Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Neue Zuercher Zeitung": Брусэль лічыць, што з Масквой канфрантаваць нельга


Алена Струвэ, Менск Камэнтуючы пазыцыю Эўрапейскага Зьвязу што да абвастрэньня польска-расейскіх і польска-беларускіх стасункаў, уплывовая швайцарская Neue Zuercher Zeitung піша: “Ад пачатку свайго сяброўства ў Эўразьвязе Польшча заявіла сябе як сувэрэнную краіну са сваім уласным уяўленьнем пра міжнародную эўрапейскую палітыку. Ейныя адкрытыя выказваньні пра неабходнасьць дэмакратызацыі Расеі й Беларусі выклікаюць ў Брусэля — вельмі асьцярожнага ў дачыненьнях з Крамлём — ня толькі станоўчыя эмоцыі”.

Як падае Neue Zuercher Zeitung, цяперашнія польска-расейскі й польска-беларускі канфлікты выкліканы, перадусім, бескапраміснай міжнароднай пазыцыяй Варшавы. Што да Крамля, дык ён асабліва абураны тым, што Польшча мае не апошняе дачыненьне да “аранжавай рэвалюцыі” й што ў часе кіеўскіх падзей яна прыняла бок Юшчанкі. Бо Масква ж па-ранейшаму лічыць Украіну зонай свайго ўплыву.

Калі гаварыць пра беларускую палітыку Варшавы, то, згодна зь ёй, Брусэль павінен паводзіць сябе больш энэргічна, і, паміж іншага, слухаць ня толькі афіцыйны беларускі бок.

Паводле Neue Zuercher Zeitung, у самім Брусэлі за польска-беларускім канфліктам назіраюць са зьмешаным пачуцьцём. Зарыентаваныя на дружбу з Расеяй, эўрапейскія дыпляматы лічаць, што з Масквой канфрантаваць нельга. Тым больш, што, зь іхнага гледзішча, Эўразьвязу пакуль так і невядома пазыцыя Масквы ў беларуска-польскім канфлікце.

З аднаго боку — піша швайцарская газэта, — Пуцін пасьля перамогі “аранжавай рэвалюцыі” даў зразумець, што лічыць Беларусь буфэрам у распаўсюджаньні рэвалюцыйнага руху на постсавецкай тэрыторыі. З другога боку, у Брусэлі мяркуюць, што Пуцін ня мае ніякіх сантымэнтаў да адыёзнага Лукашэнкі й ня хоча сапсаваць стасункаў з Эўразьвязам.

Аднак эўрапейскія палітыкі, якія сымпатызуюць Пуціну, з жалем канстатуюць вельмі неспрыяльнае разьвіцьцё расейска-польскіх стасункаў. Як вынікае з публікацыі, у Варшаве ня надта імкнуцца да паляпшэньня дачыненьняў з Масквой. Польшча бачыць сябе сымбалем дэмакратызацыі ва Ўсходняй Эўропе, і таму чакае ад Брусэля актыўнага ўмяшаньня ў канфлікт.

Калі лідэр польскай грамадзянскай партыі Ян Ракіта ў якасьці адной са сваіх палітычных мэт называе зыход Лукашэнкі, то гэта азначае, што бліжэйшыя месяцы й гады Варшава будзе належным чынам ціснуць на ЭЗ.

Як піша Neue Zuercher Zeitung, партыі такога памяркоўна-правага накірунку маюць добрыя шанцы на будучых выбарах у Польшчы. Што да апошніх заяў дзеячаў гэтых партый супраць палітыкі Масквы й Менску, то яны сустракаюць разуменьне й падтрымку ў грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG