Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць увядзеньне візавага рэжыму з Грузіяй


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Міністэрства замежных справаў Беларусі пасьля рашэньня Аляксандра Лукашэнкі заявіла пра ўвядзеньне Рэспублікай Беларусь візавага рэжыму з Грузіяй. Гэта азначае, што сьледам за Расеяй афіцыйны Менск выходзіць зь Бішкецкага пагадненьня аб бязьвізавых паездках, падпісанага ў 1992 годзе.

Афіцыйны Менск патлумачыў рашэньне аб увядзеньні візавага рэжыму з Грузіяй і выхад зь Бішкецкай дамовы сваімі саюзнымі абавязкамі перад Расеяй.

Расея ўвяла візавы рэжым у адносінах да Грузіі яшчэ ў 2001 годзе. Паводле МЗС Беларусі, адсутнасьць памежнага і мытнага кантролю на мяжы Беларусі і Расеі сталася прычынай таго, што грамадзяне Грузіі часьцяком выкарыстоўвалі Беларусь як транзытную дзяржаву для нелегальнага пранікненьня ў Расею.

Тым часам як афіцыйныя, гэтак і апазыцыйныя палітыкі ў Беларусі бачаць тут іншы падтэкст.

Гаворыць старшыня камісіі ў міжнародных справах Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец.

(Чаргінец: ) “Ваяўніча-варожыя заявы прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі не ствараюць перадумоваў для таго, каб з адкрытымі вачыма, з даверам глядзець адзін на аднаго.

Таму такую меру трэба ўспрымаць як часовую. Яна вынікае з той сытуацыі, якая склалася сёньня ў сувязі з такой пазыцыяй грузінскага прэзыдэнта, чый народ мы шчыра любім як братэрскі народ.

Прэзыдэнт Грузіі пакуль што не разабраўся, магчыма, гэта сьведчаньне яго маладосьці і недасьведчанасьці, а можа, тут трэба казаць і палітыкам аб яго паводзінах. Таму з боку Беларусі гэта зусім нармальны крок, які робіць сувэрэнная краіна. Але гэта не варожы крок. Ён не скіраваны на абвастрэньне адносінаў, ён адпавядае рэаліям сёньняшняга дня”.

***

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў бачыць у гэтым рашэньні афіцыйнага Менску выключна палітычны падтэкст.

(Саньнікаў: ) "Беларускія ўлады заўсёды дэкляравалі, што яны будуць апошнімі, хто будзе адмяняць візавы рэжым на прасторы СНД. Цяпер тое, што яны памянялі рэжым адносна Грузіі, гэта выклікана падзеямі ў Грузіі, толькі выказваньнямі афіцыйных колаў Грузіі, найперш прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі аб пэрспэктывах дэмакратыі на прасторах СНД і перш за ўсё ў Беларусі".

***

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў траўні сустракаўся з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі.

(Лябедзька: ) “Беларускае кіраўніцтва думае, што можна экспартаваць рэвалюцыю ў чамаданах з Тбілісі ці ў бутэльках “Кідзмараулі” альбо ў мандарынах. Ну, відаць, страх дайшоў ужо да такога ўзроўню, што ён на шалі вагаў пераважае здаровы сэнс і лёгіку.

Гэта зроблена з той мэтай, каб ускладніць камунікацыю паміж грузінамі і беларусамі і ў першую чаргу сярод тых, хто гатовы супрацоўнічаць у палітычнай сфэры, у гуманітарнай сфэры. Рэжым кіруецца сваімі мэтамі, але б’е па інтарэсах тысяч беларусаў. Ён хоча ізалявацца ад каляровых рэвалюцыяў штучнымі мерамі, але я думаю, што гэта абсалютна бессэнсоўна і контрапрадуктыўна”.

***

(Дракахруст: ) "Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін назваў матывам увядзеньня візавага рэжыму з Грузіяй жаданьне выканаць саюзьніцкія абавязкі перад Расеяй, якая ўвяла такі рэжым адносна Грузіі ў 2001 годзе. Ці сапраўды менавіта гэта было прычынаю рашэньня беларускіх уладаў? Гаворыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) "На мой погляд, размова пра саюзьніцкія абавязкі ў гэтым выпадку гучыць, як жарт, бо з моманту ўвядзеньня Расеяй адпаведных візавых адносінаў з Грузіяй прайшло амаль чатыры гады.

Доўгі час прайшоў з тае пары, але чамусьці Беларусь увесь гэты час не сьпяшалася выконваць сваіх саюзьніцкіх абавязаньняў.

Няма сумневу, што цяперашняе рашэньне выклікана пазыцыяй Грузіі ў адносінах да беларускай сытуацыі, беларускіх ўладаў. Гэта зьвязана са шматлікімі заявамі грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі і з рашэньнямі грузінскага парлямэнту.

Гэтая мера, накіраваная на тое, каб прадухіліць магчымы ўдзел грузінскіх прадстаўнікоў у нейкіх акцыях у Беларусі, якіх вельмі баяцца беларускія ўлады.

Гэта, хутчэй за ўсё, зроблена для таго, каб прадухіліць магчымы ўдзел моладзевых арганізацыяў кшталту "Кмары" ў беларускіх падзеях, каб яны не маглі езьдзіць сюды і перадаваць нейкія тэарэтычныя і практычныя веды сваім беларускім аднадумцам.

З Украінай гэта зрабіць цяжэй, мы ўсё ж уваходзім у адзіную эканамічную прастору, шмат украінцаў жыве ў Беларусі, шмат беларусаў – ва Ўкраіне, увядзеньне візавага рэжыму выклікала б вельмі вялікае абурэньне ў грамадзтве. А з Грузіяй гэта зрабіць можна, бо зь ёй у нас цяпер не такія ўжо шчыльныя адносіны.

Я ўпэўнены на 100%, што гэта зьвязана з пагаршэньнем адносінаў паміж Менскам і Тбілісі".

Гл. таксама • Беларусь увяла візавы рэжым для грамадзян Грузіі, бо гэтага захацела Расея? • Габашвілі: "Цяпер будуць праблемы. Нават рэшткі нармальных адносінаў Лукашэнка вырашыў перакрэсьліць"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG