Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падводзяцца першыя вынікі сёлетняй прыёмнай кампаніі ў ВНУ


Галіна Жарко, Менск Толькі на платнае дзённае навучаньне ў БДУ прынялі каля 2 тысяч абітурыентаў. Паводле Нацыянальнай справаздачы ААН аб чалавечым разьвіцьці, колькасьць маладых людзей, што хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю, за апошнія гады рэзка вырасла. У вышэйшых навучальных установах краіны сёньня вучыцца удвая больш студэнтаў, чым у 1994 годзе.

Пра цікавасьць да адукацыі сьведчыць і конкурс у ВНУ. Ён па-ранейшаму на дастаткова высокім роўні.

Шмат хто з абітурыентаў, каму не пашчасьціла набраць патрэбную колькасьць балаў, вырашыў вучыцца за грошы. На платнае навучаньне ў адным толькі Белдзяржунівэрсытэце 337 абітурыентаў залічаныя на факультэт міжнародных адносінаў, на юрыдычны – 230, у дзяржаўны інстытут упраўленьня і сацыяльных тэхналёгіяў – 226.

Меней за ўсё – толькі 5 чалавек – згадзіліся плаціць за навучаньне ў Інстытуце тэалёгіі імя сьвятых Кірыла і Мяфода, які раней быў адным з факультэтаў зачыненага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (цяпер гэта факультэт БДУ).

Кошт адукацыі на дзённым аддзяленьні – ад 800 да 1500 даляраў за год.

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што для радавой беларускай сям’і – гэта нерэальная сума.

(Раманчук: ) “Для шараговага беларуса гэта вельмі магутная сума. Ён ня здатны столькі выкласьці на адукацыю дзіцяці. Але калі мы гаворым пра намэнклятуру, пра чыноўнікаў, пра банкіраў... Нават сын амонаўца можа купіць сабе месца ў БДУ. Ня кажучы ўжо пра тое, што могуць зрабіць сын альбо дачка судзьдзі ў Беларусі – судзьдзі атрымліваюць больш за 1000 даляраў за месяц. Гэта тыя грошы, якія для простага чалавека абсалютна недаступныя, але для намэнклятуры, якая зрабіла сабе багата кармушак, гэта даступны парог”.

Добры заробак для шараговага беларуса – гэта 200 даляраў. Праўда, адкласьці на адукацыю ня будзе чаго.

Дарэчы, тром самым прэстыжным факультэтам Белдзяржунівэрсытэту не даверылі праводзіць экзамэны – усе тэсты абітурыенты здалі цэнтралізавана. Гаворка пра юрыдычны факультэт, факультэт міжнародных адносінаў і эканамічны факультэт. Вось што кажа Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Бацькі плацяць столькі грошай, каб мець у Беларусі найлепшае. Матывацыя гэтых людзей не скіраваная на тое, каб працаваць у Беларусі. Маюць на думцы мажлівасьць або ўладкавацца на працу ў міжнародных структурах, альбо проста выехаць за межы Беларусі”.

Паводле Нацыянальнай справаздачы ААН аб чалавечым разьвіцьці, менавіта ў веку ад 20 да 24 гадоў назіраецца самы высокі ровень беспрацоўя (18,7 % ад усёй колькасьці беспрацоўных). Цяжкасьці з пошукам працы ўжо сёньня адчуваюць маладыя спэцыялісты з эканамічнай і юрыдычнай адукацыяй.

Тым часам намесьнік кіраўніка Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў мяркуе, што ўрэшце выпускнікі знойдуць сабе месца. Праблема, лічыць ён, у іншым.

(Сасноў: ) “А куды ж яны падзенуцца? Самыя таленавітыя знойдуць працу адразу, а астатнія ўладкуюцца як-небудзь. Можна лічыць, што нават па спэцыяльнасьці. На людзей пераклалі плату за адукацыю. Зь людзей двойчы бяруць грошы. Спачатку праз падаткі, а потым цераз плату за адукацыю дзяцей. Адукацыю пусьцілі на самафінансаваньне. Ну дык трэба ж тады паменшыць падаткі. А падаткаў зьмяншаць ніхто не зьбіраецца”.

Апроч таго, паводле новых правілаў, нават тыя, хто вучыўся за ўласныя грошы, ня ўнікнуць разьмеркаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG