Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы беларускага адпачынку


Іна Студзінская, Менск У разгары сэзон адпачынкаў. Колькі каштуюць пуцёўкі ў беларускія санаторыі і базы адпачынку? Чаму ўсё часьцей суайчыньнікі аддаюць перавагу адпачынку за мяжой? Чаму беларускія турысты едуць адпачываць за мяжу праз расейскія турфірмы?

Ужо даўно не сакрэт, што адпачываць у беларускіх санаторыях і дамах адпачынку можа дазволіць сабе далёка ня кожны беларус. Возьмем самыя звычайныя заводзкія базы адпачынку. Паслухаем уражаньні чалавека, які нядаўна адпачываў у пансыянаце Менскага трактарнага заводу “Рудня”.

(Спадар: ) “Пуцёўка каштуе 385 тысяч рублёў. Туды ўваходзяць такія паслугі, як масаж, ванны, саўна”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўмовы, харчаваньне – як гэта ўсё было?”

(Спадар: ) “Сказаць, што вельмі добра – гэтага ня можна. Але ж мы прызвычаіліся ўжо да такіх умоваў. Я адпачываў нядаўна ў прафсаюзным санаторыі “Бярэзіна”, яны прыкладна на адным узроўні”.

Бальшыня санаторыяў знаходзіцца ва ўласнасьці Упраўленьня справамі прэзыдэнта. Сярод іх “Баравое”, “Сосны”, што на Нарачы, санаторыі ў Сочы, Туапсэ, Юрмале. Адзін дзень з трохразовым харчаваньнем у беларускіх санаторыях у чэрвені каштуе ад 20 даляраў і вышэй, у Сочы, Юрмале, Туапсэ – ад 24 да 34 даляраў. Такім чынам, пуцёўка на 20 дзён абыйдзецца пачынаючы ад 500 да 800 даляраў, і гэта яшчэ ня пік сэзону.

Экспэрт у пытаньнях турызму, рэдактар тыднёвіка “Туризм и отдых” Сяргей Плыткевіч наракае на адсутнасьць канкурэнцыі.

(Плыткевіч: ) “Калі казаць пра беларускія санаторыі, атрымліваецца так: зімой яны ня надта запоўненыя. Запоўненыя яны летам. Зразумела, гаспадары думаюць, што летам трэба атрымаць як мага больш грошай, таму што зімой будуць прастойваць, трэба купляць газу, мазут, будаваць, рамантаваць, ну і плюс падаткі. Фактычна, канкурэнцыі няма. Ёсьць здраўніцы і месцы адпачынку, якія адносяцца да кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, усё вырашаецца ў межах гэтай адміністратыўнай структуры, калі “Белпрафсаюзкурорт” – таксама. Калі б было многа прыватных санаторыяў, дамоў адпачынку, то ўсё б вырашаў попыт”.

Між тым, адпачыць у гэтых санаторыях ня так проста. Пуцёўкі ў галоўныя беларускія здраўніцы прадае падначалены Ўпраўленьню справамі прэзыдэнта цэнтар “Курорт”. Сёлета прэтэндэнтаў на адпачынак будзе фільтраваць адмысловая камісія. Гаворыць супрацоўніца цэнтру “Курорт”.

(Супрацоўніца цэнтру: ) “У нас у свабодным продажы нічога няма. Мы – структура Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта, таму трэба пісаць заяву, зьбіраць даведкі ў дактароў, а вырашаць будзе камісія – выдзеліць вам пуцёўку ці не”.

Традыцыйна, у ліпені, жніўні і верасьні ў лепшых беларускіх здраўніцах адпачывае чынавенства. Як правіла, па ільготных цэнах, за сымбалічную плату. А звычайныя беларусы ўсё часьцей выбіраюць адпачынак за мяжой, нягледзячы на тое, што сёлета кошты ўзрасьлі адсоткаў на 15-20. Таму нярэдка беларусы выбіраюць расейскія турфірмы -- там цэны іншыя. Распавядае супрацоўніца рэклямнай агенцыі Юлія.

(Юля: ) “Я ўжо ня першы год еду праз Маскву ў Турцыю, таму што розьніца ў коштах у 120 даляраў для мяне, як і для большасьці сярэдніх беларусаў, якія едуць у гатэль “тры зоркі”, вельмі істотная розьніца. Апрача таго, зараз, калі я вярталася, я дазналася, што некалькі соцень турыстаў, якія дабраліся да Турцыі, яшчэ ня ведаюць, як яны будуць вяртацца. Калі б у нас былі сапраўды рыначныя стасункі, кошты на фоне канкурэнцыі паўзлі б менш”.

12-дзённы адпачынак у турэцкім трохзоркавым гатэлі пры вылеце зь Менску абыходзіцца як мінімум у 500 даляраў, а праз расейскую турфірму, з вылетам з Масквы Юлія адпачывала за 370 даляраў.

Вось як гэта тлумачыць экспэрт у пытаньнях турызму Сяргей Плыткевіч.

(Плыткевіч: ) “Калі з Менску лятае адна авіякампанія “Белавія”, ёсьць элемэнтарная эканоміка. Калі самалёты лятаюць нячаста, калі вялікая колькасьць людзей у кампаніі, якіх таксама трэба карміць, лічацца даходы і расходы, выстаўляецца такая цана. А калі з той жа Масквы лятае маса рэйсаў, шмат авіякампаній, турэцкія, эгіпэцкія, і кожная кампанія проста вымушаная зьніжаць цэны на білеты. Бо законы рынку такія: калі твой білет будзе даражэйшы, чым у суседа, то купяць у суседа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG