Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дварэц


Ягор Маёрчык, Дварэц, Лунінецкі раён, Берасьцейшчына (эфір 11 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Свой дзень народзінаў жыхарка вёскі Бродніца Тацяна Кузьміч пачала так, як і ўсе астатнія: паднялася на досьвітку, згатавала сьняданак, упарадкавала гаспадарку. І з двума вёдрамі пайшла на гарод, на плянтацыі клубніцаў. Справа няхітрая: абрываць сьпелыя ягады. У адно вядро — дробныя, у другое — буйныя.

(Карэспандэнт: ) “Даўно займаецеся тым, што вырошчваеце клубніцы?”

(Кузьміч: ) “Ужо гадоў трыццаць пяць — асабіста. А ў дзяцінстве — гадоў зь дзесяці. Мы з бацькам езьдзілі ў Лунінец, гандлявалі. Яшчэ стаканамі адмяралі. У Рыгу і ў Менск — паўсюль вазілі”.



(Карэспандэнт: ) “А хто цяпер ягады возіць?”

(Кузьміч: ) “Дачка з сынам возяць. А свае я прадаю на бэтонцы — гэта скрыжаваньне, наш цэнтар. Мы называем яе Камароўкай. У Менску ёсьць Камароўка. І ў нас тут ёсьць Камароўка”.

У той час, калі сабранымі ягадамі спадарыня Тацяна толькі закрыла дно вёдраў, на ровары ў цэнтар суседняй вёскі Дварэц падкаціў жыхар блізкага паселішча Вічыну дзед Федзя. Стары аб’ехаў шэрагі перакупнікаў ягадаў, што стаяць на скрыжаваньні вуліцаў і аўтамабільнай трасы. Тыя скептычна паглядзелі на ягоны ўраджай, а ён на іхныя кошты. Пагандляваўся і ў выніку збыў некалькі вёдраў клубніцаў. Дзед пералічыў атрыманыя грошы і схаваў іх падалей ва ўнутраную кішэню. Пасьля гэтага настаў момант для нашага знаёмства.

(Федзя: ) “Жонка памерла. Я застаўся адзін. Сем год так жыву”.

(Карэспандэнт: ) “І адзін вырошчваеце клубніцы?”

(Федзя: ) “А ў мяне іх мала і ё. Няма ў мяне сілаў. У мяне закуропаныя ногі. Рукі ў мяне пагнутыя. На каленцы станеш — каленцы баляць. Я іх шмат і ня выберу”.

(Карэспандэнт: ) “А дзеці чаму не прыяжджаюць і не дапамагаюць?”

(Федзя: ) “Дзеці мае жывуць у Алтайскім краі ў горадзе Бійску. Гэта вельмі далёка. Трэба цэлы тыдзень адтуль на цягніку ехаць. Яны не прыедуць. Ніхто ня едзе, і нікому я не патрэбны”.



(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас сотак?”

(Федзя: ) “Восем. У мяне гэтаму ягадніку восем гадоў. Яны дробныя, і ўраджаю няма”.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета вы ўжо колькі вёдраў здалі”.

(Федзя: ) “Мо пяцьдзясят і здаў. Сёлета закупнікі вельмі слаба бяруць”.

(Карэспандэнт: ) “А на што ў вас ідуць грошы?”

(Федзя: ) “Я за гэты сэзон не зарабіў грошай на дзьве машыны дроваў. У нас адна машына дроваў каштуе 250 тысяч. А пэнсія ўся ідзе на хлеб і малако. Я ўсяго 180 атрымліваю”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы такую куртку набылі? Марка “Хуга Босс” — вельмі дарагая”.

(Федзя: ) “Недарагая яна — 22 тысячы аддаў за яе на базары. А яна такая добрая! Яна ад вады ў дождж бароніць. Мне раілі набыць дублёнку. Казалі: “Дзед, табе будзе цёпла”. Я набыў. Пайшоў дождж. Пасьля гэтага я яе насіць не магу — яна столькі вады ўвабрала, што за плечы ўніз цягне”.

Тым часам спадарыня Тацяна прайшла некалькі разораў. Ягады яна абірае безь перапынку. Тут трэба апярэдзіць сонца і скончыць працу хутчэй, чым яно падымецца над даляглядам.

(Карэспандэнт: ) “У самы сэзон колькі працоўны дзень у людзей доўжыцца?”

(Кузьміч: ) “Пачынаем а 4-й раніцы і заканчваем у 10 вечара. А ўдзень робім перапынак, бо сьпякотна зь ягады сок цячэ, і немагчыма яе браць”.



Дварэц — цэнтар сельсавету ў Лунінецкім раёне Берасьцейшчыны. А яшчэ яго называюць трускаўкавай сталіцай Беларусі. На ягадах тут спэцыялізуецца ўсё навакольле. Бойкі гандаль на скрыжаваньні падштурхнуў да разьвіцьця вёску — зьявілася кавярня і некалькі гандлёвых шапікаў. Сярод прыбышоў-перакупнікаў свой падзел працы. Дайшло да таго, што некаторыя толькі кіруюць працэсам, а ўсю працу робяць мясцовыя памагатыя. 16-гадовы Андрэй — як той зазывала перад дзьвярыма дарагой рэстарацыі. Спрабуе пераканаць прыватнікаў, прадаць ураджай менавіта ягонаму гаспадару.

(Карэспандэнт: ) “Хто набывае гэтыя клубніцы? Што гэта за людзі?”

(Андрэй: ) “Сюды прыяжджаюць са ўсёй Беларусі. Тыя, хто зьбірае зь вечара, возяць на Менск, а з раніцы — на Маскву. Я дапамагаю закупляць клубніцы”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі такім чынам можна зарабіць?”

(Андрэй: ) “20—25 тысяч за мікрааўтобус. Машыну затарыў, табе заплацілі, і ты вольны”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі машынаў за дзень можна затарыць?”

(Андрэй: ) “Дзьве. Моладзь часта прыходзіць сюды дапамагаць, каб зарабіць”.



Я зноў вяртаюся на трускаўкавыя палеткі спадарыні Тацяны. Гэта на скрыжаваньні жыцьцё віруе, а тут цішыня. Час можна вымяраць толькі колькасьцю абабраных разораў і напаўняльнасьцю вёдраў.

(Кузьміч: ) “Нашыя бацькі дзесьці гэтыя клубніцы раздабылі і пачалі іх разводзіць. У нас тут некалькі гатункаў. Польская цёмная — яна самая смачная, але на продаж яна не ідзе, бо яна цёмная і непрыгожая. Мы яе садзім толькі для сябе”.

(Карэспандэнт: ) “А што болей ідзе на продаж?”

(Кузьміч: ) “Сьветлапольская і Калгасьніца. Ведаеце, адкуль пайшоў назоў? У калгасе пачалі яе вырошчваць. А мы сабе накапалі і назвалі яе “Калгасьніца”. Гэта сама ўраджайны гатунак”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта цяжкая праца? Можа, прасьцей гадаваць парсюкоў ды імі гандляваць?”

(Кузьміч: ) “О не! Гэта вельмі прыбытковая справа. Парсюкі столькі не прыносяць, яны толькі страты прыносяць, а клубніцы прыносяць добрыя і грошы. Мы на іх і жывем. Я яе зараз выберу — а ў калгасе буду толькі на хлеб атрымліваць. Я там за месяц 70 тысяч зарабляю”.

(Карэспандэнт: ) “А калгас займаецца вырошчваньнем клубніцаў?”

(Кузьміч: ) “Толькі прыватнікі. Яны пачалі, але ў калгасе нічога не атрымалася. Яе ў час трэба зьбіраць, а калгас — гэта калгас. Я не пайду ў калгас яе зьбіраць, калі ў мяне свая будзе прападаць”.



За некалькі дзясяткаў мэтраў ад кірмашу знаходзіцца кантора калектыўнай гаспадаркі. Туды я не пайшоў. Затое завітаў у сельскі савет. Увагу мясцовага вэртыкальніка Фёдара Велясюка зьвяртаю на бязладзьдзе. Паабапал дарогі, дзе спыняюцца фуры, сьмецьця столькі, што часам зямлі не відаць.

(Велясюк: ) “У мяне чатыры чалавекі прыбіраюць сьмецьце. За дзень яго прыбіраюць два-тры разы. Мы будуем гандлёвыя шэрагі. На мільён рублёў набралі фарбы, будзем прыводзіць іх у боскі выгляд. Я хачу там яшчэ брук вакол пакласьці”.



(Карэспандэнт: ) “Але фуры ўсё адно становяцца паабапал дарогі”.

(Велясюк: ) “А так яно і будзе, бо за дзень ў нас да 500 машынаў абарочваецца. У людзей гэта асноўная крыніца прыбытку. Яны зарабляюць да 10 тысяч даляраў за сэзон. І гэтыя грошы асядаюць тут. Я лічу, што гэта вельмі добра. У нас людзі жывуць вельмі добра. У нас болей за тысячу легкавых аўтамабіляў і 120 грузавых машынаў. Па сельскім савеце ў нас 7 тысяч насельніцтва. За гэтыя гады пабудавалі 19 новых вуліцаў. На дадзены момант будуецца 200 прыватных дамоў — гэта болей, чым ва ўсім раёне. У нас няма пустых земляў. Дзе што зьявілася, людзі засаджваюць клубніцамі. І я ніколі людзей за гэты захоп не караю, бо калі людзям не аддаць, зямля будзе гуляць, быльнёг будзе расьці”.

Да пэнсіі спадарыні Тацяне засталося некалькі гадоў. Ейныя дзеці ўжо вырасьлі. У вёсцы засталіся ня ўсе.

(Кузьміч: ) “Гэтым займаюцца ўсе, за выключэньнем тых, якія ў горад паўцякалі. Тыя клубніцамі займацца ня хочуць. Мабыць, у горадзе лягчэй, чым тут. Там клубніцаў няма, але маці перашле”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не перасылайце і правучыце іх...”

(Кузьміч: ) “А як жа ім не перасылаць, калі ведаю, што дачка галодная”.

А можа і добра, што дачка спадарыні Тацяны зьехала з роднай вёскі. Невядома, як бы склаўся ейны лёс тут. Тым больш, што ад нечаканасьцяў жыцьця ніхто не застрахаваны. Такая думка прыйшла мне ў галаву пасьля размовы з састарэлай жыхаркай Дварца. І яна і сын займаюцца клубніцамі, і заробленыя грошы выйшлі ім бокам.

(Спадарыня: ) “Вялікіх праблемаў, можна сказаць, што і няма. Адзін толькі сын п’е. Ну, яшчэ не зусім. Дзякуй Богу, пад плотам пакуль не валяецца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы б яго нейкім чынам адвучылі”.

(Спадарыня: ) “А як яго тут адвучыш? Я яму казала: “Сынок, закадзіруйся, бо ты сябе ў рукі ня возьмеш”. А вы думаеце, ад чаго парасьпіваліся? Ад раскошы!”

(Карэспандэнт: ) “А што, так шмат грошай, што п’юць?”

(Спадарыня: ) “Канечне. Бабы дзяцей паапранаюць. А яму куды грошы дзяваць?”

Праз пару гадзінаў спадарыня Тацяна напоўніла клубніцамі вёдры. Разам з мужам пагрузіла іх у машыну і павезла прадаваць.



На пляцы ў Дварцы яны абмінулі пасярэднікаў і пад’ехалі да знаёмага перакупніка. Узважылі. Рассыпалі па скрынях і разьлічыліся.

(Перакупнік: ) “Ты мяне не запісвай!”

(Карэспандэнт: ) “Я ж не пытаюся, як вас завуць. Мне проста цікава, што вы робіце”.

(Перакупнік: ) “А дыктафон у цябе не міліцэйскі?”

(Карэспандэнт: ) “Не, не міліцэйскі. А я на міліцыю падобны?”

(Перакупнік: ) “Канечне”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы бачылі міліцыю з доўгімі валасамі? Такіх туды не бяруць”.

(Перакупнік: ) “Шыфруесься”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі жаляцца, што сёлета кошты закупніцкія вельмі нізкія”.

(Перакупнік: ) “Нічога сабе нізкія! У Маскве і Менску вельмі мала даюць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы яе на Маскву ці на Менск возіце?”

(Перакупнік: ) “На Маскву. Але сёлета езьдзім дужа мала. Летась сэзон быў цэлы месяц, а цяпер толькі два тыдні. Ягады няма, і надвор’е ня тое”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта цяжкі бізнэс?”

(Перакупнік: ) “Бачыш, што цяжкі! Я ўжо на сем кіляграмаў схуднеў!”

(Карэспандэнт: ) “Вам усё сьмешкі...”

(Перакупнік: ) “Якія сьмешкі?! Каб была нармалёвая праца, ніхто б сюды ня езьдзіў. Нармалёвай працы няма”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вы паводле прафэсіі?”

(Перакупнік: ) “Хірург”.

Дай жыхарам Лунінецкага раёну высокааплатную працу — а яны ўсё адно будуць вырошчваць клубніцы. Некалі людзі пачыналі займацца ягадамі, каб выжыць. Але зь дзесяцігодзьдзямі пабочны заробак ператварыўся ў сапраўдны бізнэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG