Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Іране -- параза рэфарматараў


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Міністэрства ўнутраных справаў Ірану пацьвердзіла, што ўльтракансэрватыўны мэр Тэгерану Махмуд Ахмадынэджад перамог у прэзыдэнцкіх выбарах у гэтай краіне, атрымаўшы каля 62% галасоў. Ягонага суперніка, былога прэзыдэнта Ірану Акбара Хашэмі Рафсанджані падтрымалі каля 36% выбарцаў.

Перамога Махмуда Ахмадынэджада -- гэта параза рэфарматараў, якія падтрымлівалі Рафсанджані і чарговая перамога іранскіх кансэрватараў, якія атрымалі кантроль над яшчэ адным выбарным органам – кансэрватары ўжо маюць большасьць у парлямэнце. Адначасова пашыраецца поле дзеяньняў для мусульманскага кліру, які і так мае вырашальнае слова калі прымаюцца найважнейшыя дзяржаўныя рашэньні.

49-ці гадовы Ахмадынэджад – сын каваля, былы афіцэр іранскіх спэцыяльных сілаў і камандзір ісламскай Рэвалюцыйнай гвардыі -- належыць да новага пакаленьні іранскіх палітыкаў, цалкам адданых духоўна-палітычнаму лідэру Ірану Аятале Хамэнэі.

У другі тур выбараў, які прайшоў у Іране ўпершыню ў гісторыі, Ахмадынэджад патрапіў дзякуючы падтрымцы пераважна пабожных бедных іранцаў, якіх значна больш непакоіць адсутнасьць працы, чым адсутнасьць грамадзянскіх свабодаў. У часе перадвыбарчай кампаніі новы іранскі прэзыдэнт абяцаў дапамагаць бедным і шанаваць прынцыпы ісламскай рэлігіі.

Пасьля сканчэньня галасаваньня Махмуд Ахмадынэджад заявіў журналістам, што Іран хоча мець добрыя стасункі з усімі краінамі, якія не займаюць варожую пазыцыю ў дачыненьні да Ірану. Цягам апошніх месяцаў Ахмадынэджад зьмякчыў сваю пазыцыю і заклікаў да паляпшэньня дачыненьняў з Захадам, у тым ліку і з ЗША, якія ня маюць дыпляматычных стасункаў з Тэгеранам ад часу ісламскай рэвалюцыі ў 1979 годзе.

Камэнтуючы перамогу мэра Тэгерану, адзін з іранскіх аналітыкаў, што займаецца міжнароднымі дачыненьнямі, Карым Саджадпур заявіў, аднак, што перамога Ахмадынэджада “зачыніць дзьверы для пералому ў дачыненьнях паміж ЗША і Іранам”.

“На маю думку Ахмадынэджад менш схільны да кампрамісу ў справе іранскай ядзернай праграмы, хаця невядома, які ён будзе мець на гэта ўплыў”, - адзначыў Карым Саджадпур.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Іране мае яшчэ зацьвердзіць найвышэйшы кантрольны орган Ірану – Рада вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG