Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: Што найбольш пагражае экалёгіі Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Беларусь падпісала пагадненьне аб далучэньні да Кіёцкага пратаколу ў рамках Канвэнцыі Арганізацыі аб’яднаных нацый аб зьмяненьні клімату. Гэта ўскладае на краіну абавязак рабіць захады супраць зьмены клімату на плянэце, а таксама дазваляе атрымліваць дадатковыя грошы ад продажу лішкаў квот на шкодныя выкіды ў атмасфэру. Але ці ёсьць Беларусь экалягічна небясьпечнай? Што найбольш пагражае навакольнаму асяродзьдзю краіны? Гэтыя пытаньні мінаком на вуліцах Менску задавала наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Беларусь сама па сабе вельмі чыстая, харошая рэспубліка. А вось прыбалты нам жыцьцё атруцяць, канечне. Вось яны зьбіраюцца падцягнуць да нашых межаў Ігналінскую ГЭС, ГРЭС — ці як яна там?”

(Юначка: ) “Я лічу, што нашая краіна зьяўляецца досыць чыстай, у экалягічным сэнсе. Але цяпер мы маем вельмі шмат выкідаў у атмасфэру, якія надалей могуць стаць небясьпечнымі. Больш тэхнікі стала”.

(Спадар: ) “Сярод усіх краін СНД найлепше становішча ў нас. Бо ў нас чысьцей, лепш, у нас і людзі больш цікавыя, добрасумленныя й працалюбівыя, па праўдзе кажучы. А з гэтага вынікае й усё астатняе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць Беларусь экалягічна-небясьпечнай? Што найбольш пагражае навакольлю краіны?”

(Спадар: ) “На трактарным заводзе, які ў межах гораду, да прыкладу, ёсьць ліцейны цэх. Смурод ад яго на вуліцах вельмі моцны, і ніхто на гэта не зважае. Альбо ёсьць, напрыклад, аўтобусы кшталту “Львоў”. Там на апошніх сядзеньнях выкідныя газы трапляюць у салён — як душагубка. Вось я падаў толькі два невялічкія прыклады”.

(Спадарыня: ) “Усё ж-такі першае — гэта радыяцыя, якая й ёсьць небясьпечнай. Ну, і прамысловыя прадпрыемствы разьвіваюцца не належным чынам. Ад іх шкодныя выкіды — і ў атмасфэру, і ў ваду. А вада, якая цячэ з кранаў, — яна ўвогуле нядобрая”.

(Юнак: ) “Пэўна, пасьля выбуху ў Чарнобылі яшчэ засталіся нейкія шкодныя рэчывы ў атмасфэры й на зямлі, якія шкодны цяпер і ў будучым будуць шкоднымі. А яшчэ экалёгія нашая парушана вялікаю колькасьцю машын”.

(Карэспандэнтка: ) “Найбольшая небясьпека — гэта што?”

(Спадар: ) “Чарнобыль. Ягоныя наступствы яшчэ трыста гадоў ня зьнікнуць”.

(Спадарыня: ) “Беларусь дастаткова праблематычна назваць абсалютна чыстай краінай, а пасьля Чарнобылю гэта немагчыма. Акрамя таго, тут шмат прадпрыемстваў, у тым ліку, — і хімічных. І, пэўна, ніхто ня дасьць гарантыі, што на іх ня можа здарыцца аварый, якія будуць мець цяжкія экалягічныя наступствы”.

(Юнак: ) “У нас экалягічная пагроза толькі ад Чарнобылю. А так нашая краіна, параўнальна з іншымі, прыгожая, чыстая”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што пасьля чарнобыльскай аварыі экалёгія ў Беларусі стала вельмі благая. Але наагул цяпер небясьпека ёсьць толькі ў вялікіх гарадох, дзе шмат прамысловых прадпрыемстваў і транспарту. Таму можа нават лепш жыць у вёсках, чым у вялікіх гарадох”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG