Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплываюць вынікі рэфэрэндумаў на перамовы з Харватыяй, Турэччынай, Украінай?


Віталь Цыганкоў, Менск Вынікі рэфэрэндумаў ў Нідэрляндах і Францыі паставілі вострыя праблемы ня толькі перад кіраўніцтвам краінах Эўразьвязу, але і перад дзяржавамі кандыдатамі на ўступленьне ў агульную Эўропу. Як могуць адрэагаваць на волевыяўленьне французаў і галяндцаў народы тых краінаў, якія мараць апынуцца ў Эўразьвязе? Ці не зьявяцца новыя складанасьці ў палітыкаў Харватыі, Турэччыны, Украіны ды іншых, каб пераканаць сваіх грамадзянаў пайсьці на сур’ёзныя рэформы, патрэбныя дзеля ўступленьня ў агульную Эўропу?

Гэтымі днямі кіраўнікі ва ўсіх краінах-кандыдатах гавораць прыблізна аднолькавыя словы. Яны пераконваюць сваіх грамадзянаў, што рэфэрэндумы ў Францыі і Галяндыі не паўплываюць на пэрспэктывы ўступленьня ў Эўразьвяз такіх краінаў як Харватыя, Сэрбія, Турэччына ці Ўкраіна.

Прэзыдэнт Харватыі Стыпе Месіч заяўляе:

(Месіч: ) “Нашай мэтай павінна заставацца поўнае сяброўства ў Эўразьвязе. Праца працягваецца. Харватыя на сваім шляху ў Эўропу, і Харватыя рухаецца наперад. Аб’яднаная Эўропа ня мае альтэрнатывы. Як няма альтэрнатывы і нашаму знаходжаньню ў адзінай Эўропе”.

У сродках масавай інфармацыі краінаў кандыдатаў, аднак, зьявіліся занепакоеныя і нават нэрвовыя камэнтары. Раздражнёнасьць выкліканая ў тым ліку і няпэўнасьцю наконт матываў, якія прымусілі французаў і галяндцаў галасаваць супраць праекту Канстытуцыі.

Некаторыя аналітыкі кажуць, што зараз можа зьявіцца небясьпека падрыву аўтарытэту чыноўнікаў Эўразьвязу, якія на перамовах прымушаюць прадстаўнікоў краінаў кандыдатаў рабіць часам нялёгкія крокі. Напрыклад, для Балканскіх краінаў такімі вострымі рашэньнямі ёсьць выдача падазраваных у ваенных злачынствах Гааскаму трыбуналу – людзей, якіх многія ў гэтых краінах лічаць героямі, а не злачынцамі.

Ва Ўкраіне, якая спадзяецца таксама атрымаць запрашэньне на пачатак перамоваў з Эўразьвязам, афіцыйныя прадстаўнікі выказалі шкадаваньне з нагоды вынікаў рэфэрэндумаў у Францыі і Нідэрляндах. Зь іншага боку некаторыя аналітыкі знаходзяць у гэтым і пазытыўныя знакі. Гаворыць Уладзімер Горбач, з Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва.

(Горбач: ) “Запавольваньне інтэграцыйнага працэсу ўнутры Эўразьвязу можа мець пэўныя перавагі для Ўкраіны. Украіна можа хутчэй дасягнуць патрэбныя стандарты і патрабаваньні менавіта ў цяперашнім фармаце Зьвязу, а не ў больш шчыльна інтэграванай структуры”.

Хістаньні Эўрапейскіх выбаршчыкаў могуць толькі ўзмацніць праціўнікаў праэўрапейскага шляху ў Турэччыне. Для многіх відавочна, што менавіта нежаданьне пускаць туркаў у Эўразьвяз стала адным з матываў нэгатыўнага галасаваньня французаў і галяндцаў. Але на гэты момант турэцкае грамадзтва вельмі рашуча настроена на эўрапейскае сяброўства і на працэс рэформаў, неабходных у гэтай сувязі. Анкара, нагадаем, пачынае перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз 3 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG