Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Як у Беларусі выконваецца Канстытуцыя?


Галіна Абакунчык, Менск 15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца нацыянальнае сьвята — Дзень Канстытуцыі. У гэты дзень у 1994 годзе Вярхоўны Савет прыняў Асноўны закон краіны, заснаваўшы прэзыдэнцкую форму кіраваньня. Ад гэтага часу Канстытуцыя краіны была двойчы зьмененая ў часе рэфэрэндумаў 1996 і 2004 гадоў. Паводле апошніх зьменаў, Канстытуцыя дазваляе адной асобе балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Што думаюць пра гэта людзі на менскіх вуліцах, ці галасавалі яны асабіста за зьмены Канстытуцыі, як ацэньваюць яны выкананьне Асноўнага закону?

(Карэспандэнтка: ) “Якое сёньня дзяржаўнае сьвята?”

(Спадарыня: ) “Сёньня Дзень Канстытуцыі, якая была распрацаваная ў 1994 годзе, а замацаваная на рэфэрэндуме ў 1996 годзе. Лепшага і жадаць не даводзіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даводзілася вам сустракаць выпадкі невыкананьня ці парушэньня Канстытуцыі?”

(Юначка: ) “Даводзілася. Да прыкладу, у гандлі. Парушаліся правы прадпрымальнікаў і спажыўцоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да зьменаў Канстытуцыі?”

(Юначка: ) “Да частых зьменаў я стаўлюся адмоўна, бо да нічога добрага гэта не прывядзе”.

(Спадар: ) “Гэта вырашае народ на рэфэрэндуме. А ўвогуле я лічу, што Канстытуцыя — гэта цьвёрды закон, аснова асноваў і фундамэнт усяго”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даводзілася вам сустракаць выпадкі невыкананьня ці парушэньня Канстытуцыі?”

(Юнак: ) “Даводзілася. Перш за ўсё на свабоду мітынгаў і сходаў”.

(Карэспандэнка: ) “Ці галасавалі вы за зьмену Канстытуцыі, якая дае права неабмежаванай колькасьці прэзыдэнцкага пераабраньня?”

(Юнак: ) “Я галасаваў супраць, бо лічу, што Канстытуцыя, яна на тое й Канстытуцыя, каб заставацца нязьменнай. І яе нельга мяняць пад нейкага канкрэтнага чалавека”.

(Спадарыня: ) “Дакладна галасавала супраць, бо няможна гэтага рабіць. Ва ўсіх цывілізаваных, дэмакратычных краінах усталяваны пэўны тэрмін прэзыдэнцкага кіраваньня. Я ўвогуле супраць усялякіх там зьменаў Канстытуцыі. Калі яна прынята, як, да прыкладу ў ЗША, дзе Канстытуцыя 200 гадоў застаецца нязьменнай, такой яна і павінна заставацца безь якіх-небудзь зьменаў пад некага”.

(Спадар: ) “Трэба, каб народ выбіраў прэзыдэнта, а не прэзыдэнт выбіраў сам сябе ўвесь час. Калі можна зьмяніць Канстытуцыю адзін, другі раз, дык можна тады ўсё зьмяніць. У Амэрыцы Канстытуцыя не мянялася 200 гадоў — і там людзі жывуць спакойна”.

(Юначка: ) “Ведаю, што ў часе мітынгаў у Менску людзей забіралі ў пастарунак ні за што. Майго сябра гэтаксама схапілі, а затым выключылі з унівэрсытэту. А калі часта зьмяняюць Канстытуцыю, то гэта прымушае задумацца чаму. Па-мойму, гэта гаворыць пра нестабільнасьць у нашай дзяржаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG