Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс АБСЭ ў Беларусі часова ўзначаліць Ваграм Абаджан


Уладзімер Глод, Менск Спадар Абаджан, які раней зьяўляўся намесьнікам былога кіраўніка офісу нямецкага дыплямата Эбэргарда Гайкена, ад 1 жніўня прызначаны часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка. Ён будзе займаць гэтую пасаду да прыезду ў Менск новага шэфа офісу, што мае быць у верасьні.

Найбольшы шанец стаць сталым пераемнікам амбасадара Гайкена, паводле неафіцыйнай інфармацыі зь Вены, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ, мае швэдзкі дыплямат Акэ Пэтэрсан.

На магчымае прызначэньне швэдзкага дыплямата кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка адрэагаваў гэтак:

(Вячорка: ) “Швэцыя як нефармальны лідэр скандынаўскай паўночнаэўрапейскай супольнасьці разглядае Беларусь як краіну, важную ў стварэньні спрыяльнага кантэксту вакол Скандынавіі і Паўночнай Эўропы. Швэцыя таксама знаная сваёй пасьлядоўнай і безынтарэсоўнай пазыцыяй у абароне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў ува ўсіх кутках сьвету. І таму спадзяемся, што нават у варунках абмежаванага мандату новы дыплямат будзе рэалізоўваць яго належным чынам. Хаця асаблівых спадзеваў на функцыі місіі, яе ролю пры абмежаваным мандаце не выпадае”.

Згодна са статутам АБСЭ, папярэдняе рашэньне аб прызначэньні новага кіраўніка офісу прымае дзейны старшыня гэтай арганізацыі, якім цяпер зьяўляецца міністар замежных справаў Славеніі Дзьмітры Рупэль. Кандыдата, якога ён прапануе, патрэбна яшчэ ўзгадніць з так званай тройкай — папярэднім, дзейным і наступным старшынямі. А гэта азначае, што спадару Рупэлю трэба кансультавацца са сваімі калегамі з Баўгарыі і Бэльгіі. Пасьля гэтага імя прэтэндэнта ўзгадняюць з бокам, што прымае, — уладамі Беларусі.

Вінцук Вячорка, які падтрымлівае кантакты зь місіяй АБСЭ ў Беларусі з моманту яе прызначэньня, зьвяртае асаблівую ўвагу на паўнамоцтвы офісу:

(Вячорка: ) “Безумоўна, асоба дыплямата на такой пасадзе, гэтак сама, як яго нацыянальнасьць, канечне, маюць значэньне, але ключавае значэньне мае аб’ём мандату. І мы добра ведаем, што аб’ём мандату часоў Віка і часоў Гайкена адрозьніваўся. Ён быў скурчаны, паводле рашэньня ў Вене, не бязь ціску афіцыйнага Менску. І калі фактычна падчас Віка місія мела мандат на забесьпячэньне дыялёгаў, кантактаў як з урадам, так і з дэмакратычнымі сіламі, так і спробы наладжваць нейкі дыялёг паміж імі, то пасьля мандат звузіўся да збору аб’ектыўнай інфармацыі. І ў гэтым сэнсе постаць кіраўніка місіі, якім бы валявым ён ня быў, — яна, на жаль, вырашае няшмат”.

Што тычыцца былога кіраўніка офісу Эбэргарда Гайкена, дык ён зьбіраўся пакінуць Беларусь 1 жніўня. Аднак спадар Гайкен атрымаў запрашэньне да ўдзелу ў маскоўскай міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 30-м угодкам Хэльсынскай канфэрэнцыі, якая фактычна стала пачаткам утварэньня АБСЭ. З Масквы амбасадар Гайкен вернецца ў Менск, адкуль 4 жніўня выяжджае на радзіму ў Бон.

Офіс АБСЭ ў Менску, які ўзначальваў Эбэргард Гайкен, пачаў працаваць 1 студзеня 2003 году. Раней (у 1997—2002 гады) у Беларусі знаходзілася Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ на чале з амбасадарам Гансам-Георгам Вікам. Аднак беларускія ўлады абвінавацілі КНГ у падтрымцы палітычнай апазыцыі і ва ўмяшальньні ва ўнутраныя справы Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG