Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка адкрыў у Віцебску мост і фэстываль


Браніслава Станкевіч, Віцебск Да ягонага прыезду асабліва пільна рыхтавалася міліцыя: па вуліцах былі выстаўленыя пасты дзяржаўтаінспэкцыі, а патрульныя нарады шукалі парушальнікаў парадку. Каля “Сіняга дому” міліцыянты і “людзі ў цывільным” затрымалі двух распаўсюднікаў недзяржаўнае прэсы, а таксама віцябляніна Сяргея Міркушова, які выйшаў у горад з плякатам “Няўжо нам толькі трэба відовішчаў ды хлеба?”

У цэнтры Віцебску міліцэйскі патруль затрымаў сёньня двух распаўсюднікаў незалежнае прэсы: Алеся Мудрычэнку, які распаўсюджваў камэрцыйную газэту “Витебский проспект», і Барыса Хамайду – рэдактара недзяржаўнай газэты “Выбар”, які раздаваў мінакам гэтае выданьне. Разам зь імі ў пастарунак трапіў віцяблянін Сяргей Міркушоў, які ў дзень пачатку “Славянскага базару” выйшаў у горад з плякатам “Няўжо нам толькі трэба відовішчаў ды хлеба?”

Затрыманыя правялі ў пастарунку больш за тры гадзіны, а потым спадара Міркушова павялі ў Чыгуначны раённы суд, а астатнім запрапанавалі выступіць сьведкамі. Спадары Хамайда й Мудрычэнка сьведчыць супраць Сяргея Міркушова адмовіліся, і ўрэшце яму было абвешчана папярэджаньне, бо ён упершыню зладзіў несанкцыянаваную акцыю. З абвінавачаньнем Сяргей Міркушоў нязгодны.

(Міркушоў:) «Я ўвогуле супраць «Славянскага базару», за беларускую культуру. Плякат мой быў нэўтральнага зьместу, я лічу. Ёсьць многа людзей, якім не падабаецца «Славянскі базар», гэтыя папсовыя сьпевакі, якія сьпяваюць пад «фанэру». А выйшаў з плякатам – адразу забралі, завезьлі ў міліцыю, а потым у суд!»

Тым часам у Віцебску чакалі Аляксандра Лукашэнку, які прыехаў толькі а 18-й вечара. Паводле шматгадовай ужо традыцыі, Аляксандар Лукашэнка прыяжджае ў Віцебск, каб у дзень адкрыцьця “Славянскага базару” ўрачыста адкрыць у горадзе які-небудзь сацыяльна важны аб’ект. Сёлета гэта быў адрэканструяваны мост імя Кірава, адчынены для руху яшчэ два тыдні таму, але зачынены зноў адмыслова да візыту Аляксандра Лукашэнкі. Ніхто дакладна ня ведаў, калі распачнецца адкрыцьцё, і запрошаныя сюды вэтэраны, школьнікі ды будаўнікі, апранутыя дзеля такое нагоды ў новыя рабочыя курткі, больш за дзьве гадзіны чакалі яго на 30-градуснай сьпёцы.

Працэдура адкрыцьця заняла ўсяго хвілінаў дваццаць, і ў часе кароткае прамовы Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што добраўпарадкаваньне абласных цэнтраў сёлета завяршаецца, і надыходзіць час пасёлкаў ды вёсак.

Наступны раз Аляксандар Лукашэнка выступіў ужо на адкрыцьці “Славянскага базару”. Дарэчы, ён зноў быў адзіным кіраўніком найвышэйшага ўзроўню, які прыехаў на фэстываль за чатыры мінулыя гады: толькі на дзясятым, юбілейным фэстывалі ў Віцебску адбылася сустрэча кіраўнікоў трох славянскіх краін: Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна і Леаніда Кучмы. З тае пары прэзыдэнты гэтых краінаў дасылаюць у Віцебск толькі віншавальныя лісты.

Сёлета загадам Аляксандра Лукашэнкі заснаваная адмысловая ўзнагарода “Праз мастацтва -- да міру і ўзаемаразуменьня” -- за асаблівыя дасягненьні ў прапагандаваньні культурных каштоўнасьцяў. Выраблены і адмысловы прыз: дзяўчына-муза стаіць на паўсфэры, якая ўвасабляе зямны шар, і трымае на выцягнутых руках вянок з васількоў. Гэтую ўзнагароду ў часе адкрыцьця фэстывалю атрымаў кампазытар Андрэй Пятроў.

А сам Аляксандар Лукашэнка атрымаў адмысловую ўзнагароду FIDOF -- Міжнароднай Фэдэрацыі Фэстывальных Арганізацыяў -- за разьвіцьцё ў Беларусі фэстывальнага руху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG