Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дастаткова законаў, каб перамагчы карупцыю?


Іна Студзінская, Менск 15 сакавіка Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыню Івацэвіцкага райвыканкаму Віталя Дзьмітраніцу, які падазраецца ў атрыманьні хабару. І ў сераду зьявілася паведамленьне пра крымінальную справу ў дачыненьні начальніка Ўпраўленьня ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня Міністэрства абароны Беларусі палкоўніка Уладзімера Талая. Што гэта – чарговы віток барацьбы з хабарніцтвам ці плянамерная сыстэма змаганьня з карупцыяй у дзяржаўным апараце?

Івацэвіцкі вэртыкальшчык Віталь Дзьмітраніца падазраецца ў атрыманьні хабару ад індывідуальнага прадпрымальніка. Ён быў затрыманы ў момант атрыманьня грошай супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў. Пракурор Берасьцейскай вобласьці Валеры Амельянюк узбудзіў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэксу – атрыманьне хабару асобай, што займае адказнае становішча. Паводле папярэдняй інфармацыі, сума хабару – 5 тысяч даляраў.

Высокі чын з Міністэрства абароны палкоўнік Талай таксама падазраецца ў атрыманьні хабару, ён знаходзіцца пад вартай. Артыкул Крымінальнага кодэксу – той жа. У справе фігуруюць вялікія грашовыя сумы, адзначылі вайскоўцы.

Што гэта – прыклады бескампраміснай барацьбы з карупцыяй? На гэта пытаньне я папрасіла адказаць юрыста і палітоляга. Вось меркаваньне экс-судзьдзі Канстытуцыйнага Суду, доктара юрыдычных навук Валерыя Фадзеева.

(Фадзееў: ) “Што тычыцца таго, што гэта такое, я думаю, час ад часу зьяўляюцца такія выпадкі, калі кагосьці прыцягваюць да адказнасьці. Ці зьяўляецца гэта сыстэмай барацьбы? Мне здаецца, што гэта не зусім так. Я ня вельмі веру ў тое, што з карупцыяй у дзяржаўным апараце можа змагацца сам дзяржаўны апарат. Тут патрэбна, каб удзельнічала грамадзтва. Вось яно ў нас ў гэтым не ўдзельнічае”.

А вось меркаваньне палітоляга Аляксандра Фядуты:

(Фядута: ) “Перадвыбарчая кампанія за трэці тэрмін прэзыдэнтуры Аляксандра Лукашэнкі пачалася ў той дзень, калі скончылася прэзыдэнцкая кампанія на другі тэрмін. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнка будзе змагацца з карупцыяй. Таму якая можа быць іншая хваля? Гэтая хваля ніколі не сканчалася, яна ідзе з 1994 года. Пасадзілі альбо адхілілі ад улады старшыню Івацэвіцкага выканкама – будзе іншы, будзе крычаўскі, клічаўскі ці бярозаўскі. Электарат павінен бачыць, як ён клапоціцца, каб ва ўладзе былі толькі “чэсныя” людзі”.

Штомесяц Аляксандар Лукашэнка прымае са справаздачамі генэральнага пракурора, старшыню Дзяржкантролю, міністра унутраных справаў, старшыню КДБ, асабіста кантралюе гучныя справы. Ёсьць адпаведная заканадаўчая база, створаная вялікая колькасьць кантралюючых органаў. Складваецца ўражаньне, што барацьба з карупцыяй, з хабарніцтвам, з усялякімі злоўжываньнямі вядзецца сапраўды бескампрамісная. Чаму ж тады ніяк не вынішчаецца гэта зьява?

(Фадзееў: ) “Я ўвогуле лічу, што з карупцыяй, відаць, нельга змагацца цераз нейкія спэцыяльныя законы. Карупцыю толькі тады мы адолеем, калі ўлада будзе пад кантролем грамадзтва. Гэта, відаць, самае галоўнае. Бо калі абвяшчаецца, што ўлада будзе сама змагацца з карупцыяй у сваіх шэрагах, я ня вельмі давяраю посьпеху такога змаганьня. Усё сусьветнае разьвіцьцё даказвае як раз тое, што ўлада павінна знаходзіцца пад кантролем грамадзтва, выбарнасьці. А калі выбудаваная нейкая вэртыкаль, калі я падуладны толькі аднаму начальніку, толькі перад ім адным адчытваюся за свае дзеяньні, гэта, відаць, ня дасьць вялікага посьпеху”.

Бадай, няма такой сфэры дзейнасьці, прадстаўнікі якой не адседжвалі тэрміны. За хабар, злоўжываньне службовым становішчам асуджаныя дырэктары буйных прадпрыемстваў, старшыні калгасаў, рэктар ВНУ, банкіры, судзьдзі, адвакаты, высокапастаўленыя мытнікі, лекары, адказныя чыноўнікі міністэрстваў, нават старшыня Белтэлерадыёкампаніі і кіраўніца справамі адміністрацыі. Даходзіць да абсурду: кветкі на экзамэнах ў пэрыяд сэсіі лічацца хабарам выкладчыку. Няўжо сапраўды іржа карупцыі “праела” ўсе сфэры жыцьця? З такім пытаньнем зьвярнулася я да палітоляга Аляксандра Фядуты.

(Фядута: ) “Калі сьвятар едзе на шыкоўным “Мэрсэдэсе” – на такім самым, на якім езьдзіць старшыня райвыканкаму, у мяне ўзьнікае пытаньне: а ў царкве карупцыя ёсьць? Напэўна, карупцыя ёсьць ва ўсіх сфэрах нашага жыцьця”.

Адзінае, што суцяшае: памеры хабару ў Беларусі ў параўнаньні, да прыкладу, з Расеяй, на некалькі парадкаў меншыя. Нядаўна прайшла інфармацыя, што за станоўчую адзнаку на іспытах выкладчык тэхнікума ўзяў са студэнта 30 даляраў, за спрыяньне ў лячэньні загадчык аддзяленьня Гомельскага інстытута радыяцыйнай мэдыцыны атрымаў хабар у 100 даляраў. Ізноў меркаваньне палітоляга Аляксандра Фядуты:

(Фядута: ) “Расея – такая вялікая і насамрэч багатая дзяржава, што тое, што для нас 20 даляраў, для іх – мільён. Але вы паглядзіце, колькі 20 даляраў гэтых на фоне нашай беларускай беднасьці. Калі ў нас для старшыні райвыканкаму тысяча даляраў грошы – гэта, прабачце, сьмешна. У Расеі зусім іншыя памеры”.

Праўда, бываюць і больш істотныя сумы, як з тым жа былым кіраўніком Івацэвіцкай вэртыкалі – тут фігуруе 5 тысяч “зялёных”. У справе былога старшыні канцэрну “Белдзяржхарчпрам” спадара Казекі і яго сына праходзілі сумы ў 100 тысяч даляраў. А ў справе Жураўковай – больш за 3 з паловай мільёны. Так што і тут назіраецца рост.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG