Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне будзе сёньня абмяркоўвацца ў Страсбуры


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Страсбуры, дзе 4-га ліпеня адкрылася чарговая сэсія Эўрапарлямэнту, будуць разглядаць сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта нашаму радыё паведаміў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю парлямэнтар з Польшчы Богдан Кліх. Паводле яго, галоўным пры абмеркаваньні будзе сытуацыя са свабодай мэдыяў у краіне й шляхі атрыманьня жыхарамі Беларусі праўдзівай інфармацыі.

У якім фармаце эўрапейскія дэпутаты мяркуюць дыскутаваць пра сытуацыю Ў Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Богдана Кліха ўчора дзесьці каля трэцяй гадзіны дня па менскім часе, калі ён накіроўваўся на сваім аўтамабілі ў Страсбур. Зразумела, гаворка была вельмі кароткай. І вось што паведаміў кіраўнік дэлегацыі ў сувязях зь Беларусьсю:

(Кліх:) "Дыскусія адбудзецца ва аўторак ўвечары, а 19-й гадзіне. А галасаваньне рэзалюцыі будзе ў чацьвер, а 12-й гадзіне. Я ня думаю, што дыскусія будзе вострай. Але яна, я думаю, будзе зьмястоўнай".

Праўда, сытуацыя зьмяняецца вельмі хутка. Учора позна ўвечары з Страсбуру прыйшла інфармацыя пра тое, што дэбаты пачнуцца не а 19-й, а аж а 23-й гадзіне. Гэта зьвязана з тым, што перад дэпутатамі зьбіраецца выступіць камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях былы міністар замежных справаў Аўстрыі спадарыня Беніта Фэрэра-Вальднэр. І, дарэчы, беларускую рэзалюцыю цяпер ужо зьбіраюцца прымаць не ў чацьвер, а ў сераду.

Доўгі час лідэрам ў беларускіх справах была Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, асабліва калі ёй кіраваў Адрыян Севярын. Потым да беларускіх справаў далучылася Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы. Менавіта яна прыпыніла сяброўства Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі пасьля правядзеньня так званага рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году. Апошнія год-два становішчам у Беларусі сур’ёзна зацікавіўся і Эўрапарлямэнт. Вось што гаворыць з гэтай нагоды намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які курыруе ў АГП міжнародныя пытаньні:

(Раманчук:) "Эўрапейскі парлямэнт зьяўляецца найбольш прагрэсіўным органам у адносінах зь Беларусьсю. Там існуе спэцыяльная група ў сувязях зь Беларусьсю, якая прыняла вельмі добрую рэзалюцыю адносна сытуацыі ў нашай краіне. Яна зьяўляецца лякаматывам сярод усіх эўрапейскіх структураў і актыўна ставіць беларускае пытаньне ў Эўрапарлямэнце ды Эўразьвязе. Я лічу, што актыўнасьць спадара Кліха й ягоных сябраў -- гэта вельмі добры знак. Яны зьяўляюцца ініцыятарамі таго, каб Эўрапейскі зьвяз выйшаў за рамкі тых праграмаў і інстытутаў новага суседзтва, якія працуюць зь іншымі эўрапейскімі краінамі. Яны жадаюць распрацаваць і прыняць праграму, якая прывяла б да дэмакратызацыі Беларусі. Эўрапарлямэнт і спадар Кліх вельмі добра разумеюць становішча ў нашай краіне".

Паводле словаў спадара Кліха, галоўным пры абмеркаваньні ў Страсбуры гэтым разам будзе сытуацыя са свабодай мэдыяў у краіне й шляхі атрыманьня жыхарамі Беларусі праўдзівай інфармацыі. Вось што гаворыць Мікола Маркевіч галоўны рэдактар газэты "День" -- журналіст, які за сваю прафэсійную дзейнасьць больш за год адбыў на так званай "хіміі"

(Маркевіч:) "Я наагул лічу, што пытаньне інфармацыі сёньня зьяўляецца ключавым для беларускай -- проста ўнікальнай -- сытуацыі. Для той сытуацыі, у якой апынулася грамадзтва -- дэзарыентаванае, у якога сёньня ёсьць толькі ілжывыя ды хлусьлівыя арыентыры, якія паказваюць журналісты, чыю працу аплочвае Аляксандар Лукашэнка і якія ўводзяць у зман грамадзтва, дэмаралізуюць яго й разбэшчваюць. І мне падаецца, што стварэньне (пры ўмове, канешне, што Эўразьвяз адважыцца на такі рашучы крок) інфармацыйнай альтэрнатывы для Беларусі -- гэта вызначальны й прынцыповы момант, які, як мне падаецца, дасьць магчымасьць людзям адэкватна ўспрыняць тое, што адбываецца ў сваёй краіне, адэкватна ўспрыняць тое, што адбываецца за яе межамі. І потым, у часы нейкіх палітычных выпрабаваньняў, зрабіць свой правільны, свой слушны, рацыянальны й лягічны выбар".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG