднойчы крытыкавала кіроўную партыю Шродэра за мяккую пазыцыю што да афіцыйнага Менску. У часе парлямэнцкіх дэбатаў у Бундэстагу фракцыя выставіла да нямецкага ўраду шэраг патрабаваньняў адносна патрымкі дэмакратызацыі ў Беларусі. Размова вялася пра салідарнасьць і дапамогу апазыцыі, няўрадавым арганізацыям, незалежным СМІ, а таксама садзеяньне правядзеньню ў Беларусі дэмакратычных і празрыстых выбараў. Гэтыя прапановы, аднак, былі адхілены сацыял-дэмакратычнай большасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG