Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады фронт" правёў акцыю перад міністэрствам адукацыі (фотарэпартаж)


Галіна Абакунчык, Менск Актывісты "Маладога фронту" правялі акцыю пратэсту пад назваю “Дзеці жадаюць вучыцца”. Яны арганізавалі пікет у падтрымку моладзі, якая распачала галадоўку пратэсту супраць выключэньня з навучальных установаў. Адначасна прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў перадалі кіраўніцтву міністэрства адукацыі зварот з патрабаваньнем спыніць палітычна матываваны перасьлед студэнтаў.

Маладафронтаўцы выстраіліся перад уваходам у міністэрства адукацыі з плякатамі “Дзеці хочуць вучыцца”.

У руках яны трымалі разгорнутыя кнігі сярод якіх – “Доўгая дарога дадому” Васіля Быкава, “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” Уладзімера Арлова, а таксама энцыкляпэдыі “Каталіцкія храмы Беларусі” й “Праваслаўныя храмы Беларусі.”



Адзін з арганізатараў акцыі Зьміцер Дашкевіч у інтэрвію Свабодзе адбытае пракамэнтаваў гэтак:

(Дашкевіч: ) “Акцыя “Дзеці жадаюць вучыцца” мае на мэце спыніць рэпрэсіі супраць моладзі. Нашае патрабаваньне – аднавіць на вучобе ўсіх незаконна адлічаных навучэнцаў”.

Акрамя актывістаў "Маладога фронту" да міністэрства адукацыі прыйшлі таксама многія вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. Сярод іншых – кіраўнік ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, дырэктар зачыненага Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, старшыні Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка, Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька й некаторыя іншыя.



Разам з маладымі палітыкамі яны перадалі кіраўніцтву міністэрства ліст, у якім выказваецца пратэст супраць рэпрэсіяў адносна моладзі, што адкрыта выказвае сваю палітычную й грамадзкую пазыцыю. Гэты ліст падпісалі каля трыццаці вядомых у краіне навукоўцаў, літаратараў і грамадзкіх дзеячаў такіх, як Аляксандар Вайтовіч, Ніл Гілевіч, Юры Хашчавацкі й іншыя.

Як на гэта адрэагавалі ўладныя чыноўнікі паведаміў Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Паказвалі, што яны пачулі пра гэта ўпершыню й паказвалі зацікаўленасьць. Мы дваццаць разоў падкрэсьлівалі, што гэтую справу трэба вырашаць цягам некалькіх гадзінаў. Бо да гэтых дзяцей ужо "хуткія дапамогі" выклікаюць. Пабачым як будзе.”

У часе акцыі да пікетоўшчыкаў падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, а да будынку міністэрства пад''ехаў аўтобус, запоўнены міліцыянтамі. Але ў хаду падзеі міліцыя ня ўмешвалася.

Нагадаю, што 25 траўня шэсьць студэнтаў розных навучальных установаў Жодзіна распачалі бестэрміновую галадоўку супраць палітычна матываваных выключэньняў з ВНУ і вучэльняў. Да галадоўкі пачала далучацца моладзь у іншых гарадах. На восьмы дзень галадоўкі ў ёй удзельнічаюць 11 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG