Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі аб’яднаньне “Крышталь” скарачае выраб дыямэнтаў


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскае алмазаапрацоўчае аб’яднаньне “Крышталь” на 70% скарачае выраб дыямэнтаў. Да скарачэньня спрычынілася працяглая адсутнасьць алмазнай сыравіны, якая традыцыйна пастаўлялася з Расеі.

Алмазаапрацоўчая вытворчасьць сёньня па сутнасьці спынена. Распавядае генэральны дырэктар аб’яднаньня Аляксандар Старавойтаў:

(Старавойтаў: ) “Стаім. Яшчэ чатыры-пяць дзён будзе прастою. Купілі 5 траўня ў Расеі сыравіны тыдні на тры, але атрымліваем толькі сёньня. Тым ня меней, сытуацыя такая, што мы вымушаны скарачаць колькасьць алмазаапрацоўшчыкаў, прадаваць абсталяваньне. Сыходзіць алмазаапрацоўка зь Беларусі. Мы ня можам болей трымаць у падвешаным стане сваіх рабочых і абяцаць нешта органам улады. Мы то працуем, то стаім. Калі няма алмазнай сыравіны, то што я магу зрабіць? Ні ў мяне, ні ва ўраду сіл не хапае”.

Паводле дырэктара, алмазная вытворчасьць скарачаецца прыкладна на 70%. Замест вырабу дыямэнтаў аб’яднаньне плянуе павялічыць выпуск ювэлірных вырабаў. Каля паўтысячы расьпілоўшчыкаў і аграншчыкаў алмазаў давядзецца ўладкоўваць у іншыя цэхі альбо наагул звальняць. Гэта непакоіць рабочых.

(Уладзімер: ) “Канечне, непрыемная сытуацыя. Пайду кіроўцам, баранку буду круціць. Думаю дацягнуць шэсьць гадоў да пэнсіі — і ўся радасьць. А хацелася б побач працаваць і працаваць. Гэтыя разьезды ўжо надакучылі”, — кажа аграншчык алмазаў Уладзімер.

Аб’яднаньне “Крышталь” цалкам залежыць ад зьнешніх паставак сыравіны. Як вядома, Беларусь і Расея ў свой час падпісалі міжурадавае пагадненьне наконт паставак “Крышталю” да 2005 году 100 тысяч каратаў алмазнай сыравіны. Пагадненьне гэта не заўсёды выконвалася. А калі кампанія “АлРоса” і прадавала гамельчукам сыравіну, то па істотна падвышаных цэнах. Купляць і апрацоўваць алмазы становіцца эканамічна нявыгадна. Як мяркуюць на “Крышталі”, расейцы проста пазбаўляюцца ад беларускіх канкурэнтаў.

“Крышталь” ужо купляў невялікія партыі алмазаў у афрыканскіх краінаў, вёў перамовы з бэльгійскай фірмай “Дэ Бірс” наконт альтэрнатыўных крыніц забесьпячэньня алмазамі. Аднак на пакупку патрэбны сур’ёзныя дзяржаўныя крэдыты. Алмазаапрацоўчае аб’яднаньне іх ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG