Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін гадуе сабе моладзевы рух, каб абараніцца ад "каляровых" рэвалюцый


Юры Дракахруст, Прага Расейскія ўлады, перасьцерагаючыся падзеяў падобных да грузінскіх, украінскіх і кіргіскіх, падтрымліваюць дзейнасьць прапрэзыдэнцкага моладзевага руху “Нашы”. Нядаўна “Нашы” правялі шматтысячную дэманстрацыю ў Маскве. Актывісты руху праходзяць падрыхтоўку ў адмысловых лягерах. Чаму вучаць моладзь у гэтых лягерах?

У лягеры ў Падмаскоўі на возеры Селігер дзень трох тысячаў маладых хлопцаў і дзяўчат напоўнены з раніцы да вечара, і ня толькі праслухоўваньнем патрыятычных песень – заняткі спортам чаргуюцца з ідэалягічнымі лекцыямі і сэмінарамі.

Блізкі да Крамля палітоляг Глеб Паўлоўскі, якога запрасілі чытаць лекцыі ў лягеры “Нашых”, гаворыць што мэта гэтага руху – арганізаваць моладзь, якая магла б супрацьстаяць спробам скіданьня прэзыдэнта Пуціна.

(Паўлоўскі: ) "Мы ўсё яшчэ нестабільная краіна. Хлопцаў трэба трэніраваць, вучыць, што яны будуць рабіць у выпадку спробы, аналягічнай жніўню 1991 году, у выпадку спробы скінуць Пуціна. Што, яны павіны сядзець і лекцыі слухаць? Яны павінны уставаць, ісьці на вуліцу і спыняць путч. Яна павінны ўмець гэта рабіць. Яны павіны ўмець разагнаць фашыстоўскую дэманстрацыю, разагнаць сілай, а як яшчэ?"

“Нашы” ня ёсьць афіцыйна крамлёўскім камсамолам, але кіруючая роля прэзыдэнцкай адміністрацыі не хаваецца. Нядаўна лягер “Нашых” наведаў намесьнік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Уладзіслаў Суркоў.

Зь якімі ж “фашыстамі” паводле вызначэньня Паўлоўскага рыхтуюцца змагацца “Нашы”? Плякаты, якія ўпрыгожваюць лягер каля Селігеру, выяўляюць барацьбу савецкіх герояў з капіталістамі, нямецкімі нацыстамі і амэрыканскімі імпэрыялістамі. У лягеры прыняты зварот “таварыш”.

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Суркоў, выступаючы перад актывістамі “Нашых”, казаў пра тое, што расейскую моладзь трэба абараніць ад “маніпуляцыйнага ўплыву Захаду”.

Падобныя заявы і накірункі выхаваньня моладзі выклікаюць пэўную занепакоенасьць заходніх партнэраў Расеі, неразуменьне, куды ж Расея імкнецца і каго лічыць сваімі сябрамі і ворагамі. Гаворыць пасол Злучаных Штатаў у Расеі Аляксандар Вэршбоў.

(Вэршбоў: ) "Я чую такія заявы ўсё часьцей. І мне шкада, бо нам здавалася, што постсавецкая Расея хацела стаць часткай Захаду і стратэгія і адміністрацыі Ельцына і адміністрацыі Пуціна – гэта інтэграцыя ва ўсясьветную супольнасьць. І такія заявы аб абароне моладзі ад Захаду гучаць вельмі дзіўна".

Днямі прэм''ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў падпісаў пастанову аб выдзяленьні 17 мільёнаў даляраў на адмысловую праграму “патрыятычнага выхаваньня моладзі”. Праграма разьлічаная на наступныя 5 гадоў, ня выключана, што пэўную частку гэтых грошай атрымаюць якраз “Нашы”.

Ідэя змагацца з рэвалюцыямі, супрацьпастаўляючы моладзевым арганізацыям тыпу сэрбскага “Отпора”, грузінскай “Кмары” і ўкраінскай “Пары” своеасаблівыя “Антыотпары”, “Антыкмары” і “Антыпары” ня блішчыць арыгінальнасьцю.

Беларуская ўлада гэтую працу, дарэчы, пачала яшчэ у 1997 годзе стварэньнем БПСМ, цяперашні яго нашчадак БРСМ вельмі нагадвае расейскіх “Нашых”. Апошняе сьвяткаваньне дня незалежнасьці, калі Лукашэнка танчыў сярод моладзевага натоўпу на сьвяточным канцэрце – частка той жа тактыкі, якую спрабуюць зрэалізаваць крамлёўскія паліттэхнолягі – адцягнуць моладзь ад пратэсту, тым болей арганізаванага, прапанаваўшы ім пэўную альтэрнатыву.

Аднак цяжка сказаць, у якой ступені што беларускі БРСМ, што расейскія “Нашы” могуць стацца карыснымі для сваіх стваральнікаў у часы сапраўдных выпрабаваньняў. Расейскі публіцыст Максім Сакалоў параўнаў “Нашых” з “чорнай сотняй” – антырэвалюцыйным рухам, створаным напачатку ХХ стагодзьдзя ў Расеі пры судзеяньні царскага ўраду. Урадавых субсыдыяў “чарнасоценцы” спажылі нямала – піша Максім Сакалоў – але ў сакавіку 1917, калі прастол сапраўды захістаўся і нарэшце абрынуўся, той “чорнай сотні” не было ня бачна і не чутно.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG