Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет пры прэзыдэнце Расеі даслаў адкрыты ліст Лукашэнку


Алесь Дашчынскі, Менск Савет пры прэзыдэнце Расеі ў справе спрыяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правам чалавека накіраваў адкрыты ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. У ім асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў, якія парушаюць правы беларусаў і расейцаў.

Гэтая грамадзкая структура, якой кіруе Эла Памфілава, выказвае глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй ў сфэры грамадзянскіх правоў і свабодаў ў Беларусі. У лісьце да А. Лукашэнкі гаворыцца, што “расьсьледаваньні зьніклых беларускіх палітыкаў дагэтуль носяць фармальны характар, не набліжаючы беларускую і сусьветную грамадзкасьць да праўды пра лёс Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца вядомыя грамадзкія дзеячы – Міхаіл Марыніч, Валера Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, асуджаныя Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч, заведзеныя крымінальныя справы супраць Сяргея Скрабца і Гары Паганяйла, ідзе суд над Андрэем Клімавым.” Выбарчае заканадаўства і практыка яго прымяненьня ў Беларусі не забясьпечвае легітымнага выніку народнага волевыяўленьня.

Як гаворыцца ў лісьце, сытуацыя, якая склалася ў саюзнай краіне нэгатыўна ўплывае на адносіны Расеі з эўрапейскай і сусьветнай супольнасьцю. “Заявы пра саюзныя адносіны з Расеяй, якія гучаць з вуснаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, на жаль, на практыцы суправаджаюцца шчыра несяброўскімі крокамі”, – адзначаецца ў дакумэнце.

Плянамернае парушэньне правоў расейскіх журналістаў, выцясьненьне расейскіх мэдыяў ствараюць уражаньне спробы стварыць вакол Беларусі інфармацыйную “жалезную заслону”. Выклікаюць занепакоенасьць факты парушэньня правоў расейскіх грамадзянаў ў Беларусі. Расейцы сталі ахвярамі свавольства на беларускай мяжы. За мінулы год сума канфіскаванай маёмасьці расейцаў дасягнула 80 мільёнаў даляраў. З-за дзеяньняў беларускай мытні пад пагрозай апынуўся транзытны калідор з Калінінградзкай вобласьцю,– зазначаецца ў дакумэнце.

Паводле Савету пры прэзыдэнце Расеі ў справе спрыяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, “штодня павялічваецца колькасьць расейцаў, якія зьвяртаюцца ў Савет па дапамогу ў сувязі з парушэньнем іх правоў на тэрыторыі Беларусі. Пад час расьсьледаваньняў па крымінальных справах дапускаюцца вельмі грубыя парушэньні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Асуджаныя расейцы ў беларускіх калёніях пазбаўленыя права рэалізаваць свае грамадзянскія правы. Кіраўніцтва Беларусі выставіла заслону сем’ям: дзеці, якія жывуць ў Расеі цяпер не маюць магчымасьці дапамагчы сваім састарэлым бацькам у Беларусі”.

“На жаль, за агульнымі словамі пра дружбу, на якія вы надта шчодрыя, хаваецца зусім іншая – несяброўская – палітыка”, – гаворыцца ў адкрытым лісьце Савета пры прэзыдэнце Расеі да Лукашэнкі.

Паводле сябра Савета, дырэктара асацыяцыі палітычнага кансультаваньня Сяргея Маркава гэты адкрыты ліст, натуральна, не адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю Расеі.

(Маркаў: ) “Гэта пазыцыя многіх грамадзкіх і палітычных дзеячаў, якія ўваходзяць у Савет пры прэзыдэнце Расеі. Ці прыслухаецца да яго ўлада, пакуль цяжка сказаць. Савет зьяўляецца даволі ўплывовым, але ён не адлюстроўвае дзяржаўную палітыку. Мы спадзяемся, што гэта тэма стане ўсё больш і больш выходзіць на першы плян у расейска-беларускім дыялёгу і паступова будзе ўзмацняцца ціск на Лукашэнку ў сувязі з даволі сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG