Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: “Я хацеў бы, каб Наша Ніва” выходзіла і праз 99 гадоў”


Валянціна Аксак, Менск “Вясною найлепей рабіць справы, прыемныя для сябе й людзей, ” – гэтак адказвае галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько на пытаньне, чаму менавіта 28 красавіка ў менскім Доме літаратара адбудзецца першая імпрэза, якою легендарная беларуская газэта распачынае праграму падрыхтоўкі да свайго 100-гадовага юбілею

Свой стогадовы юбілей газэта, якая напачатку мінулага стагодзьдзя актыўна спрычынілася да фармаваньня беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ды, згуртаваўшы вакол сябе маладых пісьменьнікаў, стала цэнтрам стварэньня беларускае клясычнае літаратуры, будзе адзначаць увосень наступнага году. Але ўжо цяпер варта ўспомніць пра гэтую дату, лічыць галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько.

(Дынько:) “Мы хацелі б, каб заўтрашняя вечарына распачала падрыхтоўку да сьвяткаваньня стогадовага юбілею “Нашай Нівы”. Мы хацелі б, каб гэты стогадовы юбілей асьвятліў наступны год, стаў натхненьнем, стаў вызначальнай падзеяй. Дзеля гэтага мы заўтра зьбіраем нашых чытачоў, нашых аўтараў”.

Адроджаная ў 1991 годзе пасьля 75-гадовага перапынку “Наша Ніва” сёньня, на думку галоўнага рэдактара, задае танальнасьць новага грамадзкага і культурнага жыцьця краіны.

(Дынько:) “У сёньняшняй “Нашай Ніве” ёсьць новая палітычная думка, якая будзе ўзорам для палітычнай думкі на наступнае дзесяцігодзьдзе, ёсьць зародкі новае эканамічнае думкі. Ёсьць у цяперашняй “Нашай Ніве” і новая беларуская літаратура – гэта Ўладзімер Арлоў, гэта Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч, Лявон Вольскі, Людка Сільнова, Вера Бурлак… Усе гэтыя людзі будуць заўтра на вечарыне і будуць чытаць свае новыя творы”.

Нягледзячы на паважаны ўзрост “Нашай Нівы” галоўны рэдактар Андрэй Дынько бачыць яе патрэбу ў беларускім грамадзтве і ў наступныя сто гадоў.

(Дынько:) “Я хацеў бы, каб газэта была і праз 99 гадоў. Я хацеў бы, каб сьвет быў лепшым, а “Наша Ніва” выходзіць дзеля таго, каб беларускі сьвет стаў лепшым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG