Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыскіх галадоўнікаў упершыню наведалі прадстаўнікі мясцовай улады


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск 17-ы дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Разам зь ім працягваюць галадоўку пратэсту кіроўцы фірмы “Ніка-транс”. Сёньня да іх далучыліся новыя ўдзельнікі. Галадоўнікаў нарэшце наведалі прадстаўнікі мясцовай улады і дактары хуткай дапамогі.

Мэдыкі аглядалі галадоўнікаў у другой палове дня 31 сакавіка. Некаторым кіроўцам прапаноўвалі легчы ў шпіталь, але яны адмаўляліся, гаворачы, што будуць працягваць галадоўку. Сам Мікалай Аўтуховіч, які галадае больш за ўсіх, чакаў, пакуль мэдыкі спраўдзяць стан здароўя кіроўцаў.

Перад хуткай дапамогай у галадоўнікаў пабывалі намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Фядосаў і кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Ўладзімер Захарчук. Спадар Фядосаў гаварыў кіроўцам, што знойдзе для іх працоўныя месцы. Але кіроўцы адмовіліся ад прапановы, яны гаварылі, што рэч нават ня ў працы, а ў адстойваньні праўды.

Сёньня заявы аб галадоўцы напісалі дыспэтчарка таксі Сьвятлана Хасанава і былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ўладзімер Асіпенка. Сьвятлана зрабіла гэта пасьля працы ў начную зьмену. Паўтары гады таму яна таксама ўдзельнічала ў масавай галадоўцы кіроўцаў таксовак.

Паводле галадоўнікаў, у акцыі ўдзельнічаюць ужо 29 чалавек, зь якіх сем не належаць да фірмы “Ніка-транс” і ня маюць дачыненьня да таксі. Некаторыя гараджане гавораць, што маюць пэўныя сацыяльныя праблемы і будуць галадаць дзеля салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам і кіроўцамі. Напрыклад, такую заяву даслала ў райвыканкам інвалід ІІ-й групы Тацяна Кірылава, якой 44 гады.

***

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам амаль на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана законная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.

На фатаздымку: Мікалай Аўтуховіч у сваім офісе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG