Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе працягвацца прадпрымальніцкі страйк?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 16 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук і журналістка газэты “Белорусский рынок” Тацяна Каліноўская.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі 10 сакавіка, здавалася б, прадпрымальніцкі страйк павінен спыніцца. Улады гатовыя пайсьці на пэўныя саступкі, рыхтуюцца адпаведныя дакумэнты. Аднак прайшоў ужо тыдзень пасьля той разрэклямаванай дзяржаўнымі СМІ сустрэчы, а сытуацыя з страйкам няпэўная. У Менску ён амаль што прыпынены, асноўныя рынкі працуюць, а вось у правінцыі сытуацыя іншая. У некаторых гарадах (напрыклад, у Барысаве, Баранавічах, Салігорску), страйк працягваецца, ва ўсялякім разе, да ўчорашняга дня. Якія прычыны такога стану? Ад чаго залежыць спыненьне альбо працяг страйку ў тым ці іншым рэгіёне? Якія пэрспэктывы працягу страйку?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Нагадаю, што галоўнае патрабаваньне прадпрымальнікаў — адмяніць падатак на даданую вартасьць (ПДВ). Паколькі гэтае патрабаваньне не задаволенае, то гэта азначае, што страйк скончыўся фіяска, паразай прадпрымальнікаў і перамогаю ўладаў. Тое, што Лукашэнка сустрэўся з выбранымі ім прадпрымальнікамі, сьведчыць пра тое, што патэцыял 70 тысяч людзей, якія могуць арганізавацца і выказаць сваё стаўленьне да ўлады, — гэта пагроза для ягонага рэжыму. Сытуацыя з страйкам відавочная, ён скончыўся, праблему пасьпяхова забалбаталі. Ужо два гады розныя зьвязы прадпрымальнікаў вядуць перамовы з уладамі наконт праблемы сэртыфікацыі тавараў, ліцэнзаваньня, падаткаў, увогуле, дзелавога клімату ў краіне. Але нічога не адбываецца.

Я думаю, што адной з задачаў улады было скіраваньне пратэстнай энэргіі прадпрымальнікаў у рэчышча такіх перамоваў. Тое, што цяпер прадпрымальнікі так лёгка здаліся, толькі пачуўшы абяцанкі, сьведчыць пра тое, што прадпрымальніцкі рух разьяднаны, ня мае тактыкі вядзеньня перамоваў з уладамі, якія палепшылі б ягонае становішча”.

(Карбалевіч: ) “Пакуль дакумэнтаў (указу ці дэкрэту прэзыдэнта) аб кроках насустрач прадпрымальнікам яшчэ няма. І невядома, на якія рэальныя саступкі могуць пайсьці ўлады. Таму можа цяпер яшчэ і рана казаць, чыя тут параза ці перамога, рана рабіць канчатковыя высновы. Калі ўжо карыстацца такімі спартовымі тэрмінамі, то я б казаў пакуль пра нічыю”.

(Тацяна Каліноўская: ) “Я думаю, спыненьне альбо працяг страйку ў тым ці іншым рэгіёне залежыць ад эканамічнага стану прадпрымальнікаў у кожным горадзе. У Менску даволі высокі эканамічны ўзровень. Таму, відаць, прадпрымальнікі палічылі, што з тымі саступкамі, якія паабяцаў Лукашэнка, яны будуць здольныя плаціць ПДВ і эканамічна выжываць. А ў невялікіх гарадах, пасёлках, дзе ўзровень дабрабыту насельніцтва невысокі, там сытуацыя іншая. Там улады ня могуць пайсьці на значныя саступкі. Бо там і так невысокая арэндная плата, і паборы ня так распаўсюджаныя, як у Менску. Таму там прадпрымальнікі ў выпадку захаваньня ПДВ будуць вымушаныя спыніць сваю дзейнасьць. Таму яны і страйкуюць дасюль. Бо 18% для іх — гэта прынцыпова. Даходы прадпрымальнікаў у правінцыі зраўняліся з даходамі настаўнікаў, іншых прафэсіяў, якія яны раней пакінулі, каб падняць свой дабрабыт. Таму яны і страйкуюць”.

(Карбалевіч: ) “З самага пачатку канфлікту паміж уладамі і прадпрымальнікамі пачаліся перамовы. У асноўным яны былі бясплённыя, таму што тыя прадстаўнікі ўладных стуктураў, якія бралі ў іх удзел, ня мелі паўнамоцтваў прымаць рашэньні што да галоўнага патрабаваньня страйкоўцаў — адмены падатку на даданую вартасьць. Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі перамовы актывізаваліся і, здавалася б, маглі набыць канструктыўны характар. Аднак, паводле апошніх зьвестак, прадпрымальнікі практычна адхіленыя ад удзелу ў падрыхтоўцы дакумэнтаў аб новым парадку ўплаты ўскосных падаткаў. Спадар Раманчук, вы з самага пачатку гэтых перамоваў удзельнічалі ў іх у якасьці дарадцы дэлегацыі прадпрымальнікаў. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”

(Раманчук: ) “Улады ў адносінах з прадпрымальнікамі выйшлі на аптымальны для сябе рэжым. Раскладзем па паліцах тыя пункты, наконт якіх ідуць перамовы. Пра адмену ПДВ увогуле гаворкі не ідзе. Таму я і лічу, што гэта параза. Прадпрымальнікі патрабавалі ў парадку экспэрымэнту зрабіць для кожнага зь іх індывідуальны пэнсійны рахунак. Але ўлады ня могуць пайсьці на такі экспэрымэнт.

Лукашэнка патрабаваў, каб не было пабораў. Магу пагадзіцца, што можа на месяц-два гэтыя паборы скончацца, але калі прыйдзе час чарговых “Дажынак” ці пасяўной, то ўлады зьбяруць прадпрымальнікаў і запатрабуюць грошай, таму што іх няма ў бюджэце.

Тое ж тычыцца сэртыфікатаў і ліцэнзіяў. Улады ня кажуць, што трэба безумоўна прымаць сэртыфікаты Эўразьвязу альбо Расеі па тым таварам, якія імпартуюцца з гэтых краінаў. Улады кажуць, што цяпер вы павінны вырашыць гэтае пытаньне празь дзесяць дзён, а мы гатовыя вам саступіць да трыццаці дзён. Альбо вы атрымліваеце сэртыфікат на паўгоду, а цяпер будзеце атрымліваць на год. Некаторыя прадпрымальнікі адчуюць пэўную палёгку, але ў цэлым паляпшэньне будзе нязначным. І перамовы заканчваюцца тым, што лідэры і актывісты сядзяць за кратамі”.

(Каліноўская: ) “На перамовах пакуль няма вялікага прагрэсу. Улада ня хоча браць на сябе пастаянных абавязкаў. Калі ўводзіцца 18% ПДВ, то лягічна адмяніць каэфіцыент 1,5, які дадаваўся да адзінага падатку за тавары з Расеі. Але гэты каэфіцыент не скасаваны. Перамовы тычацца памяншэньня ўскосных затратаў прадпрымальнікаў. Калі ўладам гэта ўдасца, то прадпрымальнікі выжывуць і іх сацыяльная актыўнасьць будзе прытушаная. Але калі гэта ня ўдасца, то для значнай колькасьці прадпрымальнікаў праца будзе стратная.

Гэта тычыцца больш як 100 тысяч чалавек. Плюс да гэтага іхныя сем’і, наёмныя прадаўцы. А яшчэ ёсьць людзі, якія задзейнічаныя на перавозцы прадпрымальнікаў і іхных тавараў. Калі ўсе гэтыя людзі апынуцца бяз працы, то рынак працы ў невялікіх гарадах і пасёлках будзе ня ў стане іх паглынуць”.

(Карбалевіч: ) “Дык можа і ставіцца такая мэта, каб ліквідаваць той сацыяльны пласт, які непадкантрольны дзяржаве, з аднаго боку, а зь іншага боку, увесь час стварае ўладам нейкія праблемы: патрабуе, страйкуе, мітынгуе і іншае?”

(Каліноўская: ) “Прадпрымальнікі як былі палітычна нясьпелыя пятнаццаць гадоў таму, так і засталіся цяпер. Яны не вылучаюць палітычных патрабаваньняў, а толькі эканамічныя. Я думаю, мэта ўладаў — захаваць гэты пласт на такім прымітыўным палітычным узроўні”.

(Карбалевіч: ) “Рэпрэсіі і запалохваньні сталі важным чыньнікам барацьбы ўладаў з прадпрымальніцкім рухам. Кульмінацыяй такой палітыкі стаў скандал зь лідэрам аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатолем Шумчанкам. На апошнім мітынгу Шумчанка заявіў, што нам не патрэбныя тут ніякія сьцягі, “антыканстытуцыйныя” лёзунгі, а “палітычных правакатараў” трэба здаваць у міліцыю. І вось цяпер улады далі яму паказальны палітычны ўрок. Як кажуць, калі ня хочаш займацца палітыкай, то палітыка зоймецца табой. На яго заведзеная крымінальная справа за, нібыта, зьбіцьцё суседа па камэры, калі ён адбываў чарговае дзесяцісутачнае пакараньне за арганізацыю мітынгу.

Гэта адбылося ў момант, калі страйк пайшоў на спад, страйкавая хваля схлынула і сытуацыя пачала разьвівацца ў кірунку, выгадным уладам. І ў гэты момант такі інцыдэнт, вельмі падобны на правакацыю. Што азначае ўся гэтая дзіўная гісторыя з крымінальнай справай Шумчанкі? І якая рэакцыя прадпрымальнікаў магчымая з гэтай нагоды? Ці магчымыя ў зьвязку з гэтым нейкія салідарныя дзеяньні прадпрымальнікаў, напрыклад, працяг страйку?”

(Раманчук: ) “Нагадаю, што першая хваля рэпрэсіяў, арыштаў прадпрымальнікаў прайшла ў той час, калі былі арыштаваныя Клімаў, Кудзінаў. Яны разумелі, што праблемы прадпрымальніцтва, бізнэсу ў Беларусі ня вырашыць толькі праз эканамічныя патрабаваньні. Таму яны актыўна пайшлі ў палітыку. Другая хваля арыштаў пачалася зь мінулага году. Леванеўскі, Васільеў, цяпер Шумчанка. Апошні цяпер знаходзіцца ў становішчы, якому не пазайдросьціш. Я ня думаю, што ў цяперашніх умовах мажлівая нейкая шырокамаштабная хваля пратэсту за вызваленьне Шумчанкі. Усё скончыцца тым, што на ягоную абарону стануць тыя ж палітычныя партыі, праваабарончыя арганізацыі, ад якіх ён спрабаваў дыстанцыявацца. Шумчанка, так бы мовіць, на ўласнай скуры ўпэўніцца ў тым, што няма іншага сродку для вырашэньня праблемаў прадпрымальнікаў, як аб’яднацца з усімі сіламі, якія выступаюць супраць рэжыму”.

(Каліноўская: ) “Я думаю, цяпер улады кінуць прадпрымальнікам нейкую костку, апошнія гэтым задаволяцца, а Шумчанка застанецца за кратамі. Я абсалютна не сумняваюся, што ён застанецца адзін з сваёй бядой. Таму што падчас яшчэ першага мітынгу прадпрымальнікаў, калі Шумчанка быў арыштаваны, прадпрымальнікі ня вылучылі патрабаваньня ягонага вызваленьня. І давялося палітыкам ім пра гэта нагадаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, хоць прадпрымальніцкі страйк заканчваецца, але канфлікт паміж уладамі й прадпрымальнікамі ня вырашаны. Таму што ў яго аснове ляжыць дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да прыватных прадпрымальнікаў. Больш за тое, гледзячы па ўсім, цяпер, калі страйк выдыхаецца, улады вырашылі адпомсьціць лідэрам пратэстнага руху, за той страх, які яны перажылі падчас страйку і мітынгаў. Таму, магчыма, трэба чакаць новай хвалі рэпрэсіяў супраць актывістаў прадпрымальніцкіх арганізацыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG