Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адначасова адбываецца шэраг галадовак пратэсту


Ганна Соусь, Менск У зьняволеньні галадаюць Сяргей Скрабец і Мікола Статкевіч. Актывісты моладзевых рухаў з Жодзіне абвясьцілі бестэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць іх выключэньня з навучальных установаў. Лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі пагражае з 1 чэрвеня распачаць галадоўку.

У Жодзіне другі дзень на прыватнай кватэры на знак пратэсту супраць выключэньня з розных навучальных установаў за грамадзкую дзейнасьць галадаць Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец і Сяржук Мурашка. Гаворыць адзін з галадоўнікаў Зьміцер Чарткоў.

(Чарткоў: ) “Гэта быў апошні крок, самы радыкальны, які мы маглі толькі зрабіць, таму што інакш ужо нічога не вырашаецца. Я думаю, што вынікі будуць, таму што пачалася хваля па ўсёй Беларусі сярод моладзі”.

Працягвае лідэр мясцовай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Стан галадоўнікаў пакуль што нармальны. Плянуецца далучэньне людзей зь некаторых іншых гарадоў. Цяпер ужо пайшлі размовы з рэгіёнамі — з Баранавічамі, з Горадняй і з Барысавам. Сёньня перанесена паседжаньне камісіі ў справах непаўналетніх, на якой павінны былі ізноў абмяркоўваць адлічэньне Мурашкі. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з абвяшчэньнем галадоўкі”.

Адзінаццаты дзень галадуе ў сьледчым ізалятары дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Сяргей Скрабец. Супраць яго заведзеная крымінальная справа, але Скрабец лічыць, што яго перасьледуюць з палітычных матываў. Амаль год таму Сяргей Скрабец браў удзел у гададоўцы дэпутатаў парлямэнцкай групы “Рэспубліка”, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і вызваленьня Міхаіла Марыніча.

Учора Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць зьневажальных умоваў утрыманьня пад вартай. А з 1 чэрвеня зьбіраецца распачаць галадоўку лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Распавядае ягоны сын Уладзімер:

(Леванеўскі: ) “Бацька патрабуе адстаўкі начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Ён лічыць, што менавіта з-за гэтага чалавека ягоныя заявы не разглядаюцца ўжо больш за два месяцы. І ён вырашыў пераходзіць да больш рашучых дзеяньняў — у рамках закону, канечне”.

Гэта будзе ўжо ня першая галадоўка Валера Леванеўскага за кратамі. Паводле ягонага сына, папярэднія галадоўкі прыносілі пэўныя вынікі. Патрабаваньні вязьня часткова выконваліся.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які разам зь іншымі дэпутатамі Вярхоўнага савету 12-га скліканьня у будынку парлямэнту браў удзел у галадоўцы на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1995 году, лічыць, што галадоўка эфэктыўная ў любы час.

(Трусаў: ) “Але ўсё залежыць, паводле якога прынцыпу абвяшчаецца галадоўка, у якім месцы, і колькі ўдзельнікаў. Як перамаглі галадоўнікі з Ваўкавыску? Яны сабраліся разам, іх было шмат, і яны дасягнулі выкананьня сваіх патрабаваньняў. А калі ў тым жа Ваўкавыску галадаваў адзін рэдактар газэты, то яго аштрафавалі, і нічога ён не дамогся — газэту зачынілі. Калі галадаюць людзі падчас зьняволеньня, то галадоўка мае падвойны эфэкт — і палітычны, і для здароўя, мабыць, таксама някепска, улічваючы, як там кормяць”.

За апошнія дзесяць гадоў галадоўку як форму пратэсту ў Беларусі неаднаразова выкарыстоўвалі прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, прадпрымальнікі, журналісты, рабочыя, шараговыя грамадзяне. Сярод тых, хто галадаваў, зьніклы палітык Віктар Ганчар, апазыцыйныя палітыкі Юры Хадыка, Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, бізнэсовец Мікалай Аўтуховіч, працаўнікі недзяржаўнага прадпрыемства “ЮКІ”, рэдактар недзяржаўнай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч, дэпутаты групы Рэспубліка” ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG