Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны намесьнік галоўнага лекара вэнэралягічнага дыспансэру


Любоў Лунёва, Менск Пракуратура распачала крымінальную справу супраць намесьніка галоўнага лекара Менскага скурна-вэнэралягічнага дыспансэру Эдуарда Ткачова. Яго падазраюць у хабарніцтве. Былога кіраўніка трымаюць за кратамі сьледчага ізалятару. У сьледчых пракуратуры Маскоўскага раёну Менску гэта трэцяя крымінальная справа за хабарніцтва на чыноўніка высокага рангу за апошнія чатыры месяцы.

Намесьніка галоўнага лекара Эдуарда Ткачова затрымалі 19 чэрвеня на працоўным месцы ў службовым кабінэце апэратыўнікі сьледчага аддзелу ўпраўленьня ўнутраных справаў Маскоўскага раёну. Паводле крымінальнай справы, намесьнік галоўнага лекара, які адказваў за гаспадарчую дзейнасьць, атрымаў хабар 800 амэрыканскіх даляраў. Мэдпэрсанал даведаўся аб тым, што адбылося, толькі пасьля выходных. Супрацоўнікі кажуць, што арышт кіраўніка выклікаў у іх шок. Эдуарда Ткачова добра ведаюць і ня могуць паверыць, што ён зьдзейсьніў злачынства.

(Вольга: ) “Мы сапраўды ўсе ў шоку. Мы ня ведаем, як такое магло здарыцца… Ніякіх ні падазрэньняў, ні падставаў. Вельмі добры чалавек”.

Менскі вэнэралягічны дыспансэр займае вядучае месца ў мэдычнай навукова-дасьледчай дзейнасьці. Ён быў заснаваны ў 1923 годзе. На 530 чалавек мэдпэрсаналу даводзіцца 385 месцаў у стацыянары, паліклініка і чатыры амбуляторныя аддзяленьні. Эдуард Ткачоў кіраваў тэхнічнай базай шпіталю. Супрацоўнікі ня ведаюць, хто і за якія паслугі мог даваць хабар намесьніку дырэктара ў гаспадарчай працы. Як адну з вэрсіяў называюць рамонт будынку шпіталю. Магчыма, адна з рамонтных фірмаў магла такім чынам лабіраваць атрыманьне кантракту на рамонтныя працы.

Сьледчыя маскоўскай пракуратуры пакуль не камэнтуюць арышту Эдуарда Ткачова, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва.

Маскоўская пракуратура расьсьледуе самую вялікую колькасьць справаў па хабарніцтве ў параўнаньні зь іншымі раённымі пракуратурамі Менску. Самі супрацоўнікі пракуратуры галоўнымі прычынамі гэтага называюць тое, што на тэрыторыі раёну знаходзіцца самая вялікая колькасьць міністэрстваў і буйных прадпрыемстваў, а таксама добрую апэратыўную працу. Аднак выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак лічыць, што апэратыўная праца ў такіх справах мае свае адмоўныя асаблівасьці.

(Гулак: ) “У нашым заканадаўстве існуе такое паняцьце, як “апэратыўны экспэрымэнт”. Ён настолькі недакладна прапісаны і настолькі шырока ўжываецца на практыцы, што гэта даволі часта стаіць побач са звычайнай правакацыяй, а часам і ёсьць правакацыяй. Доказы, атрыманыя такім шляхам, прымаюцца для вынясеньня абвінаваўчых прысудаў. Хаця, з аднаго боку, закон аб міліцыі забараняе правакацыю. Галоўнае, каб доказы, здабытыя такім шляхам, не дапускаліся судамі”.

Калі ў судзе будзе даказаная віна Эдуарда Ткачова, ён можа апынуцца за кратамі на тэрмін ад 6 да 10 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG