Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіму вяртаюцца першыя пацярпелыя ад лавіны на Алтаі


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менск вернуцца два беларускія аматары горных паходаў, якія трапілі пад лавіну на гары Бялуха ў Рэспубліцы Алтай. Як плянуецца, заўтра на радзіму будуць дастаўленыя целы іх двух загінулых таварышаў. Тым часам два накрытыя лавінаю беларускія альпіністы дагэтуль ня знойдзеныя. Яшчэ тры беларусы на неакрэсьлены тэрмін застаюцца ў цэнтральным шпіталі гораду Горна-Алтайску.

Больш за тыдзень таму дзевяць аматараў горных паходаў – чальцоў Усебеларускага турыстычна-спартовага саюзу – выехалі на Алтай. Зь іх боку быў заяўлены паход першай катэгорыі складанасьці – іншымі словамі, скараць вяршыні ніхто не зьбіраўся, паколькі першая катэгорыя ў тым асяродку параўноўваецца зь “пешым шпацырам”. У самой арганізацыі акцэнтуюць: гэта не былі прафэсійныя альпіністы, а проста аматары такога адпачынку. Расказвае Уладзімер Кандрацьеў:

(Кандрацьеў: ) “Хто вам сказаў, што гэта альпіністы? На інтэрнэт-партале tut.by ёсьць форум. Там людзі, якія ведалі загінулых і самі займаюцца турызмам, абураюцца: які альпінізм, якое ўзыходжаньне? Людзі актыўна адпачывалі. Тысячы гэта робяць. Наш Саюз аб’ядноўвае аматараў актыўнага адпачынку: аматараў гор, сплаваў па горных рэках, горных ровараў, пячораў і г.д. Усё гэта ў пэўным сэнсе экстрэмальныя зацікаўленьні, таму было, ёсьць і будзе: людзі заўсёды гінулі, трагічныя выпадковасьці заканамерныя. І ня трэба вельмі глыбока ў гэтым корпацца, усё бывае. Такое ўражаньне, што гэтую тэму проста “смакуюць”. Падумайце, як гэта ўсё чуць сваякам?”

Напярэдадні лекары канстатавалі здавальняючы стан двух беларусаў, якія сёньня маскоўскім цягніком маюць вярнуцца дадому. Тры чалавекі застаюцца праходзіць курс лекаваньня. У Ўсебеларускім турыстычна-спартовым саюзе паведамілі, што 26 ліпеня пошукі двух зьніклых беларусаў спынены ў сувязі з сходам лавінаў і небясьпекаю для працы выратавальнікаў. Аднак спадар Кандрацьеў лічыць, што здарэньне не адаб’ецца на актыўнасьці іншых людзей, якія выяжджаюць у горы.

(Кандрацьеў: ) “Яны ішлі ад свайго імя. Ад імя нейкай краіны спартоўцы абараняюць толькі гонар на Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету. А я кожны год ежджу ў горы і буду езьдзіць, і са мной яшчэ цэлая сьціжма ўвесь час езьдзіць. Сабраліся – паехалі, адпачываем. Хтосьці “бухае”, хтосьці “шыраецца”, а нехта прыгожа адпачывае, душой і целам. Гэта стыль жыцьця. Нехта дайвінгам захапляецца, нехта на яхтах ходзіць, хтосьці на конях, а некаторыя людзі ходзяць у горы, любуюцца леднікамі, горнымі вяршынямі і чыстымі азёрамі. Нашая арганізацыя аб’ядноўвае тысячы аматараў такога адпачынку па ўсёй Беларусі”.

Адна з самых вядомых беларускіх альпіністак Ірына Вялянкова некалькі разоў была на мяжы сьмерці. Падчас узыходжаньня ў Гімалаях зьбілася з курсу, давялося 13 гадзінаў адстаяць пад ветрам і на моцным марозе на вышыні некалькіх тысячаў мэтраў – на мэтровай пляцоўцы. Вынікам – моцнае абмаражэньне і ампутацыя частак канцавінаў. Але нават гэта не адбіла прагі да гораў: пасьля таго здарэньня скарыла найвышэйшыя вяршыні ў Паўночнай і Паўдзённай Амэрыцы. Ірына Вялянкова кажа, што ў гэтай справе нельга спадзявацца на выпадковасьць – маўляў, а раптам пранясе... Бяда многіх маладых горнаўзыходнікаў яшчэ і ў тым, што яны ня ведаюць, калі пачынаецца і завяршаецца горны сэзон.

(Вялянкова: ) “Што да Эвэрэсту, да любога іншага васьмітысячніка, як Чо-Ою, Манаслу, Дхаўлагіры, то ўсе да канца траўня спускаюцца з гораў. Таму што завяршаецца сэзон – пачынаюцца сьнегапады, дажджы, ліўні суткамі. У саміх гарах бесьперапынныя сьнегапады, сходзяць лавіны, непраходныя сьцежкі, джунглі, п’яўкі і такія ўсякія непрыемнасьці. І проста няма ўвогуле горнаўзыходнікаў на схілах”.

Праўда, паводле прадстаўнікоў Усебеларускага турыстычна-спартовага саюзу, сярод пацярпелых у гарах Алтаю не было навічкоў. А загінулы Георгі Маскалёў увогуле лічыўся адным з наймацнейшых у сваёй справе. Расказвае Уладзімер Кандрацьеў:

(Кандрацьеў: ) “Яны заявілі паход першай катэгорыі складанасьці – гэта самая простая катэгорыя. Хоць у групе былі людзі, якія маглі ня толькі ладзіць узыходжаньні, але й наносіць на мапе раёны, якіх раней ніхто не наведваў. Такі ў іх быў досьвед. Людзі, якія кіравалі паходамі шостай катэгорыі складанасьці, найвышэйшай катэгорыі складанасьці, якія колісь бралі ўдзел у чэмпіянатах Саюзу. Але гэта горы! Вы ведаеце, што такое горы? Тады не гаварыце нічога галаслоўна, а то нашыя турысты ў адказ на тое, што пішуць у прэсе, часта абураюцца. Бо часта гэта сапраўды сьмеху варта”.

Штогод у горы Алтаю, Каўказу, Карпатаў, Крыму, Цянь-Шаню, Кольскай паўвыспы выяжджаюць дзясяткі тысячаў беларусаў. У складзе групы, якая трапіла пад лавіну на гары Бялуха, былі Алег Болдыраў, Аляксандар Прохараў, Юры Ганчар, Юры Тама, Элеанора Волкава, Уладзімер Белановіч, Кірыл Коршак, Іван Дашкевіч. Кіраваў групаю спрактыкаваны Георгі Маскалёў. Ён, а таксама ня меней дасьведчаны Ўладзімер Белановіч, які вёў паходы пятай катэгорыі складанасьці, Аляксандар Прохараў і Кірыл Коршак з выправы ў алтайскія горы не вярнуліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG