Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Кандалізы Райс наконт Беларусі камэнтуюць у Менску


Валер Каліноўскі, Менск Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс апошнія дні некалькі разоў рабіла заявы з нэгатыўнымі ацэнкамі сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, яна назвала беларускі рэжым апошняй дыктатурай у Цэнтральнай Эўропе, для якой прыйшоў час мяняцца. Як адрэагавалі на гэтыя словы афіцыйныя беларускія ўлады і палітыкі?

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Віктар Гайсёнак, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, заявіў, што беларускім уладам вядомыя апошнія выказваньні Кандалізы Райс, і што, на ягоную думку, адказ на іх ужо даў Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе ў парлямэнце:

(Гайсёнак: ) “Я вам нагадаю, што яго даклад называецца “Беларусь — сувэрэнная дзяржава з самастойнай, моцнай і сапраўды народнай палітыкай”. Народ Беларусі абірае ўладу, і народу Беларусі вызначаць сваю будучыню, свой лёс, а не Кандалізе Райс. Дазвольце працытаваць словы прэзыдэнта з дакладу: “Мы не фігуры ў нечай гульні, і ня пешкі на шахматнай дошцы, у тым ліку на вялікай”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў зазначае, што ацэнкі спадарыні Райс адлюстроўваюць афіцыйную пазыцыю ЗША:

(Саньнікаў: ) “Даволі дакладныя адзнакі былі таго, што адбываецца ў Беларусі. І тое, што гэта было агучана перад сустрэчай з Пуціным, невыпадкова, — значыць, тэма прысутнічае ў перамовах паміж ЗША і Расеяй”.

Спадар Саньнікаў заўважае, што Расея пакуль ніяк не рэагавала на амэрыканскія заклікі да спрыяньня дэмакратызацыі Беларусі.

На думку экс-дэпутата беларускага парлямэнту Натальлі Машэравай, выказваньні Кандалізы Райс зробленыя ў недыпляматычнай форме:

(Машэрава: ) “Кандаліза Райс магла б дамагчыся эфэкту і некалькі іншай палітыкай, не такой просталінейнай. Просталінейнасьць можа выклікаць і супрацьдзеяньне. Вы думаеце, што Расея прыме ўказаньні, як ёй дзейнічаць?”

Натальля Машэрава сказала, што такія заявы больш пасавалі б міністру абароны, чым дыплямату.

(Машэрава: ) “Пікіроўкай, такой пікіроўкай, як і з боку нашага, дарэчы, зь беларускага боку, мы нічога не даможамся, мы толькі будзем абвастраць сытуацыю. А вось да чаго прывядзе гэтае абвастрэньне?”

Тым ня меней, спадарыня Машэрава не асуджае, а падтрымлівае заклікі ЗША да дэмакратызацыі Беларусі.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін лічыць, што беларускае пытаньне не зьяўляецца прыярытэтам для ЗША, і яно рэдка ўздымаецца на такім высокім узроўні:

(Калякін: ) “Гэтая тэматыка была ўзьнятая як сыгнал для Расеі, што яна таксама павінна вызначыцца ў гэтым пытаньні. І я думаю, што гэта быў пэўны сыгнал і для міжнароднай супольнасьці аб тым, што падчас візыту Буша ў Расею і ягонай сустрэчы з Пуціным беларускае пытаньне можа прысутнічаць на парадку дня”.

Цікавасьць ЗША і Эўразьвязу карысная для Беларусі, але вынік залежыць ад здольнасьцяў дэмакратаў аб’яднацца і эфэктыўна дзейнічаць, лічыць спадар Калякін:

(Калякін: ) “Вада камень точыць. Усе дыктатуры зьнікнуць, у тым ліку і беларуская”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG