Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Міхайлоўская папрасіла палітычнага прытулку ў Канадзе


Алесь Дашчынскі, Менск Выканаўчы дырэктар зачыненай уладамі “Прававой дапамогі насельніцтву” і сяброўка грамадзянскай ініцыятывы “Абаронцы Айчыны” Раіса Міхайлоўская папрасіла палітычнага прытулку ў Канадзе.

Юрыст Раіса Міхайлоўская знаходзілася ў Таронта ў рамках падрыхтоўкі аднаго з праектаў супрацоўніцтва з канадзкімі партнэрамі, аднак вяртацца дадому ў Менск яна палічыла для сябе небясьпечным. Спадарыня Раіса афіцыйна зьвярнулася да канадзкіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку. Паводле лідэра грамадзянскай ініцыятывы “Абаронцы Айчыны” Алега Воўчака, гэтае пытаньне суд у Канадзе абяцае вырашыць увосень. Да такога ўчынку спадарыні Раісы ён ставіцца з разуменьнем.

(Воўчак: ) “Праблема ўзьнікла яшчэ паўгоду таму, калі яна кіравала ініцыятыўнай групай у часе маёй выбарчай кампаніі. Падчас збору подпісаў на яе быў учынены напад з прымяненьнем фізычнай сілы. Нападалі двое невядомых, і мы адразу зьвярнуліся ў міліцыю. Міліцыянты тады сказалі, што прыкладна ведаюць, хто — і знойдуць. Але празь дзесяць дзён прыйшла адмова ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Тады мы пачалі праводзіць уласнае расьсьледаваньне. Раіса пачала расклейваць улёткі, турбаваць міліцыю. А потым, прыкладна ад студзеня, пачаліся тэлефонныя пагрозы ад невядомых”.

Чарговы напад на Раісу Міхайлоўскую з боку невядомых быў учынены, калі яна 6 траўня вярталася дахаты з ланцуга неабыякавых людзей, які праходзіў на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Міліцыя зноў адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Гэтыя напады і пагрозы невядомых спадарыня Раіса ня лічыць выпадковымі. Яны і вымусілі яе папрасіць палітычнага прытулку. Алег Воўчак тлумачыць, што пэўны ціск адчувалі й іншыя сябры грамадзянскай ініцыятывы “Абаронцы Айчыны” — на каго нападалі з прымяненьнем фізычнай сілы, каму падпальвалі дзьверы.

(Воўчак: ) “Я думаю, што ўсё гэта зьвязана з тым, што мы праводзім незалежнае расьсьледаваньне палітычных зьнікненьняў. Мы выдавалі па гэтай тэме бюлетэні, вядзём перамовы зь міжнароднымі юрыстамі наконт завядзеньня ў Эўропе адпаведных крымінальных справаў”.

Працягваецца перасьлед і самога Алега Воўчака: Міністэрства юстыцыі патрабуе прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што ён выступае ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яго, як і іншых сябраў ініцыятывы “Абаронцы Айчыны”, выклікалі на допыты, таксама дапытвалі журналістаў газэты “Народная Воля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG