Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітычныя галадоўкі — гэта праява слабасьці”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста нашага даўняга слухача і сябра Алеся Марціновіча з Баранавічаў. У сваім новым допісе ён крытыкуе апазыцыю — за тое, што яна лічыць беларускую эканоміку нярынкавай, а таксама спрабуе прааналізаваць адметнасьці новай грамадзкай клясы — прыватных уласьнікаў. Алесь Марціновіч піша:

“Паслухаць нашу апазыцыю — дык у Беларусі нібыта пануе нейкі сталінска-брэжнеўска-машэраўскі камунізм пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Нібы няма вакол беларускіх гарадоў кварталаў царскіх палацаў, нібы ня езьдзяць па беларускіх дарогах дарагія іншамаркі, не адпачываюць тысячы беларусаў на Канарах, Мальдывах і Маёрцы.

Я ведаю, што кажу: і царскія палацы, і джыпы, і масівы прыватных вытворчых цэхаў належаць не чыноўнікам вэртыкалі, а менавіта прыватніку-прадпрымальніку. Тым часам апазыцыя дзяўбе адно: чакайце, маўляў, свой 1989 год, сваіх Валэнсу ды Гаўла, свой этап стварэньня клясы ўласьнікаў… Ды даўно ўжо створаная гэта ніша ў Беларусі і занятая — гэтак сама, як у Кіеве, Вільні, Маскве і Варшаве. Іншая рэч, што гэтая новая кляса прыватных уласьнікаў ніяк не адпавядае ілюзіям Пазьняка, Шушкевіча ды Вячоркі”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў выказвае свой пункт гледжаньня на асаблівасьці гэтай клясы беларускіх уласьнікаў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“За Атрошчанкам ды рознымі страйкамамі стаялі толькі дробныя рынкавыя гандляры — “чаўнакі”. А іншы, больш сур’ёзны бізнэс — у тым ліку вытворчы, сфэра паслугаў — на плошчу не пайшоў. Не да таго яму, не актуальна! Беларуская нацыянал-дэмакратыя чужая ня толькі для беларускага насельніцтва, але і для клясы мясцовых прадпрымальнікаў, як часткі гэтага насельніцтва. Звычайнае насельніцтва, масавы абываталь — гэта пасіў грамадзтва. А ўлада, бізнэс, палітычныя партыі — гэта актыў. Але партыі ў Беларусі — гэта віртуальнасьць. А вось бізнэс — актыў рэальны. І гэты вось прыватны актыў сваім характарам не дае ніякіх спадзяваньняў для плянаў беларускай нацыянал-дэмакратыі”.

Наконт рэальных настрояў у асяродзьдзі беларускіх прадпрымальнікаў і ўласьнікаў (асабліва буйных) меркаваць даволі складана, спадар Марціновіч. Улада іх неаднаразова папярэджвала (у тым ліку публічна і з самых высокіх трыбунаў): як толькі яны наважацца ўплываць на палітыку, фінансаваць апазыцыю — гэта імгненна адаб’ецца на іхным бізнэсе. За мінулае дзесяцігодзьдзе было нямала і паказальных прыкладаў у гэтай справе. Лёс Аляксандра Пупейкі і Андрэя Клімава стаў папярэджаньнем для многіх.

Але гэта не азначае, што бізнэс і бізнэсмэны ў Беларусі нейкія прынцыпова іншыя, чым у суседніх краінах. Яны гэтак жа заклапочаныя тым, каб для іх справы былі спрыяльныя палітычныя і эканамічныя ўмовы, каб іх не душылі падаткамі, каб было стабільнае заканадаўства. І дзеля гэтага гатовыя прыкладаць намаганьні (у тым ліку і фінансаваць адпаведныя палітычныя сілы і кампаніі). Тое, што ў Беларусі дзеля гэтага мала легальных магчымасьцяў, яшчэ не азначае, што такіх магчымасьцяў няма наагул, і што беларускі бізнэс абыякавы да палітычных працэсаў у дзяржаве.

Наступны ліст ад Мікалая Воліна зь Менску:

“Шаноўны спадар Жданко. Апазыцыя дыктатуры ў Беларусі складаецца з актыўных і пасіўных праціўнікаў рэжыму. Пасіўныя паклёпнічаюць на актыўных дзеля самаапраўданьня. Я мала спадзяюся, што вы зачытаеце гэта маё сьцьвярджэньне па “Свабодзе”. Вы ж замаўчалі маю крытыку выказваньняў Акудовіча, Алексіевіч, Трусава… А на “Свабодзе” таксама ёсьць тыя, хто ўзводзяць паклёп на актыўных”.

“Свабода”, спадар Волін, была і застаецца адкрытай для дыскусіяў, для разнастайных (у тым ліку процілеглых) пунктаў гледжаньня па ўсіх праблемах. Гэта таксама датычыць сытуацыі ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі, супярэчнасьцяў, якія існуюць ва ўзаемадачыненьнях паміж рознымі плынямі і лідэрамі. Але для нас важна, каб любыя аргумэнты падаваліся дакладна і ўзважана, каб дыскусія вялася ў спакойнай і стрыманай манеры. Тое, што вы называеце паклёпам выказваньні аўтарытэтных экспэртаў, меркаваньня якіх не падзяляеце — для нас непрымальна.

Аляксандар Пратасеня са Сьветлагорску ў сваім лісьце вяртаецца да нядаўніх галадовак беларускіх палітыкаў і актывістаў моладзевых арганізацыяў. Ён піша:

“Каго і ў чым хацелі пераканаць тыя апазыцыйныя палітыкі, якія праводзілі галадоўкі? Прэзыдэнт Лукашэнка — моцны палітык, які паважае сілу і ўрэшце толькі сіле можа падпарадкавацца. А галадоўка — праява слабасьці. Гэтыя людзі проста ні на што большае ня здатныя. Калі б яны былі моцнымі палітыкамі, дык вывелі б на вуліцу сто тысяч сваіх аднадумцаў і павялі да адміністрацыі Лукашэнкі. Але ж не, яны скардзяцца: “Нам не дае гэта зрабіць Лукашэнка. Ён запалохаў людзей. Людзі баяцца арыштаў”. Вядома, запалохаў. А чаго іншага апазыцыянэры хацелі — каб ён моўчкі назіраў, як яны ўваходзяць у сілу, як рыхтуецца каляровая рэвалюцыя? Вядома, ён, як моцны палітык, робіць усё неабходнае, каб захаваць сваю ўладу. Тым больш, што, калі пераможа апазыцыя, ягоныя пэрспэктывы вельмі туманныя. Тады для яго канец палітычнай кар’еры можа быць самы драматычны”.

Наўрад ці вы маеце рацыю, спадар Пратасеня, калі называеце галадоўку пратэсту праявай слабасьці. Дзеля таго, каб адважыцца на такі крок, якраз патрэбны немалыя сілы — і фізычныя, і духоўныя. А тое, што ўлада ігнаруе, замоўчвае палітычныя галадоўкі, сьведчыць хутчэй пра маральныя якасьці прадстаўнікоў гэтай улады, чым пра іхную сілу.

Як утрымаць уладу насуперак волі большасьці насельніцтва — добра вядома. Тут схема аднолькавая ва ўсіх аўтарытарных рэжымаў: скасаваньне сыстэмы справядлівых выбараў, уціск і зьнішчэньне незалежнай прэсы, прыбіраньне найбольш значных палітычных апанэнтаў, канцэнтрацыя ўлады ў адных руках… Ці варта лічыць палітыка, які ўсё гэта ажыцьцявіў, моцным? Спрэчнае пытаньне. У кожным разе, таленавітымі палітыкамі дыктатараў ніхто не называе. А добрае імя пакідаюць пасьля сябе якраз тыя, хто здольны быў заваяваць і доўгі час ўтрымліваць уладу ў справядлівым і роўным суперніцтве з палітычнымі апанэнтамі.

Цікавымі навінамі падзяліўся наш даўні сябар настаўнік Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, які даслаў мясцовую “самвыдатаўскую” газэту “Дуброўскі настрой”. У гэтай газэце, якую самі аўтары называюць “баявым лістком”, я зьвярнуў увагу на дзьве невялікія заметкі ў разьдзеле “Тутэйшыя здарэньні”:

“У пэнсіянэраў Фаіны ды Васіля невядомы зламысьнік пакраў нарыхтаваныя на зіму слоікі з кансэрваванай гароднінай, — паведамляе газэта. — Падазраюць, што гэта справа рук адной кабеціны, але гэта — толькі меркаваньні. Дробны крадзеж кансэрваванай прадукцыі ў Дуброве стаў ужо як бы звычайнай зьявай. Злодзея часам знаходзяць, а часам — не”.

І яшчэ адно кароткае паведамленьне з гэтага ж разьдзелу вясковай крымінальнай хронікі:

“Паўтара пуда мяса нядаўна забітага вепручка зьнікла зь лядоўні Міхаіла Д. Здарылася гэта, як мужык і жонка былі на працы. Зламысьнік здолеў адчыніць дзьверы і зрабіць татальны пошук грошай ды дабра ў хаце. Але, не знайшоўшы нічога, вартага ўвагі, забраў мяса. Адметна, што на сала паганец не паквапіўся. Мо, дыетчык які: халестэрыну баіцца”.

Як усё ж мяняюцца норавы ў вёсцы… Яшчэ нядаўна, некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, пра падобныя здарэньні ў вёсках увогуле не было чуваць. Несьлі з калгасу — гэта было заўсёды. І асаблівым грахом ніколі не лічылася, бо ў калгасе людзей абіралі ня менш — з таго самага моманту, як зруйнавалі асабістыя гаспадаркі. Але крадзеж ежы з хаты ў суседзяў, аднавяскоўцаў — такога ў беларускіх вёсках раней не было.

На маёй радзіме на Гарадзеншчыне да нядаўняга часу запасы бульбы да гародніны мясцовыя жыхары бяз боязі захоўвалі ў ямах і буртах за вёскай — без усялякага нагляду. Але ў апошнія гады і там стала чуваць пра выпадкі, калі на гэтыя бурты знаходзіцца сквапнае вока. Праўда, крадуць не тутэйшыя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG