Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адкліча Беларусь свайго амбасадара з Варшавы?


Алесь Дашчынскі, Менск 28 ліпеня беларускі-польскі дыпляматычны канфлікт уступіў у новую фазу – улады Польшчы заявілі пра тое, што яны адклікаюць свайго пасла з Беларусі для кансультацыяў у Варшаве. Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд падкрэсьліў, што польскі амбасадар ня вернецца ў Менск да вырашэньня сытуацыі ў Беларусі. Польшча лічыць, што рашэньне мінюста Беларусі пра нелегітымнасьць апошняга зьезду СПБ не адпавядае міжнародным стандартам. Як жа адрэагаваў афіцыйны Менск на рашэньне ўладаў Польшчы?

28 ліпеня ўвечары зьявіліся два камэнтары на афіцыйным сайце міністэрства замежных справаў Беларусі. У адным намесьнік начальніка службы дзяржаўнага пратаколу спрабаваў апраўдацца за непрыемны інцыдэнт вакол дазволу на пралёт спэцыяльнага самалёта з польскай дэлегацыяй над тэрыторыяй Беларусі. Паводле прадстаўніка беларускага МЗС адпаведная нота была накіравана на адрас амбасады Польшчы па факсу і перададзена з поштай, гэта азначае, была кінутая ў паштовую скрыню амбасады. Паводле прадстаўніка службы дзяржпратаколу, было ўстаноўлена, што паштовая скрыня польскай амбасады пустая, а гэта азначае, што амбасада забрала ноту і атрымала яе напярэдадні вечарам. Прэсавы сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўска цьвердзіць, што амбасада запозна атрымала ад беларускіх уладаў неабходны дазвол на пралёт самалёта.

(Садкоўска: ) “Сытуацыя была такая, што проста згода прыйшла вельмі позна, каб можна было прыняць рашэньне аб пералёце. Яна проста прыйшла занадта позна. Ужо нельга было зрабіць такія дзеяньні, каб ён змог ляцець праз Беларусь”.

Другі камэнтар зрабіла начальнік аддзелу прэсавай службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына, цяпер ужо наконт рашэньня польскіх уладаў пра адкліканьне свайго пасла з Беларусі для кансультацый.

(Ваньшына: ) “Аб’яўленае польскім бокам рашэньне аб адкліканьні амбасадара Польшчы з Менску – ясна пацьвярджае лінію Польшчы на згортваньне і абвастрэньне беларуска-польскіх стасункаў. Зроблены польскім бокам крок недвухсэнсоўна сьведчыць пра адсутнасьць у яго намеру рэальна шукаць шляхі выхаду з крызыса, знаходзіць узаемапрыймальныя рашэньні, працаваць на ўмацаваньне добрасуседзтва. Пасольства Беларусі ў Польшчы прадоўжыць працу па ўмацаваньні ўзаемаадносінаў паміж нашымі краінамі і народамі ”.

Ці будзе афіцыйны Менск адклікаць свайго пасла з Польшчы? На гэтае пытаньне ў беларускім МЗС яснага адказу не было.

(Ваньшына: ) “Наш амбасадар працягвае працу ў Варшаве”. (Карэспандэнт: ) “Гэта азначае, што яго не будуць адклікаць? (Ваньшына: ) “Так, наш пасол працягвае працу”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, калі б афіцыйны Менск хацеў наладзіць адносіны з Польшай, то, натуральна, ён адклікаў бы свайго пасла ў Беларусь для кансультацый. Гэта адпавядала б дыпляматычнаму этыкету.

(Саньнікаў: ) “Гэта было б натуральна, калі б адклікалі. Адклікаюць для кансультацыяў, гэта вось у такой сытуацыі так звычайна і робіцца. А тое што беларускі бок не паводзіць сябе паводле нейкіх правілаў ці нормаў дыпляматыі, таму ўсе што заўгодна можа быць. І я не думаю, што беларускі бок будзе паводзіць сябе ў адпаведнасьці з дыпляматычным этыкетам. Яны не зацікаўлены ў вырашэньні гэтага канфлікту – такія матывы я магу толькі ўбачыць”.

Польскія ўлады зьвярнулі ўвагу на тое, што цяперашні канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай не з’яўляецца толькі двухбаковай праблемай. Міністар замежных справаў Ротфэльд падкрэсьліў, што польскі бок павінен растлумачыць Эўропе, што гэта эўрапейская праблема.

Прыгадаем таксама выказваньні першага намесьніка міністра замежных справаў Польшчы Яна Трушчынскага, што справа не ў дыпляматычнай вайне, а ў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і праявай гэтага парушэньня ёсьць стаўленьне беларускіх уладаў да легальна абранага кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі. Тое, што цяпер Польшча апэлюе да Эўрапейскага зьвязу і хоча бачыць яго пасярэднікам у цяперашнім канфлікце з афіцыйным Менскам зусім натуральна, бо гэтая краіна з’яўляецца сябрам Эўразьвязу.

(Саньнікаў: ) “І Эўразьвяз робіць заявы на гэты конт, ёсьць каардынацыя зьнешняй палітыкі, гэта лягічна, што польскі бок робіць такія заявы. Вось тое, што я пачуў з вуснаў міністра замежных справаў Польшчы Ротфэльда – гэта слушная заўвага: гаворка ідзе аб парушэньні правоў чалавека і ў выпадку з саюзам палякаў, і ў выпадку з тым як сябе паводзяць беларускія ўлады з польскімі дыпляматамі. Ідзе гаворка, наагул, аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і Беларусь разглядае абарону правоў чалавека, як умяшаньне ва ўнутраныя справы. Вось гэта пытаньне павінна вырашацца. Калі гэта ўжо заўважана, што гэта ўвогуле небясьпечна для эўрапейскіх працэсаў ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG