Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі легалізаваны аднаполыя шлюбы


Кастусь Бандарук, Прага Ніжняя палата гішпанскага парлямэнту канчаткова прыняла закон, які дазваляе геям і лесьбіянкам браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей. Гішпанія стане чацьвертай пасьля Бэльгіі, Галяндыі й Канады краінай, у якой гомасэксуальныя сужэнствы будуць мець тыя самыя правы, што й гэтэрасэксульныя.

За галасаваньнем у будынку гішпанскага парлямэнту ўважліва сачылі прадстаўнікі гомасэксуальных асяродзьдзяў і з энтузіязмам прынялі вынік. 187 дэпутатаў прагаласавалі “за”, 147 былі “супраць”.

“У гэтым сэнсе мы ня першая і, я ўпэўнены, не апошняя краіна”, – заявіў прэм’ер-сацыяліст Хасэ Люі Радрыгес Сапатэра, які быў гарачым прыхільнікам закону. Прэм’ер назваў закон перамогаю для ўсіх і выказаў спадзяваньне, што дзякуючы яму гішпанскае грамадзтва стане лепшым.

Гішпанія сапраўды ня першая краіна, якая ўхваліла такі закон. У аўторак парлямэнт Канады прыняў аналягічны закон – у канцы ліпеня ён набудзе статус фэдэральнага закону. Рымска-каталіцкая царква, мусульмане й сікхі выступалі катэгарычна супраць канадзкага закону, цьвердзячы, што ён разбурыць фундамэнты традыцыйнай сям’і. Яшчэ раней законы аб зраўноўваньні ў правох гомасэксуальных сужэнстваў з традыцыйнымі прынялі Бэльгія й Галяндыя.

Прыняцьце Гішпаніяй закону аб гомасэксуальных сужэнствах стала вялікай паразай правых сілаў і каталіцкай царквы. 94 % гішпанцаў – каталікі, хаця і ў большасьці – намінальныя. Кансэрватары ў парлямэнце хацелі захаваць статус-кво – застацца пры ранейшым кампрамісным законе, які легалізоўваў саюзы геяў і лесбіянак, але ўсяго як “грамадзянскія саюзы”. У сераду, 22 чэрвеня, закон, ужо прыняты Кангрэсам дэпутатаў, адхіліў гішпанскі Сэнат. Аднак ніхто не сумняваўся, што дзякуючы большасьці ў парлямэнце сацыялістам ўдасца-такі правесьці закон.

Адбылося гэта на фоне бурных пратэстаў. У суботу ў Мадрыдзе супраць закону аб гомасэксуальных сужэнствах пратэставалі каля 200 тысяч чалавек. Да дэманстрацыі заклікалі Гішпанскі форум сям’і, рымска-каталіцкая царква, правацэнтрысцкая Народная партыя, а таксама каля тысячы няўрадавых арганізацыяў з 27 краінаў сьвету. Сярод удзельнікаў быў архіяпіскап Мадрыду і 18 ярархаў. Арганізатары заяўлялі аб падтрымцы з боку праваслаўнай царквы, пратэстантаў і габрайскай супольнасьці. Дэманстранты несьлі плякаты з надпісамі “Сям’я – гэта важна”, “За правы бацькі й маці”, а таксама з цытатамі з прамоваў былога папы Яна Паўла ІІ пра сям’ю.

Прадстаўнік гішпанскага епіскапату Хуан Антоніё Каміна заявіў, што цягам двух тысячагодзьдзяў царква не сутыкылася з такой сытуацыяй. “Рэформа цывільнага кодэксу ня проста дае гомасэксуальным саюзам аднолькавыя правы з гетэрасэксуальнымі, але і ўвогуле выкрэсьлівае паняцьце традыцыйнага сужэнства, якое разумеецца як саюз мужчыны й жанчыны. Да такога не дадумаліся нават ў Бэльгіі, Галяндыі й Канадзе”, – сказаў Хуан Каміна.

Аднак віцэ-прэм’ер Марыя Тэрэза дэ ля Вэга заявіла, што, “выступаючы супраць закону, дэманстранты тым самым адмаўляюць у роўных правох іншым”. “Зьмена цывільнага кодэксу, які дае гомасэксуалістам магчымасьць браць шлюб, не прымушае нікога рабіць таго, чаго ён ня хоча”, – сказала яна. Таварыства геяў і лесьбіянак таксама заявіла, што “пратэстуюць тыя, хто не разумее, што закон ўстанаўляецца ня вернікамі паасобных канфэсіяў, а парлямэнтам як выразнікам волі грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG