Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: пры наяўнасьці моцнага канкурэнта за Лукашэнку прагаласуюць 28.4%


Уладзімер Глод, Менск У амбасадзе Францыі ў Беларусі сёньня адбылася прэзэнтацыя штоквартальнай аналітычнай справаздачы, падрыхтаванай НІСЭПД. Нягледзячы на ціск з боку афіцыйных беларускіх уладаў, навукоўцы працягваюць працаваць — сёньня яны пракамэнтавалі вынікі сваіх найноўшых дасьледаваньняў дыпляматам і журналістам. Магчыма, сёньняшні брыфінг стаў апошнім у дзейнасьці навуковага цэнтру.

Аўтары публікацыяў у новым бюлетэні інстытуту, які толькі сёньня раніцай прывезьлі з друкарні, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, прафэсар Алег Манаеў, супрацоўнікі Аляксандар Сасноў, Уладзімер Дорахаў ды іншыя грунтоўна пракамэнтавалі асноўныя тэмы дасьледаваньняў. Гэта і прасоўваньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў у Беларусі, і шанцы магчымых удзельнікаў чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, і магчымасьці памаранчавай рэвалюцыі ў Беларусі.

Навукоўцы паведамілі, што сакавіцкае сацапытаньне паказала, што за зьмяненьне Канстытуцыі галасавала толькі 49,1% рэспандэнтаў. Гэта практычна супадае са зьвесткамі лістапада 2004 году (49%) і балтыйскага аддзяленьня Інстытуту Гэлапа (48,4%). Іншая справа, што пра зьвесткі Гэлапа і НІСЭПД ведае толькі адна траціна дарослага насельніцтва Беларусі.

Сярод патэнцыйных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на чарговых выбарах, на думку апытаных, найбольшыя шанцы ў Валерыя Фралова, Аляксандра Вайтовіча і Анатоля Лябедзькі. Калі б сёньня грамадзтву было вядома імя асобы — годнага канкурэнта Лукашэнкі, дык за яго гатовыя аддаць галасы 32,8% рэспандэнтаў, у той час як за самога Лукашэнку менш — 28,4%.

Аднак гэтыя лічбы цалкам перакрэсьліваюцца іншай — 76,2% апытаных упэўненыя, што ў любым выпадку Лукашэнка зробіць так, што пераможцам зноў прызнаюць яго. Алег Манаеў назваў гэтую выснову “адной з самых сур’ёзных у нашым апытаньні”:

(Манаеў: ) “Даволі многа беларусаў, на жаль, маюць адчуваньне наканаванасьці. Што б ты ні рабіў, як бы ні хваляваўся Вашынгтон і Брусэль, куды б ні выходзілі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, усё роўна будзе тое, што будзе. Так думаюць нават тыя людзі, якія хочуць пераменаў і гатовыя да іх”.

Акадэмік Вайтовіч падкрэсьлівае, што ягоны погляд не такі пэсымістычны:

(Вайтовіч: ) “Прыкладна так было і раней, кардынальна ў краіне нічога не зьмянілася. Настрой мой аптымістычны, таму што, я лічу, склаліся ўмовы, каб рэзка і грунтоўна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Але ці зможам мы выкарыстаць гэтыя ўмовы ці не? Вось нашае асноўнае пытаньне”.

Зразумела, што Алег Манаеў ня мог сёньня абмінуць пытаньня закрыцьця інстытуту:

(Манаеў: ) “Узьнікае простае пытаньне: чаму ж улада спрабуе нас закрыць і ўжо закрывае? Тыя ж лідэры апазыцыі кажуць: палову вашых дасьледаваньняў можна адразу друкаваць на першай старонцы “Советской Белоруссии”. Калі б наш інстытут падтрымліваў апазыцыю, а не даваў рэальнай карціны жыцьця краіны, дык не было б і вялікай патрэбы з намі змагацца. Але паколькі нашая інфармацыя аб’ектыўная, і ў яе кантэксьце ўсплывае, напрыклад, што менш за палову выбаршчыкаў галасавалі за зьмяненьне Канстытуцыі, запярэчыць практычна няма чаго”.

***

Увечары стала вядома, што Вярхоўны суд загадаў ліквідаваць НІСЭПД.

• Вярхоўны суд ліквідаваў НІСЭПД • Пракурор заклікае ліквідаваць НІСЭПД • Прадстаўнікі НІСЭПД у судзе заяўляюць пра недавер да судзьдзі • Мін''юст падаў пазоў аб ліквідацыі НІСЭПД
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG