Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі лідэр “Маладога фронту” мяркуе прасіць прытулку ў Бэльгіі (абноўлены)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Паводле словаў маладафронтаўцаў-сяброў Яніса Чучмана, беспасярэдняй прычынаю тэрміновага ад’езду маладога палітыка за мяжу стаў міліцэйскі ды судовы перасьлед яго за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Старшыня віцебскага “Маладога фронту” 21-гадовы Яніс Чучман выехаў у Бэльгію з мэтаю папрасіць там палітычнага прытулку. На працягу апошніх чатырох гадоў ён быў актыўным удзельнікам апазыцыйных акцыяў. Упершыню Чучмана пакаралі за распаўсюджваньне ўлётак у часе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

Пра гэта расказаў Янісаў сябар, таксама віцебскі маладафронтавец Кастусь Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Ён толькі прыйшоў у “Малады фронт”, і адразу празь некалькі дзён яго затрымалі ў школе, дзе ён распаўсюджваў улёткі. Па яго прыехалі АМОНаўцы з дубінкамі, і потым Яніса некалькі гадзінаў трымалі ў пастарунку. Тады ён быў яшчэ непаўналетні. Пасьля Яніса затрымлівалі яшчэ ня раз – і за распаўсюджваньне ўлётак, і за зьбіраньне подпісаў. Сёлета яго таксама затрымлівалі, апошні выпадак быў у часе акцыі на знак падтрымкі Міколы Статкевіча й Паўла Севярынца. Тады Яніса затрымалі за тое, што ён распаўсюджваў улёткі, зьмест якіх нібыта наносіць шкоду грамадзтву, грамадзкаму ладу”.

На момант затрыманьня 22 чэрвеня, пра што апавядаў маладафронтавец Кастусь Кузьняцоў, на Яніса Чучмана ўжо была заведзеная судовая справа. Супрацоўнікі Першамайскага райаддзелу ініцыявалі яе на падставе артыкулу ў газэце “Витебский курьер”. У публікацыі расказвалася пра тое, што 5 траўня віцебскія маладафронтаўцы зладзілі акцыю “Свабоду палітвязьням!”, а таксама цытаваліся словы Яніса Чучмана пра салідарнасьць з затрыманымі ў часе “Чарнобыльскага шляху” аднадумцамі.

Янісу Чучману пагражала пакараньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама спагнаньне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі й распаўсюджваньне ўлётак. Таму, як кажа Кастусь Кузьняцоў, Яніс і прыняў рашэньне выехаць зь Беларусі.

(Кузьняцоў: ) “Было відаць, што яму цяжка ад’яжджаць, цяжка разьвітвацца з родным. Пагатоў што на Беларусь у хуткім часе ён, хутчэй за ўсё, ня вернецца, бо думае прасіць палітычнага прытулку ў Бэльгіі”.

Яніс Чучман стаў сёлета першым палітычным уцекачом зь Віцебску. У Бэльгію ў свой час выехалі колішні віцебскі сябар КХП-БНФ Зьміцер Піменаў – цяпер старшыня Беларуска-эўрапэйскага задзіночаньня, а таксама некалькі прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай і сацыял-дэмакратычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG