Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абараніцца ад хамства на мяжы?


Ігар Карней, Менск Як і ўсюды ў сьвеце ў сэзон адпачынкаў, сотні беларусаў штодня ад’яжджаюць на марскія ўзьбярэжжы; сустрэчным курсам вяртаюцца тыя, хто ўжо адпачыў. Аднак, апроч уражаньняў ад знаёмстваў з новымі краінамі, турысты раз-пораз сутыкаюцца з рэаліямі ня вельмі гасьціннай сустрэчы у самой Беларусі. Чэргі на памежных пераходах, асабістыя дагляды на мытні, адсутнасьць элемэнтарных выгодаў у аэрапорце -- усё гэта накладае неспрыяльны адбітак на тых, хто яшчэ некалькі гадзінаў дагэтуль жыў станоўчымі эмоцыямі. Ці ёсьць магчымасьці засьцерагчыся ад хамства і перадузятасьці мытнікаў, памежнікаў, супрацоўнікаў аэрапортаў?

Падчас летняга адпачынку шмат хто мае сямейныя вакацыі. Ня ўсе бацькі рызыкуюць выпраўляцца з дзецьмі ў доўгія падарожжы аўтобусам, таму дзеці міжволі робяцца галоўнымі закладнікамі працэдураў памежнага ды мытнага кантролю ў аэрапортах. Разам з дарослымі яны стаяць у вялізных чэргах, доўга чакаюць, калі з самалёту выгрузяць багаж, а цяпер яшчэ і адчуваюць на сабе недахопы і без таго сьціплага сэрвісу аэрапорту “Менск-2”. Нядаўна тут, зусім не дарэчы да турыстычнага сэзону, распачаты рамонт. І калі аддзелка фасаду вялізнага будынку ня вельмі каго і хвалюе, то зачыненыя прыбіральні ўжо сталіся прычынай досыць пікантных сытуацый. Пра гэта раскажа любы, хто днямі вярнуўся з замежжа.

Яшчэ больш непаразуменьняў у частцы дэкляраваньня прадметаў штодзённага ўжытку. Прыкладам, знаёмыя расказалі, што, адлятаючы, ў Турэччыну, узялі з сабой невялікі дарожны прас. У той бок мытня да прасу ніякіх прэтэнзый ня мела. Назад запатрабавалі 30 эўра мытнай пошліны як за “тавар, увезены з-за мяжы”. Тое, што яго трэба было дэкляраваць – сталася вялікай нечаканасьцю. 25-гадовая Ганна некалькі гадоў працуе ў Эгіпце, і кожны прыезд дадому ў яе выклікае супярэчлівыя эмоцыі. Прынамсі, на адрас служачых лётнішча яна не саромеецца ў эпітэтах, называючы іх “маральнымі жабракамі”.

(Ганна: ) “Што я ўкладаю ў разуменьне “маральныя жабракі”? Насамрэч у гэтых людзей няма элемэнтарнага адчуваньня такту – прыкладам, дапамагчы жанчыне. Вось я прыехала з сумкамі, стаю пасярод лётнішча, а яны толькі загадваюць: пастаў, пакладзі. Ніякага нармалёвага стаўленьня да чалавека ўвогуле няма. Якія б не былі арабы, але яны вельмі ўважлівыя людзі, зь імі лёгка, хоць у іх вельмі істотны падзел на саслоўі – у кагосьці вышэйшае, у кагосьці ніжэйшае”.

Журналіст Раман Якаўлеўскі ў зьвязку з прафэсыйнай неабходнасьцю таксама часты госьць менскага аэрапорту. Кажа, што неаднаразова меў праблемы ня толькі з марудным праходжаньнем пашпартнага ды мытнага кантролю, але і з атрыманьнем багажу. Прыкладам, ня так даўно яго чамадан замест Беларусі адправілі ў Бангладэш, і да гаспадара багаж вярнуўся толькі праз некалькі дзён падарожжаў па сьвеце. Вось яшчэ назіраньні Рамана Якаўлеўскага.

(Якаўлеўскі: ) “Вельмі марудная працэдура праходжаньня пашпартнага кантролю. Усё было б зразумела, калі б не адно: беларускі аэрапорт адрозьніваецца ад іншых тым, што ён практычна не загружаны. І такія чэргі на пашпартным кантролі проста неабгрунтаваныя. Другое – яўная антысанітарыя, прабачце, у прыбіральнях. Нічога падобнага ўявіць сабе немагчыма ў любым іншым аэрапорце Эўропы. Яшчэ адна праблема –маршрутныя таксоўкі. Сапраўды, танныя, адрозна ад прыватных дый дзяржаўных, але расклад іх працы зусім не супадае з графікам прылёту авіяляйнэраў. Яны чамусьці працуюць паводле свайго графіку, ня могуць чакаць рэйсу. Усе гэтыя “дробязі” урэшце складаюць карцінку таго, што, калі вяртаешся на радзіму, радасьці сустрэчы з Айчынай не адчуваеш”.

За мяжой спажыўцы вельмі сур’ёзна ставяцца да абароны сваіх правоў, асабліва ў выпадках, калі гаворка -- пра немалыя патрачаныя сродкі. У спрэчных выпадках неадкладна ўступае ў справу суд. Наколькі такая практыка ўласьцівая беларусам?

Кіраўніца менскай гарадзкой арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева кажа, што на тле масавых зваротаў грамадзянаў са скаргамі на няякасныя прадукты харчаваньня ці прамысловыя тавары, абскарджваць якасьць паслугаў людзі лічаць справай досыць марнай. У зьвязку з адпачынкамі ў лепшым выпадку могуць паскардзіцца на неналежную працу турфірмы, якая падманула спадзяваньні канкрэтнага чалавека. Пра тое, каб прыцягнуць да адказнасьці кагосьці са службовых асобаў гаворка ня йдзе: беларусы досыць насьцярожана ставяцца да дзяржаўных органаў, нават не спадзеючыся на аб’ектыўны разгляд прэтэнзій. Між тым, паводле Ірыны Астаф’евай, закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах спажыўца” дае магчымасьць любому грамадзяніну абскарджваць любое, зь ягонага гледзішча, парушэньне. У тым ліку, зьвязанае з нязручнасьцямі адпачынку на любой яго стадыі – уключна з ня лепшым прыёмам у аэрапорце.

(Астаф’ева: ) “Правы гэтым законам акрэсьленыя вельмі значныя. Але важна, каб само грамадзтва ўрэшце здолела адаптаваць свой менталітэт да разумэньня сутнасьці дэмакратыі. Беларускі закон сёньня дае правоў столькі ж, колькі мае дзяржава дзеля абароны сваёй сістэмы. І гэтым трэба правільна карыстацца. Праўда, калі зьвярнуца да досьведу Эўропы, то там на варце інтарэсаў спажыўца ўсё ж стаяць грамадзкія арганізацыі. У нас з дзяржавай змагацца досыць цяжка, бо дзяржаўны чыноўнік фізычна ня будзе абараняць вашыя правы, паколькі ён “слуга сістэмы”. На Захадзе, з гледзішча законатворчай дзейнасьці, чыноўнік па судах ня ходзіць. Бюджэтныя грошы на чыноўніка выдаткоўваюцца дзеля таго, каб ён ствараў законатворчую базу. І гэта ёсьць палітыка, паколькі нельга ажыцьцяўляць палітыку, ня маючы закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG