Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэатры могуць прыцягнуць у суды за кантрафактны рэпэртуар?


Ігар Карней, Менск У амэрыканскім Сыэтле завяршылася сэсія тэатральнага зьвязу ЗША, які аб’ядноўвае больш за тысячу тэатраў, тэатральных ВНУ і фондаў падтрымкі мастацтва. Разам з актуальнымі пытаньнямі абмяркоўваліся праблемы парушэньня правоў тэатральных дзеячаў. Сярод краінаў, якія маюць найбольшыя праблемы са свабодай творчасьці, аўтарскімі правамі і сыстэматычным ціскам з боку дзяржаўных структураў, былі названыя Беларусь, Іран і Кітай. Тлумачэньні пра сытуацыю ў Беларусі даваў драматург Андрей Курэйчык — адзіны беларускі дэлегат на тэатральным форуме.

Адзін з галоўных вынікаў сэсіі — утварэньне камісіі ў справе дасьледаваньня фактаў парушэньня правоў тэатральных дзеячаў. Да Беларусі ў гэтым пытаньні ўвага асабліва пільная, паколькі, як засьведчыў маніторынг беларускіх тэатраў, амэрыканскія аўтары нават ня ведалі, што іх п’есы ставяцца ў Беларусі. Калега прысутнага на сэсіі драматурга Андрэя Курэйчыка, Мікалай Халезін, кажа, што рэпэртуар асобных беларускіх тэатраў “кантрафактны” больш як напалову.

(Халезін: ) “Гэта канстатацыя факту. А сама гэтая тэма будзе ўздымацца на ўсіх узроўнях. Прыкладам, мы правялі маніторынг Расейскага тэатру, і аказалася, што на дзьве траціны рэпэртуар — гэта кантрафактная прадукцыя”.

Паводле Халезіна, факты неліцэнзійных пастановак у беларускіх дзяржаўных тэатрах п’есаў Тэнэсі Ўільямса, Артура Копіта, Джона Патрыка, Вудзі Алена ды іншых аўтараў былі ўспрынятыя досыць балюча: тэатральная грамадзкасьць даўно жыве па іншых законах, паводле якіх за інтэлектуальную ўласнасьць трэба плаціць.

У гэтым зьвязку актор Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру, народны артыст Расьціслаў Янкоўскі параўноўвае цяперашнюю сытуацыю з савецкім часам, калі на аўтарскія правы ніхто не зважаў.

(Янкоўскі: ) “Раней, у час Савецкага Саюзу, як усё адбывалася? Мы ж нічога не прызнавалі: ставілі, што хацелі і як хацелі. Юрыдычна, як і што павінна адбывацца, мы ня ведаем дагэтуль. Ёсьць агульнае ўказаньне: празь пяцьдзясят гадоў пасьля сьмерці аўтара можна ставіць без грашовых адлічэньняў. У іншым выпадку трэба зьвязвацца з аўтарам, дамаўляцца пра парадак аплаты. Але ўвогуле мы цяпер у дурным становішчы — не таму, што спэцыяльна парушаем правы, а проста ня ведаем гэтай спэцыфікі”.

Якія наступствы могуць быць для беларускіх тэатраў у выпадку, калі патрабаваньні тэатральнай супольнасьці і надалей будуць ігнаравацца? Пра гэта апавядае Мікалай Халезін:

(Халезін: ) “Размова ідзе вельмі жорсткая, на ўзроўні ўльтыматумаў. І ў выпадку, калі будуць паўтарацца факты нявыплаты ганарараў за п’есы, будуць пададзеныя ў эўрапейскія суды буйныя пазовы, бадай, нават не адэкватныя тым укладаньням, якія маглі б быць. Упершыню настолькі жорсткая размова”.

Як стала вядома, удзельнікі тэатральнай сэсіі ў ЗША вырашылі правесьці кансультацыі з адвакацкімі бюро, якія спэцыялізуюцца ў пытаньнях абароны аўтарскіх правоў амэрыканскіх аўтараў за мяжой з мэтай прыцягненьня да адказнасьці некаторых беларускіх тэатраў і Міністэрства культуры, пад кантролем якога, уласна кажучы, тэатры і фармуюць свой рэпэртуар. Дарэчы, Расьціслаў Янкоўскі таксама зьдзіўлены, што Міністэрства культуры ставіцца да праблемы аўтарскіх адлічэньняў досыць абыякава.

(Янкоўскі: ) “Міністэрства культуры таксама пра гэта ведала. Мы ж з дазволу міністэрства працуем, ня самі ж гэта прыдумалі; мы ж не прыватны тэатар, а дзяржаўны. Так што пытаньне тут неадназначнае. Але, як мне падаецца, трэба дакладна юрыдычна разабрацца ў гэтым пытаньні. А то ўсе кіруюцца агульнай устаноўкай — пяцьдзясят гадоў пасьля сьмерці аўтара. Хоць ты сам увогуле здохні…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG