Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы наварочваюцца на іслам?


Севярын Квяткоўскі, Менск "Беларус-мусульманін" пакуль гучыць гэтаксама экзатычна, як "беларус-крышнаіт" або "беларус-будыст". Ніхто дакладна ня ведае, колькі штогод беларусаў навяртаюцца на іслам. Але сацыёлягі адзіныя ў тым, што падобны працэс набыў сталы характар. Гісторыі беларускіх мусульманаў-нэафітаў – у рэпартажы карэспандэнта "Свабоды".

Майго першага суразмоўцу клічуць Сяргей Богдан. Ужо пяць гадоў, як усьвядоміў сябе мусульманінам:

(Богдан: ) "Зразумела, ёсьць абвінавачаньні ў здрадах, прадажнасьці і ўсім астатнім. Прычым, не зразумела, чаму здрадзе?”

(Карэспандэнт: ) “Я мяркую, хрысьціянскай традыцыі?”

(Богдан: ) “У такім выпадку, гэтыя людзі прымітыўна ўспрымаюць гісторыю Беларусі. Іслам ня менш беларуская рэлігія, чым хрысьціянства”.

У 1997 годзе споўнілася 600 гадоў татарскага пасяленьня ў Беларусі. Першае татарскае селішча ля Менску ўзьнікла ў 15 стагодзьдзі пад назвай Татарскія агароды. Першы мячэт месьціўся там, дзе цяпер бар гатэлю “Юбілейны”. Адтуль жа ішла Татарская вуліца. Александровіч, Аліевіч, Асановіч, Багдановіч, Варановіч, Шабановіч, Канапацкі, Байрашэўскі, Ясінскі… Ўсё гэта прозьвішчы беларускіх татараў, якія ў ВКЛ атрымалі пэўныя шляхецкія правы, бо праявілі сябе мужнымі змагарамі за новую Бацькаўшчыну. Цяпер беларускіх татараў-мусульманаў налічваюць ад 12 да 15 тысяч. Дасьледчыкі разглядаюць іхны іслам найперш як традыцыйна-культурніцкую зьяву.

Сяргей Богдан падкрэсьлівае, што ніколі ня быў атэістам, і што ягоны шлях да ісламу быў хоць і пакручасты, але самастойны:

(Богдан: ) “Я вельмі сур’ёзна вывучаў пытаньне. І спэцыяльна дзеля таго, каб яшчэ раз зразумець, ці не памыляюся, я адмыслова некалькі разоў перачытаў Біблію, прычым усю, усе тысячы старонак. Безумоўна, гэта не было рашэньнем адной хвіліны”.

Цяпер Сяргею Богдану 23 гады. Вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Родам з Маладэчна, зь сям''і бацькі-міліцыянта і маці – культурніцкага работніка. Сяргей Богдан валодае пэрсыдзкай мовай, вывучае арабскую і цікавіцца праблемай Курдыстану. Цёмнавалосы, ён ня надта вылучаецца з натоўпу прыхаджанаў менскага мячэту.

Шчыры мусульманін мусіць пяць разоў на дзень ставаць на калені кірункам да Мэкі, каб прачытаць намаз – малітву. Сяргей кажа, што ў Беларусі яму не заўжды выпадае выканаць абавязак пяціразовага намазу за суткі. Трымае пост у месяц Рамазан ды выконвае іншыя патрабаваньні ісламу. Тым ня менш, быць мусульманінам у Беларусі цяпер ня так лёгка:

(Богдан: ) “Напрыклад, можаш ехаць у цягніку, перабіраць ружанец, табе адкрыта будуць гадасьці казаць. Дзядзька аднойчы пабачыў, кажа, відаць мусульманін. Маўляў, а дзе ягоная бомба? А другі кажа, маўляў, бачыш сумку побач зь ім – там бомба. Цемрашальства і дурасьць, а як яшчэ назваць?"

Стаўленьне да мусульманаў у Беларусі Сяргей Богдан бачыць наступным чынам:

(Богдан: ) “Безумоўна, ёсьць досыць адмоўнае стаўленьне да мусульманаў у Беларусі. Іншае пытаньне, што яно ня ёсьць дастаткова адкрытым. Таму што большасьць беларускага народу баіцца выказваць яго адкрыта. Яны могуць абгаворваць цябе за сьпінай, плявацца за сьпінай, але, каб толькі ты ня ўбачыў – баяцца, што ты ўбачыш".

Другога майго суразмоўцу клічуць Аляксандар. Бялявыя валасы, шэрыя вочы – аблічча Аляксандра ніяк не стасуецца з тыповым уяўленьнем пра зьнешнасьць мусульманіна. Як і Сяргей Богдан, Аляксандар пяты год вызнае іслам. Таксама прыйшоў самастойна да новай рэлігіі. Як кожны нэафіт, Аляксандар гаворыць пра сваю рэлігію натхнённа і часам катэгарычна. Я запытаўся, як ён ставіцца да ідэяў пра вайну ісламу супраць хрысьціянскага сьвету?

(Аляксандар: ) "Каго гэта пужае? Гэта пужае тую ж царкву, тых жа папоў, якія баяцца згубіць свае даходы, свае грошы. Камэрцыялізацыя царквы: вянчаньне каштуе столькі, гэта столькі, гэта столькі. Як няма ў цябе грошай, што будзеш рабіць?"

Аляксандру 28 гадоў, ён мае вышэйшую эканамічную адукацыю, працуе ў сфэры бізнэсу. Навяртаньне на іслам паўплывала на ягонае асабістае жыцьцё – ён разышоўся з жонкай:

(Аляксандар: ) "Я яе не прымушаў, ня ціснуў на яе, але вельмі часта гаварыў, што калі яна ня можа выконваць пэўныя умовы, паважаць маю рэлігію, то мы разыйдземся. Так сталася, слава Богу, што яна сыйшла ад мяне сама. І так склалася, што я ажаніўся зь дзяўчынай-мусульманкай, і слава Богу, задаволены жыцьцём".

Беларуска-мусульманка... Калі Сяргей і Аляксандар самастойна прыйшлі да ісламу пасьля доўгіх развагаў і вывучэньня, дык жанчыны складаюць другую частку беларусаў-нэафітаў. Жанчына выходзіць замуж за мусульманіна і бярэ рэлігію мужа. Не сакрэт, што пасьля дзесяцігодзьдзяў панаваньня бальшавікоў, бальшыня беларусаў сталіся абыякавымі да рэлігіі як такой. Нават у інтэрвію для Радыё Свабода сьвятары прызнаюць: вянчаньні ў храмах – хутчэй мода, чым духоўная неабходнасьць. Ці можна праз любоў да чалавека стацца шчырай верніцай новай рэлігіі? Мая суразмоўца папрасіла не называць ейнае імя і нават не пускаць у эфір голас – адно пераказ. Чаму? Паспрабуем адказаць ніжэй, а зараз гісторыя маладой беларускі-мусульманкі. Назавем яе Алена:

(Алена: ) "Майго мужа клічуць Амран, ён сырыец. Мы пазнаёміліся ля "Цантральнага". Я ела марожнае, ён піў каву. Ён быў вельмі абаяльны, упэўнены і адначасова ветлівы. Мы перакінуліся некалькімі словамі. Праз колькі дзён ізноў сустрэліся на тым жа месцы. Можа выпадкова, але не зусім. Бо я адмыслова на абедзены перапынак пайшла туды. Мы пачалі сустракацца, і праз паўгоду пабраліся шлюбам".

Амран і Алена жанатыя ўжо чатыры гады. У сям''і двое дзяцей: сямігадовая Таня – ад першага шлюбу Алены, і двухгадовы Мухамэд.

(Алена: ) "Пасьля першага досьведу шлюбу я ня верыла, што мужчына можа быць такім уважным і далікатным. Я ўжо не кажу, што з прыватнага жыцьця зьніклі карціны п''янства, грубыя словы, нявытрыманасць... Я чула розныя жахлівыя гісторыі пра дзяўчат, якія выходзілі замуж за мусульманаў і ператвараліся ў рабынь. Скажыце, а ў Беларусь такіх сямей мала? Колькі гвалту ў беларускіх сем''ях! Не! Я вельмі шчасьлівая".

Калі вы ў Менску пабачыце жанчыну ў хітджабе – хусцы, якая хавае палову твару, магчыма гэта Алена.

(Аляксандар: ) "Выконваць шарыят – законы ісламу – складана для жанчыны, паколькі трэба насіць гэтую хустку – хіджаб, і быць закрытай. Натуральна, людзі зьвяртаюць увагу: шу-шу, і ўсё такое".

Патлумачыў Аляксандар.

Што да Алены, як і большасьць мусульманак-нэафітак яна ня хоча афішаваць сваё мусульманства, бо баіцца апынуцца ў грамадзкай ізаляцыі.

Супрацоўніца інстытуту сацыялёгіі Лідзія Новікава сярод іншых прычынаў узьнікненьня інтарэсу да ісламу сярод карэнных беларусаў называе ўплыў прыежджых мусульманаў:

(Новікава: ) "Новыя, якія прыяжджаюць – гэта вельмі цікавая тэма. Прыежджыя, напэўна, уплывюць. Напэўна, неафіты зьяўляюцца. Але мы пра гэта нічога пакуль сказаць ня можам".

Спадарыня Новікава патлумачыла, што беларукія сацыёлягі ня маюць фінансаў для дасьледваньня мусульманаў у Беларусі. Тым ня менш, у наступнай праграме мы скіруем увагу менавіта на прыежджых мусульманаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG