Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мяса наша сям’я можа сабе дазволіць толькі на вялікае сьвята”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значную частку нашай пошты апошніх тыдняў па-ранейшаму складаюць лісты, напісаныя пад уражаньнем ад нядаўняга ўказу Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога былі зьмененыя назвы цэнтральных праспэктаў і некаторых вуліцаў сталіцы. З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Наша слухачка Маргарыта Пушкевіч зь Менску піша:

“Я пэнсіянэрка, але ў сваёй грамадзкай рабоце кантактую зь вялікай колькасьцю людзей розных прафэсіяў. І ні ад аднаго зь іх ня чула захапленьня з нагоды хуткага перайменаваньня вуліцаў. Крыўдна, што наша небагатая краіна паводле загаду і жаданьня адной асобы пачынае ажыцьцяўляць чарговы нікому не патрэбны, фінансава ёмісты праект. Нібы ў нас няма іншых праблемаў. Няхай бы пусьцілі гэтыя грошы на дзіцячыя дапамогі. Што да перайменаваньняў, то ў такой справе рэфэрэндум трэба праводзіць, а не рабіць гэта на просьбу мітычных вэтэранаў. І потым, вось я — таксама вэтэран (вэтэран працы). Чаму ў мяне ніхто не спытаў? Я што, не грамадзянка сваёй краіны?”

Асабліва слухачку непакоіць тое, як гэтыя ды іншыя праблемы асьвятляюцца на дзяржаўных тэлеканалах. Яшчэ адна цытата зь ліста Маргарыты Пушкевіч:

“Уключыш тэлевізар — адразу пачынаецца вясёлае жыцьцё. Аказваецца, мы самыя шчасьлівыя ў сьвеце і жывём лепш за ўсіх. Ну, дзе яны, рэжысэры, знаходзяць гэтых пэрсанажаў, якія заўсёды і ва ўсім “за”? Няўдачнікам-ідэолягам няўцям, што ад суцэльных усхваленьняў беларускія праграмы прымітыўныя, аднабаковыя і прадказальныя да апошняга слова, у найгоршых савецкіх традыцыях сацыяльнай замовы. І галоўнае: мы ж разумеем, што чуем адно, а ў сапраўднасьці адбываецца зусім іншае.

Вось нядаўна паказалі цётку на вуліцы з плякатам, на якім напісана “Буш — другі Гітлер”. Цётка яўна мае патрэбу ў паслугах псыхіятра, а паказ яе на экране — прыкмета кепскага густу і адсутнасьці пачуцьця меры ў рэжысэра. І ўвогуле, кепска, калі памяць такая кароткая. Няўжо яны ня памятаюць: нашы салдаты па дарогах вайны езьдзілі на амэрыканскіх “студэбэкерах”? І амлет з тушонкай таксама былі амэрыканскія. А кожная газэта той пары выходзіла з падзякай народу і ўраду Амэрыкі за тую вялізную дапамогу, дзякуючы якой мільёны нашых салдат не загінулі ад голаду. Варты пагарды той, хто забыў аб руцэ, якая давала хлеб”.

Заканчвае Маргарыта Пушкевіч зь Менску свой ліст на “Свабоду” наступнай высновай:

“Давайце ня будзем забываць, што мы, жыхары Беларусі, ня зьлезьлі ўчора з дрэва. Мы адукаваныя, пісьменныя людзі і хочам бачыць нармалёвыя перадачы. Каб не даводзілася адчуваць сорам перад усім сьветам за тых, хто гэтыя перадачы стварае і дэманструе плянэце як наш сапраўдны твар, хоць насамрэч гэта толькі скажоная грымаса”.

Наўрад ці варта, спадарыня Пушкевіч, саромецца за тое, у чым няма ніякай вашай віны. Тэлебачаньне ў краінах, дзе ўладу ўтрымліваюць аўтарытарныя рэжымы, ствараецца і функцыянуе паводле аднаго ўзору. Яно цалкам падкантрольнае ўладзе, абслугоўвае яе інтарэсы і таму не адлюстроўвае ніякіх іншых пунктаў гледжаньня, апроч афіцыйнага. Ва ўсім цывілізаванам сьвеце гэта разумеюць і зусім не атаясамліваюць тое, што дэманструюць дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі, з рэальнай беларускай сытуацыяй і рэальнымі настроямі ў беларускім грамадзтве.

Не даводзіцца чакаць, што тэлебачаньне пры сёньняшняй сыстэме ўлады стане іншым. Як наўрад ці ўлада адступіцца перад грамадзкай думкай Менску ў праблеме перайменаваньня шэрагу цэнтральных сталічных праспэктаў і вуліцаў. Дарэчы, на гэтую тэму ліст яшчэ аднаго нашага сталага менскага слухача — Уладзіслава Жыгалкі, у якога свой погляд на гэтую зьяву. Ён піша:

“Тое, што ў Менску зьнікне праспэкт Машэрава, асабіста я ўспрыняў бы зь вялікім задавальненьнем. Калі б імя Машэрава не “ўваскрасілі” ў назьве перайменаванай вуліцы Варвашэні… Што да Францішка Скарыны, то я чакаў, што побач з новым будынкам Нацыянальнай бібліятэкі зьявіцца велічны помнік яму. Але цяпер гэтай мары, відаць, ня суджана збыцца. Каб ушанаваць беларускую незалежнасьць, бадай, дастаткова і плошчы. Але як утаймаваць цемрашалаў у Менскім мэтрапалітэне, у якіх пад плошчай Незалежнасьці — па-ранейшаму плошча Леніна, увекавечаная ў назьве станцыі? А ўвогуле, на мой погляд, трэба зьмяніць усе камуністычныя назвы вуліцаў і плошчаў”.

Відавочна, спадар Жыгалка, вуліцы, як і людзі, павінны захоўваць тыя імёны, якія дадзеныя ім пры нараджэньні. У бальшыні эўрапейскіх гарадоў гэта ўзята за правіла. Асабліва шануюцца гістарычныя назвы старых цэнтральных вуліцаў, узрост якіх часам вымяраецца многімі стагодзьдзямі. А калі кожны раз падладжваць гарадзкую тапаніміку пад патрэбы палітычнай каньюнктуры, то будзе тое, што мы назіраем на прыкладзе Менску. Пры сталінскім рэжыме цэнтральны праспэкт насіў імя Сталіна, пры брэжнеўскім — Леніна. Прэзыдэнта Лукашэнку не задаволіла імя Францішка Скарыны, дадзенае праспэкту на пачатку 1990-х гадоў, калі ў Беларусі была параўнальна дэмакратычная сыстэма ўлады. Але ці будуць пасьля ўсяго гэтага даўгавечнымі назвы, якія падабаюцца Аляксандру Лукашэнку і якія ўведзеныя нядаўна ягоным указам?

Наступны ліст ад Алеся Цадко з Маладэчна. Слухач піша:

“На маю суб’ектыўную думку, Беларусь зьяўляецца расейскім выпрабавальным палігонам у пераходным пэрыядзе да таталітарызму. Аляксандар Лукашэнка адпрацоўвае загады нават ня Пуціна (які і сам зьяўляецца закладнікам тых, хто цяпер кіруе Расеяй), а сваіх крамлёўска-гэбісцкіх гаспадароў. Няма гарантыі, што ў пасьляпуцінскі час да ўлады ў Расеі ня прыйдзе іншы, падобны на Лукашэнку расейскі нацыяналіст. Альбо што пасьля інтэграцыйнага рэфэрэндуму ня будзе запатрабаваны сам Аляксандар Рыгоравіч. І гэта не Беларусь, а ядзерная дзяржава апынецца ў руках тых, хто падтрымлівае дэспатыю.

Для пацьвярджэньня дасылаю выразку зь мясцовай “Маладэчанскай газэты”. На фатаздымку — калёна людзей падчас сьвяткаваньня 9 траўня, якую ўзначальваюць прызначаныя Лукашэнкам вэртыкальшчыкі і дэпутаты. А над калёнай — два партрэты Сталіна. Таго самага, які зьнішчыў лепшую частку нашай нацыі, на сумленьні якога Курапаты. А гэта ж толькі пачатак шляху жахаў, які чакае ня толькі нас, калі ўсе гэтыя хітрыя паліттэхналёгіі спрацуюць”.

На дасланым вамі, спадар Цадко, фатаздымку бачна, што партрэты Сталіна, хутчэй за ўсё, саматужнага вырабу саміх вэтэранаў. Наўрад ці гэтым займаліся арганізатары шэсьця з ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму. Хоць, зь іншага боку, тое, што пільныя ідэалягічныя начальнікі дазволілі, каб гэтыя партрэты зьявіліся над калёнай, якую самі яны ўзначальвалі, таксама пра многае сьведчыць. Такое было немагчыма нават у 1960-я ці 1970-я гады, якія зусім не вызначаліся дэмакратычнасьцю ўлады. І хоць тады таксама брэжнеўскі рэжым не ўхваляў напамінаў пра сталінскія злачынствы, але да публічнай дэманстрацыі партрэтаў вусатага “правадыра ўсіх часоў і народаў” справа ўсё ж не даходзіла.

На заканчэньне ліст ад Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёнц Спадар Кулеш — даўні слухач нашага радыё, удзельнік Клюбу сяброў “Свабоды”. Гэтым разам нагода для ягонага ліста — невясёлая. Cлухач піша:

“На жаль, з пачатку сакавіка не магу слухаць “Свабоду”: мой стары прыймач ВЭФ 221 сапсаваўся, а ў майстэрні сказалі, што адрамантаваць яго немагчыма. Так што ўжо трэці месяц я без “Свабоды”. Купіць новы для мяне — вялікая праблема, вырашыць якой пакуль не магу. За месяц зарабляю 200 тысяч беларускіх рублёў. А на гэтыя грошы трэба ўтрымліваць чацьвёра дзяцей. Тут хоць бы на хлеб ды на якія-небудзь крупы хапіла. Мяса купляем толькі на вялікія сьвяты. Ды і то — для гасьцей, а не для дзяцей. Нашы мясныя прадукты, якія зрэдку сабе дазваляем — сьвіныя галовы ды капыты. Вядома, свая гаспадарка выручае: малако, яйкі, бульба, бурачкі, капуста. А калі б і гэта даводзілася купляць, быў бы поўны завал… Раней мы зь сябрамі ў лазьні часта абмяркоўвалі навіны, пачутыя мной па “Свабодзе”. А цяпер сябры пытаюць, што пачуў, а мне ім паведаміць няма чаго. Сумна, але нічога ня зробіш”.

Пад лістом таксама падпісалася ўся ягоная сям’я — Любоў, Сьвятлана, Тацяна, Іван і Адара. Вам, спадар Кулеш, як нашаму шматгадоваму слухачу, аўтару многіх лістоў і актывісту клюбу сяброў “Свабоды”, мы дасылаем у падарунак новы караткахвалевы прыймач. Заставайцеся са “Свабодай” і надалей.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Зыгмунт Дзякевіч зь вёскі Пянценішкі Воранаўскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG