Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш ня хоча называць канкрэтнай даты вываду войскаў з Іраку


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У тэлевізійным звароце да народу ў аўторак прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што перамога ў ірацкім канфлікце гэта ключавая справа для будучай бясьпекі Злучаных Штатаў. Шукаючы падтрымкі для вайны ў Іраку Буш параўнаў ірацкіх паўстанцаў да тэрарыстаў, якія ўчынілі замахі 11 верасьня 2001 году. Радыё Свабода высьвятляла рэакцыю на прамову амэрыканскага прэзыдэнта чыноўнікаў і палітыкаў на Каўказе, Сярэдняй Азіі і ў Аўганістане.

Доктар Ранджын Дадфар Спанта дарадца прэзыдэнта Аўганістану Хаміда Карзая ў справах міжнародных дачыненьняў. На ягоную думку Злучаным штатам патрэбна больш часу ў Іраку, а дэмакратычны і міралюбівы Ірак дапамог бы стабілізаваць сытуацыю на большай частцы Блізкага Ўсходу, уключна з Аўганістанам.

(Спанта: ) “Ад дэмакратызацыі Іраку Аўганістан выйграе. Параза тэрарызму ў Іраку фактычна дапаможа перамагчы тэрарызм у Аўганістане і наадварот – параза тэрарызму ў Аўганістане дапамагла б перамагчы тэрарызм у Іраку”.

Так доктар Спанта пракамэнтаваў зварот Джорджа Буша, які заявіў, што ахвяры, якія ЗША нясуць каб перамагчы ў Іраку, не дарэмныя. Прамаўляючы перад салдатамі ў вайсковай базе Форт Брэг, што ў штаце Паўночная Караліна, Буш адкінуў патрабаваньні ўсталяваць графік вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку. Амэрыканскі прэзыдэнт заявіў, што войскі застануцца ў Іраку да часу, пакуль ірацкія сілы ня будуць здольныя самастойна абараніць маладую ірацкую дэмакратыю.

Джордж Буш дадаў, што ЗША будуць дапамагаць іракцам пабудаваць вольную краіну, якая будзе саюзьнікам Вашынгтону ў барацьбе супраць тэрарызму і саюзьнікам у пашырэньні ідэі свабоды на Блізкім Усходзе.

Расім Мусабекаў, лідэр азэрбайджанскай апазыцыйнай партыі “Мусават” згодны, што амэрыканскія войскі павінны застацца ў Іраку, пакуль ня выканаюць сваю місію.

(Мусабекаў: ) “Калі амэрыканскія войскі выйдуць з Іраку раней, сытуацыю ў рэгіёне ня можна будзе апанаваць. Гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў і на суседнія краіны і на ўвесь сьвет”.

Скончыць місію гэта, як падкрэсьліў Джордж Буш, азначае, што амэрыканскія войскі павінны не дапусьціць, каб тэрарысты зрабілі з Іраку краіну, падобную да Аўганістану пад кіраўніцтвам Талібану.

Доктар Ранджын Дадфар Спанта, аднак, адзначае, што сытуацыя ў Іраку і Аўганістане адрозьніваецца тым, што ў Аўганістане большасьць людзей ня супраць амэрыканскай прысутнасьці ў сваёй краіне, сярод іншага і таму, што амэрыканскія войскі ўвайшлі ў Аўганістан ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамоўленасьцямі.

Што да Сярэдняй Азіі, дык лідэр кіргізскай партыі Справядлівасьці і прагрэсу, былы міністар замежных справаў Кіргізстану, доктар Муратбек Іманаліеў згодны, што ЗША павінны застацца ў Іраку на значна даўжэйшы тэрмін. Паводле ягоных словаў, для стабілізацыі сытуацыі ў Іраку патрэбныя прынамсі 5 гадоў.

У сваю чаргу дэпутат прапрэзыдэнцкай фракцыі казахскага парлямэнту Сэрык Абдракхманаў крытычна ставіцца да мэтадаў, якія ўжываюць амэрыканцы ў барацьбе з тэрарызмам.

“Нельга змагацца супраць тэрарызму пры дапамозе тэрарызму”, – заявіў Абдракхманаў.

Джордж Буш выступіў з прамовай у справе Іраку ў той час, як апытаньні паказваюць, што ягоная папулярнасьць дасягнула найніжэйшай адзнакі за ўвесь час прэзыдэнцтва, сярод іншага, з-за таго, што ў ЗША расьце занепакоенасьць сытуацыяй у якой амэрыканцы апынуліся ў Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG