Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белаазёрск (з фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Белаазёрск, Бярозаўскі раён, Берасьцейшчына (эфір 17 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Ня тое каб у Бярозаўскім раёне сярод вэртыкалі ўсёй Берасьцейскай вобласьці панавала паніка. У Белаазёрску ледзь не адбылася рэвалюцыя. Было гэта два гады таму за часам выбараў у мясцовыя саветы. Дэмакратычна зарыентаваныя абраньнікі атрымалі 8 з 13 месцаў у гарадзкім савеце.

Лідэр дэпутацкай групы, кіраўнік філіі Беларускага Народнага Фронту Юрась Губарэвіч адразу па сканчэньні другога туру галавасаньня раскрыў сакрэт выбарчых тэхналёгіяў. Запіс з архіву Радыё Свабода:

(Губарэвіч: ) “Кандыдаты прыйшлі непасрэдна да гараджанаў. Яны абышлі амаль усе кватэры ў сваёй акрузе, каб паразмаўляць з простымі выбарцамі і сказаць, што магчыма выправіць, а што — не. Людзі гэта ўспрынялі вельмі станоўча. І я мяркую, што гэта адзін са складнікаў перамогі”.

Bielaaziorsk

(Карэспандэнт: ) “Чаму так здарылася, што простыя выбаршчыкі даверыліся дэмакратычным кандыдатам?”

(Губарэвіч: ) “Спэцыфіка Белаазёрску, гэта малады горад. Тут няма пэўнага кансэрватызму. Дэмакратычныя пераўтварэньні адбываліся тут зь першых дзён атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Сюды прыехалі людзі з многіх мясьцінаў Беларусі. Бальшыня зь іх — высокаадукаваныя. Другая перадумова перамогі — гэта стомленасьць белазёрцаў ад бязьдзейнасьці ўлады”.

Для шараговых жыхароў Белаазёрску ўвага з боку кандыдатаў у дэпутаты стала сапраўднай нечаканасьцю. Да людзей прыходзілі, зь імі гутарылі, у іх прасілі дапамогі і парадаў. І гэта было нязвыкла. Выбарцы прызвычаіліся, што роля дэпутатаў у жыцьці гораду сымбалічная. Звычайна прэтэндэнтаў вылучалі працоўныя калектывы. Часам галасаваньня птушку ставілі насупраць рэкамэндаванага прозьвішча — абы не прыйшлося ісьці на ўчастак на другі тур ці на давыбары.

А два гады таму пэрсанальны падыход адыграў сваю вырашальную ролю. Яшчэ адзін голас таго часу:

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы галасавалі за незалежнага кандыдата? Што вас пераканала? Што ён такога паабяцаў?”

(Выбаршчык: ) “Ён паабяцаў наладзіць асьвятленьне ў горадзе. Горад энэргетыкаў, але вельмі цёмна хадзіць па вуліцах. Асабліва вечарам пасьля дзевяці гадзінаў. Гэта жудасна! Па-другое, у нас вялікія праблемы зь пітной вадой. Ён паабяцаў, што зоймецца гэтымі пытаньнямі, бо ўсе праблемы вырашальныя. Дэпутат мне абяцаў, што ён будзе кожныя паўгоду даваць справаздачу пра сваю працу. Магу задаць яму пытаньне: “А чаму ты ня выканаў таго, што абяцаў?” Чалавек будзе адказваць за свае словы”.

У 2005-м Віталь Прыхач адмерыў палову свайго дэпутацкага тэрміну. Ганарыцца, што датэрмінова выканаў перадвыбарчую праграму. Таксама хваліцца, што не губляе сувязі са сваім выбарцамі.

Bielaaziorsk

(Прыхач: ) “Тыдзень таму абыходзіў свой участак, пытаўся, як у людзей жыцьцё. Мне ўжо паўгоду ніхто не тэлефанаваў. Мне падумалася, ці там загінулі ўсе, ці то ў іх усё так добра. І амаль што ўсе мае выбарцы захоўваюць перадвыбарчую ўлётку”.

(Карэспандэнт: ) “Два гады прайшло з таго часу, як вы сталі дэпутатам гарсавету Белаазёрску. Якія вынікі вашае дэпутацкае дзейнасьці?”

(Прыхач: ) “З таго, што загадвалі мае выбарцы, амаль усё тое я выканаў. У агульнагарадзкім маштабе таксама шмат чаго ўдалося. Мы і рынак адстаялі, і дамагліся, каб адчынілі філію банку. Мяркую, што цяпер улады выносяць пытаньні на сэсіі больш асьцярожна. Яны ведаюць, што ня ўсе адразу падымуць рукі “за” — будуць спрэчкі і ваганьні. Хаця нам вельмі цяжка прыходзіцца. Настолькі кастамозгія ў савеце людзі сядзяць, што яны робяць так, як скажа кіраўнік”.

(Карэспандэнт: ) “Два гады таму вы прамовілі такую фразу: зь людзьмі трэба размаўляць на той мове, на якой яны размаўляюць — і, на жаль, яна расейская. Але тады вы дадалі, што пасьля абраньня будзеце папулярызаваць і ўзмацняць пазыцыі беларускай мовы. У гэтым сэнсе, якімі вынікамі можаце пахваліцца?”

(Прыхач: ) “І добрымі і дрэннымі. Калі пачынаеш абыходзіць участак, пачынаеш размаўляць з выбарцамі па-беларуску. У нас людзі разумеюць і размаўляюць. На жаль, у нас вельмі шмат расейцаў, якія кажуць, што ім беларуская мова не патрэбная. Я ім кажу: “Вы прыехалі з Расеі. У нас іншая мова. Калі ласка, паважайце”. “Мы тут жыць будзем. Нам тут добра, але мова нам вашая не патрэбная”. Парлямэнцкую кампанію вы вялі па-беларуску. І я вам скажу, што подпісаў мы сабралі больш за іншых”.

Зь меркаваньняў набліжэньня да густаў аўдыторыі друкаваць частку сваіх матэрыялаў па-расейску вымушаная і тутэйшая незалежная газэта “Альтанка”. Галоўная рэдактарка Жана Кулак два гады таму дзялілася клопатамі з карэспандэнтам “Свабоды”:

(Кулак: ) “Самая вялікая праблема — гэта яе рэгістрацыя. Мы самі не разумеем, чаму райвыканкам адмоўлівае нам у гэтым. Дэмакратыяй тут і ня пахне! Гэта адназначна!”

(Карэспандэнт: ) “Ці можна спадзявацца, што праблема рэгістрацыі газэты будзе вырашаная?”

(Кулак: ) “Гэта застаецца пад пытаньнем. Яны будуць спрабаваць нешта зрабіць, але калі колам стане райвыканкам, дык нічога і ня зьменіцца”.

Bielaaziorsk

У 2005-м “Альтанка” захавала ранейшую пэрыядычнасьць — два разы на месяц. У радку “наклад” тая ж лічба — 299 асобнікаў. Пра ўсё астатняе — ужо знаёмая нам спадарыня Кулак:

(Карэспандэнт: ) “Два гады таму, калі адбываліся выбары ў гарадзкі савет дэпутатаў, з вынікам выбараў, з абраньнем дэмакратычных кандыдатаў зьвязвалі надзею, што газэта “Альтанка” будзе зарэгістраваная і стане выходзіць афіцыйным чынам. Ці спраўдзіліся вашыя надзеі за гэтыя два гады?”

(Кулак: ) “На жаль, не. Гэта залежала не ад нас. Тыя, ад каго гэта залежала, прыкрылі гэтую тэму”.

(Карэспандэнт: ) “Як чыноўнікі рэагуюць на вашыя публікацыі? Тыя праблемы, якія вы ўздымаеце, урэшце вырашаюцца ці не?”

(Кулак: ) “Некаторыя вырашаюцца. Пасьля таго, як мы напісалі, што нядрэнна было б зьвярнуць увагу на тыя плякаты на вуліцах гораду, якія ад часу ўжо сталі неактуальныя, пасьля іх зьмянілі”.

(Карэспандэнт: ) “Я размаўляў зь Вячаславам Дамброўскім. Ён прамовіў такое: неаднаразова прапаноўваў вам супрацуоўніцтва, каб газэта “Альтанка” стала гарадзкім выданьнем”.

(Кулак: ) “Ад вас першага я пра гэта чую. Мне ніхто нічога такога не казаў. У нас не было размовы на гэты конт”.

Вячаслаў Дамброўскі — гэта начальнік гарадзкой вэртыкалі. Белаазёрск падпарадкоўваецца райцэнтру Бярозе. У такіх населеных пунктах кіраўнік выканаўчай улады адначасна ачольвае і савет дэпутатаў.

(Карэспандэнт: ) “Прапаную вам паўдзельнічаць у праграме. Хачу, каб быў прадстаўлены і погляд улады”.

(Дамброўскі: ) “Я вас разумею, але ў гэтыя дыскусіі я ўступаць ня буду”.

Спадар Дамброўскі пагадзіўся пагутарыць бяз запісу. Ён доўга распавядаў пра свае не зусім простыя дачыненьні з дэмакратычнымі дэпутатамі і камэнтаваў іхныя дзеяньні. Аднак Вячаслаў Дамброўскі нічога не сказаў пра бадай самую галоўную праблему гораду — пра беспрацоўе. Белаазёрск зьявіўся на мапах Беларусі дзякуючы таму, што ля возера Белае ў чыстым полі пачалі будаваць аднайменную дзяржаўную раённую электрастанцыю.

Bielaaziorsk

Сёньня ДРЭС перажывае няспыную рэканструкцыю. Сюды неаднаразова прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Ад пачатку пужаў, што калі ў станцыі ня будуць купляць энэргію, ён прымусіць усіх вязаць венікі. Другі раз ужо запускаў рэканструяваны энэргаблёк. Абяцаўся зьявіцца ізноў. Вось перабудовы на станцыі і не сьціхаюць.

Другое горадаўтваральнае прадыпрыемства — гэта Беларуска-гішпанская абутковая фабрыка “BelKelme”. І ананімнасьць суразмоўцы апошнім часам ёсьць галоўнай умоваю для гутарак на тэму прамысловасьці.

(Карэспандэнт: ) “У якім стане знаходзіцца прадпрыемства “BelKelme?”

(Спадарыня: ) “Напачатку 2005 году нашае прадпрыемства ізноў у вельмі дрэнным стане. На нашых складах вельмі шмат неадгружанай прадукцыі. Заробак выплачваюць нясвоечасова. У нас няма абаротных сродкаў, каб закупіць сыравіну. І мы ўжо другі тыдзень знаходзімся ў незаплянаваным адпачынку. Мы спадзяемся, што гэты прастой будзе часовым. Нашая прадукцыя мае сэзонны характар — узімку ў нас няма збыту, бо мы выпускаем менавіта спартовы і летні абутак”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі кажуць пра сёньняшні стан прадпрыемства?”

(Спадарыня: ) “Фабрыка існуе 10 гадоў, і мы ўжо прызвычаіліся да такога стану”.

Bielaaziorsk

Вернемся да вынікаў дзейнасьці дэтутатаў. Праз два гады ў дэмакрачнай групе з васьмі народных абраньнікаў засталося толькі пяцёра. Астатнія ня вытрымалі ціску, а часам, як яны сьцьвярджаюць, і шантажу. Большасьці ў раённым савеце апазыцыя ўжо ня мае.

Юрась Губарэвіч можа прывесьці дзясяткі прыкладаў цкаваньня сваіх паплечнікаў.

(Губарэвіч: ) “Нашым дэпутатам атрымалася арганізаваць выбарцаў на азеляненьне гораду. Высадзілі кветкі. Замест каб падтрымаць гэтую ініцыятыву, мясцовая вэртыкаль пакрыўдзілася — пэўна, закранулі іхныя амбіцыі, што ўсё гэта рабілася без фармальнай дазволу. Вэртыкаль пад выглядам рамонту дарогі засыпала гэты кветнік. Больш сур’ёзна мінулай восеньню ўзяліся за нашых дэпутатаў, якія працуюць у школе псыхолягамі. Яны займаюцца дзеткамі з праблемных сем’яў. І вырашылі скалаціць зь іх кампанію, каб праз розныя псыхалягічныя мэтодыкі дапамагчы дзеткам знайсьці месца ў гэтым жыцьці. Кампанія выяжджала на возера, яны праводзілі летнікі, вандравалі па гістарычных мясьцінах Беларусі. Але і такая дзейнасьць не спадабалася раённай вэртыкалі. У некаторых аспэктах псыхалягічных трэнінгаў пабачылі ледзь ня прыклады сатанізму. На дадзены момант праз тое, што была спроба завесьці крымінальную справу, праца гэтай групы спынілася”.

(Карэспандэнт: ) “Калі казаць пра памылкі, ці былі яны?”

(Губарэвіч: ) “Найбольшай памылкай было тое, што на самым пачатку атрымалася канфрантацыя з выканаўчай уладай. Таму былі аб’ектыўныя прычыны, быў і пэўны радыкалізм новаабраных дэпутатаў, якія палічылі, што ў нас насамрэч улада ад народу. Аказалася, што не зусім так — усім у нас запраўляе вэртыкаль. І бяз згоды чыноўнікаў цяжка нешта вырашаць. Калі мы спрабавалі ісьці напралом, натуральна, атрымліваўся канфлікт”.

(Карэспандэнт: ) “За два гады на галаве зьявіліся сівыя валася. Гэта дэпутацтва і вынаканьне перадвыбарчых абяцаньняў забірае столькі сілаў і нэрваў?”

(Губарэвіч: ) “Натуральна, што сёньня ў беларускім грамадзтве, займаючы актыўную пазыцыю, знойдзеш праблемаў на сваю галаву. І я тут не выключэньне. Але ёсьць вялікае жаданьне прыкласьці сілы цяпер, паспрабаваць выправіць гэтую сытуацыю, каб пасьля і ты, і твае дзеці змаглі жыць у нармалёвай эўрапейскай Беларусі”.

Белаазёрск — па-свойму ўнікальная кропка па мапе. Гэта самы малады ў Беларусі горад — ад дня заснаваньня прайшло крыху болей за сорак гадоў. Гэта адзіны на Берасьцейшчыне горад, які падпарадкоўваецца раённаму цэнтру і ў той жа час мае ўласны бюджэт. Падзеяй у гісторыі паселішча сталі выбары ў гарадзкі савет ды тое, чаго дамагліся дэмакратычныя дэпутаты за два гады працы.

Bielaaziorsk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG