Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: апазыцыя створыць "ценевы" ўрад


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак

“Народная воля” у сёньняшнім нумары інфармуе сваіх чытачоў пра намер апазыцыі напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў стварыць “ценевы” ўрад. Як патлумачыў газэце лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, агульная стратэгія падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў прадугледжвае ня толькі выбар адзінага кандыдата, але й фармаваньне яго прафэсійнай каманды. Мяркуецца, што апазыцыйны ўрад будзе невялікі – ад 10 да 20 чалавек. “Народная воля” называе чатырох вядомых у краіне асобаў – Станіслава Багданкевіча, Міхаіла Чыгіра, Васіля Шлындзікава, Анатоля Міхайлава. Яны – першыя прэтэндэнты на тое, каб увайсьці ў новы орган. Апроч іх, паводле Лябедзькі, у складзе ўраду чакаецца зьяўленьне новых людзей, якія дагэтуль ня бралі актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці.

Слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” паведамляе пра падрыхтоўку да штогадовага сьвята “Дажынкі”, якое ўлады зьбіраюцца сёлета ладзіць у Слуцку. Арганізатары мерапрыемства вызначылі жорсткі графік абнаўленьня і рамонту мясцовых аб’ектаў. Напрыклад, да 1 ліпеня павінен быць капітальна адрамантаваны гарадзкі Цэнтар дзіцячай творчасьці. Да 15 ліпеня мяркуецца адрамантаваць музычную і мастацкую школы, стаматалягічную паліклініку. Сярод іншых аб’ектаў Слуцку, дзе ў аўральным парадку будуць праведзеныя работы, – радзільня, крамы, аб’екты грамадзкага харчаваньня. Дзяржаўныя кантралёры патрабуюць заканчэньня гэтай кампаніі ў жніўні. Вядома, што слуцкія “Дажынкі” запатрабуюць істотнага пераразьмеркаваньня фінансавых рэсурсаў, у выніку чаго пацярпяць ад безграшоўя аб’екты ў іншых рэгіёнах.

“Комсомольская правда в Беларуси” дасьледуе тэму студэнцкіх і школьных летніх канікулаў. Гэтае дасьледаваньне – пра тую частку беларускай моладзі, якая летам зьбіраецца не адпачываць, а працаваць. Паводле газэты, паехаць на заробкі за мяжу юнакам і дзяўчатам наўрад ці ўдасца. Але расчараваньне можа напаткаць іх і ў сваёй краіне. Напрыклад, у Менску Цэнтар занятасьці абяцае уладкаваць частку моладзі. Дворнікамі, прыбіральніцамі, падсобнымі рабочымі, вартаўнікамі, грузчыкамі, выхавальнікамі. Аплата – пагадзінная, але вось памер яе наўрад ці задаволіць ахвочых падзарабіць – усяго каля 6 тысяч рублёў за дзень. Калі працаваць грузчыкам, то можна зарабіць і 10 тысяч. Аднак на ежу гэтых грошай можа й не хапіць. Таму, як вынікае з публікацыі, студэнты і школьнікі больш ахвотна ідуць працаваць у тыя месцы, дзе ім найперш абяцаюць бясплатнае харчаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG