Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура вырашыла прадоўжыць расьсьледаваньне гучных справаў Зьмітра Завадзкага і Веранікі Чаркасавай


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці ёсьць у справе аб зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзскага ізраільскі сьлед і якія новыя вэрсіі забойства беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай? Гэтыя пытаньні узьніклі пасьля ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча.

23 чэрвеня ў пракуратуры Беларусі агучылі некаторыя падрабязнасьці злачынстваў, у якіх пацярпелі журналісты. Пра справу апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага паведамілі, што сьледчыя езьдзілі ў нейкую замежную камандзіроўку. А ў справе пра забойства журналісткі газэты "Салідарнасьць" Веранікі Чаркасавай, паводле пракуратуры, фігуруе “да дзесяці вэрсіяў”. Куды маглі накіравацца сьледчыя, якія высьвятляюць лёс Зьмітра Завадзкага, і якія новыя вэрсіі зьявіліся ў справе Веранікі Чаркасавай?

Нагадаю, Зьміцер Завадзкі зьнік у ліпені 2000 году пры загадкавых абставінах. У менскім аэрапорце быў знойдзены аўтамабіль журналіста, але самога яго больш ніхто ня бачыў. Праз год пасьля пачатку расьсьледаваньня былі затрыманыя былыя спэцназаўцы Ігнатовіч, Гуз і Малік, якія займаліся рэкетам, забойствамі і рабаўніцтвам. Іх і прызналі вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага. Асноўным падазраваным далі пажыцьцёвае зьняволеньне, але засталіся без адказаў галоўныя пытаньні: навошта выкрадалі журналіста і што зь ім зрабілі?

На маё пытаньне пра нібыта замежны сьлед у справе сына маці зьніклага журналіста Вольга Завадзкая згадала наступнае.

(Завадзкая: ) “Ня ведаю, што можна рабіць за мяжой, якую камандзіроўку яны прыдумалі?!.. Праўда, там, у Ізраілі, цяпер адзін, які ў справе праходзіў, Рыгор нейкі… Ён праходзіў па справе, быў зьвязаны з золатам, і быццам фігураваў і ў Дзімінай справе, але ён зьехаў у Ізраіль, і там канцы ў ваду”.

Як ўдалося высьветліць, у справе аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага сапраўды фігураваў нейкі былы спэцназавец Рабцэвіч. Гэты чалавек, паводле Вольгі Завадзскай, меў дачыненьне ці то да аўтамабіля, на якім езьдзіла групоўка Ігнатовіча, ці то да золата, якое фігуравала ў справе. Але маці зьніклага журналіста ня думае, што сустрэча сьледчых з Рабцэвічам у Ізраілі праліе дадатковае сьвятло на лёс сына. “Яго трэба шукаць ў Беларусі, а езьдзіць ў Ізраіль – значыць, губляць час і рабіць выгляд, што нешта робіцца. Гэтак можна езьдзіць па ўсім сьвеце за знаёмымі ці сваякамі падазраваных і пасьпяхова рапартаваць, што расьсьледаваньне працягваецца", – заявіла Радыё Свабода Вольга Завадзкая.

Стрымана пракамэнтавала заяву пракуратуры пра дзесяць вэрсіяў забойства Веранікі Чаркасавай яе маці Дыяна Чаркасава.

(Чаркасава: ) “Ведаю, раней у іх была толькі адна ці дзьве вэрсіі, а адкуль узяліся дзесяць? Гэта трэба мець вялікую фантазію. Раней у іх была адна мэта – зрабіць вінаватым сына ды айчыма. Паколькі яны знайшлі Вераніку, таму аўтаматычна сталі першымі падазраванымі. На гэтым усё будавалася. А ў нас няма ані новых вэрсіяў, ані новых фактаў. Усё, што ёсьць – гэта ў іх, але яны пра гэта, мяркую, ня скажуць”.

Сапраўды, пасьля забойства журналісткі ў кастрычніку мінулага году сьледзтва ў якасьці асноўнай разглядала пабытовую вэрсію, паводле якой да сьмерці журналісткі могуць мець дачыненьні яе сын Антон Філімонаў альбо айчым Уладзімір Мялешка. Учора прагучала, што сын Веранікі Чаркасавай ужо не фігуруе ў якасьці падазраванага ў забойстве. Дыяна Чаркасава пацьвердзіла гэтыя зьвесткі і сказала, што падобная пастанова сьледзтва прынятая і адносна Ўладзімера Мялешкі. Маці забітай журналісткі нагадала, што толькі праз суд удалося адмяніць пастанову сьледзтва аб прымусовай псыхічнай экспэртызе яе ўнука Антона Філімонава. Цяпер Антон у Менску, ён пасьпяхова скончыў чарговы кляс школы, да сьледчага на допыты яго больш не выклікаюць.

Нагадаю, сярод іншых фігуруе вэрсія аб ірацкім сьледзе ў забойстве журналісткі. Гэтая вэрсія грунтуецца на тым, што Вераніка Чаркасава як журналістка пабывала ў Іраку і нібыта зьбірала зьвесткі пра продаж беларускай збоі рэжыму Садама Хусэйна. У беларускіх мэдыях шмат пісалася пра тое, што забойства журналісткі было зроблена прафэсійна. Падобныя справы, прызнаюць адмыслоўцы, альбо раскрываюць па гарачых сьлядах адразу альбо не раскрываюць ніколі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG