Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міколы Статкевіча апішуць маёмасьць


Любоў Лунёва, Менск Сёньня на кватэру лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча прыйдуць судовыя выканаўцы, каб апісаць маёмасьць. Суд Цэнтральнага раёну пакараў яго штрафам у 2 000 даляраў за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. 23 траўня яго будуць судзіць разам з Паўлам Севярынцам за арганізацыю вулічных выступленьняў 18 і 19 кастрычніка. Апроч таго, пракуратура праводзіць расьсьледваньне паводле заявы спадароў Ляўковіча і Казуліна, у якой яны просяць распачаць супраць Міколы Статкевіча крымінальную справу. Ад 1997 году праз працэдуру канфіскацыі маёмасьці прайшлі дзясяткі апазыцыянэраў.

Прэзыдэнцкі Дэкрэт № 5, надрукаваны ў сакавіку 1997 году, быў скіраваны на тое, каб спыніць хвалю вулічных акцыяў пратэсту. На той час прыпадае пік вулічных дэманстрацый. Улады задзейнічалі для іх разгону ня толькі АМОН, але і спэцназ, часам унутраныя войскі. Пасьля “Чарнобыльскага шляху” 1996 году ў лістападзе спачатку на плошчы Незалежнасьці, а потым на праспэкце Францыска Скарыны амаль кожную нядзелю зьбіраліся тысячы людзей. Тады здавалася, што хутка дэманстрантамі стануць усе жыхары Менску. Аднак Дэкрэт № 5 паступова пачаў рабіць сваю справу. Паводле яго, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі можна было атрымаць ад 3 да 15 сутак арышту, а штрафы былі ад 100 мінімальных заробкаў і вышэй. Па тым часе вельмі істотныя сумы. Студэнтам, а на пратэстнай вуліцы пераважалі менавіта яны, было ня так цяжка. Бо жылі з бацькамі і яшчэ сваёй маёмасьці ня мелі. Вось тады іх пачалі выключаць з унівэрсытэтаў. А ў адносінах да шмат якіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі актыўна прымянялі штрафныя санкцыі. У той час 500 даляраў лічыліся вельмі вялікай сумай. Людзі, якія сутыкнуліся з гэтым, не жадалі больш непрыемнасьцяў сваёй сям’і. Судовыя выканаўцы забіралі тэлевізар, кампутар, часам мэблю. Натуральна, рэпрэсіі, у тым ліку эканамічнага характару, зрабілі сваю справу.

Амаль усе, у каго апісвалі маёмасьць, кажуць, што ў гэтай сытуацыі пераважвае псіхалягічны дыскамфорт. Мікола Статкевіч, да якога сёньня прыйдуць судовыя выканаўцы, не першы раз сутыкаецца з гэтым. Спачатку ў 1997 годзе, а потым у 1998 яго аштрафавалі агулам на 3 000 даляраў. Да яго ўжо прыходзілі судовыя выканаўцы. Вось, што ён кажа на гэты конт:

(Cтаткевіч:) “Псіхалягічны ўдар. Гэта зразумела. Адна справа твая палітычная дзейнасьць па-за межамі дома, але. Калі прыходзяць чужыя людзі, якія нэрвуюцца, паводзяць сябе груба. Гучна заходзяць у пакой, дзе ты жывеш, чытаеш… Аглядаюць твае рэчы, лазяць па шафах, пералічваюць усё гэта – гэта найперш удар па сям’і. Я думаю, што дзеля гэтага й было ўсё прыдумана. Спрабуюць выбіць з каляіны, зрабіць псіхалягічны дыскамфорт напярэдадні судовага працэсу. Таму і спатрэбілася крымінальная справа цяпер ужо наконт партыйнай маёмасьці згодна з просьбай сп.Казуліна і яго паплечнікаў. І прыход дахаты.”

Актывістку АГП Марыну Багдановіч аштрафавалі спачатку за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка, а потым за ўдзел у “Чарнобыльскім шэсьці”. Яна мусіць заплаціць каля 5 000 даляраў. Яна кажа, што візыт судовага выканаўцы не выклікаў у яе ніякага дыскамфорту.

(Багдановіч:) “Натуральна, сума ў 5 000 даляраў для мяне занадта вялікая сума. У мяне няма такіх грошай. Я ніколі іх не зараблю ў нашай краіне. Самае сьмешнае, калі раніцай а 8 гадзіне малады мужчына, не прадставіўшыся прайшоў у кватэру, і толькі, калі спытаў, ці па сваім мабільным я размаўляю, толькі тады паведаміў, што ён судовы выканаўца.”

Судовы выканаўца пераканаўся, што маёмасьці не хопіць, каб кампэнсаваць суму штрафу. А Марына толькі пашкадавала, што ў пералік маёмасьці трапілі фэн і прас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG