Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў узгодніць графік сходаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на паседжаньні аргкамітэту Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў будзе ўзгоднены фінальны графік раённых сходаў для вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс. Паводле арганізацыйнага камітэту, ужо праведзена большая частка сходаў, засталося правесьці яшчэ каля 50-ці. На сходах мяркуецца абраць каля 250 дэлегатаў – гэта прыкладна 35 працэнтаў ад усёй колькасьці меркаваных удзельнікаў Кангрэсу, які мае назваць адзінага кандыдата ад апазыцыйных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Ці можна лічыць эфэктыўным цяперашні этап кампаніі?

Усяго ў раённых сходах возьме ўдзел каля 5 тысяч чалавек. Многа гэта ці мала для амаль дзесяцімільённай Беларусі? Арганізатары Кангрэсу мяркуюць, што пры магчымасьці шырокага інфармаваньня грамадзтва сходы для вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс былі б больш масавыя.

Старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Мы хацелі больш шырокага ўдзелу, на гэта мы разьлічвалі. Але трэба ўлічваць палітычныя ўмовы ў Беларусі, што тут няма магчымасьці легальнай працы. Як мы можам далучаць шырокія масы, калі ў нас нават немагчыма павесіць аб''яву пра сход, таму што адразу ж туды прыйдуць прадстаўнікі ўлады і забароняць яго ці арыштуюць арганізатараў. Такія ж выпадкі былі, і людзі ўжо плацяць штрафы. Ня трэба забывацца: мы жывем ва ўмовах дыктатуры. Усе сходы ў лесе праводзяцца, на кватэрах, на прыватных сядзібах і зьбіраецца ад 25 да 110 чалавек. Другі этап мабілізацыі будзе пасьля Кангрэсу, калі мы пойдзем па кватэрах, калі ўключым усе рэзэрвы. Гэта не фінальная частка кампаніі, яна яшчэ толькі разьвіваецца”.

Сходы пакуль што не зрабілі значнага ўплыву на сытуацыю ў раёнах, таму гаварыць пра іх сур’ёзны эфэкт не даводзіцца. Паводле журналіста “Газеты Слонімскай” Сяргея Чыгрына, у Слоніме сход праходзіў на кватэры, нават журналістам да апошніх хвілінаў не было вядома, што ў ім возьмуць удзел кандыдаты на званьне адзінага.

(Чыгрын: ) “На маю думку, сур''ёзнага эфэкту ня будзе. Гэты сход, гэтая падзея не паўплывала на жыцьцё людзей абсалютна ніяк. Звычайны сход, пра які з прэсы даведаліся, што ён быў. Нават было некалькі званкоў у рэдакцыю, пыталіся, дзе гэта адбывалася, чаму вы нас не паклікалі. Ніякага ўзьдзеяньня на жыхароў не зрабіў гэты сход. Мы ўсё-такі чакаем, што будзе нейкі рэзананс, эфэкт пасьля Кангрэсу. Хаця многія слонімцы таксама пэсымісты і пасьля гэтага Кангрэсу нічога такога вялікага і значнага для Беларусі, для народу не чакаюць”.

Паводле лідэра “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі, такая кампанія праводзіцца ў Беларусі ўпершыню, таму ня выключаныя і хібы. Сябры “Партнэрства” вядуць назіраньне за правядзеньнем раённых сходаў.

(Астрэйка: ) “Той шлях, якім цяпер вылучаецца адзіны кандыдат, прадугледжвае больш шырокае кулюарнае вылучэньне адзінага кандыдата, чым гэта было ў 2001 годзе. Але ўсё роўна гэта лепей. Гэта прадугледжвае карэляцыю зь меркаваньнем усяго грамадзтва. Што нас больш за ўсё турбуе ў гэтым працэсе, тое, што ён задужа зацягнуты. Яго трэба было правесьці даўно і цяпер пачынаць другую кампанію, працаваць ня з гэтымі чатырма-пяцьцю тысячамі актывістаў, а пачынаць працаваць зь беларускімі выбарнікамі, з усімі астатнімі, хто не прыходзіць на гэтыя сходы”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава пагаджаецца, што афіцыйныя мэдыі замоўчваюць правядзеньне апазыцыйных сходаў. Аднак яна пра іх ведае і лічыць, што сходы даюць магчымасьць зрабіць рэвізію палітычных сілаў і падключыць новых прыхільнікаў. Цяперашнія намаганьні апазыцыі Вольга Абрамава лічыць вельмі значнымі, але для будучыні.

(Абрамава: ) “Трэба хоць бы захаваць палітычныя суб''екты ў гэтай прасторы, каб у людзей не апусьціліся рукі, каб у будучыні былі нармальныя палітычны спэктар і палітычная дзейнасьць. Але эфэкт ад цяперашняга працэсу залежыць ад пэўных мэтаў. Калі гаворка ідзе пра ўмацаваньне шэрагаў прыхільнікаў апазыцыі, то, вядома, гэтую задачу вырашыць удасца. А ў стратэгічным пляне, у пляне задач, якія ставяцца, то я не бачу асобаў, якія адпавядалі б глябальнай задачы зьмены кіраўніцтва краіны. Але калі нават мы не пераможам сёньня, то мы захаваемся, мы адстойваем тыя каштоўнасьці, у якія верым, і ў будучыні задача будзе вырашаная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG