Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апанэнты Міколы Статкевіча зьвярнуліся ў міліцыю


Любоў Лунёва, Менск Анатоль Ляўковіч зьвярнуўся ў міліцыю, каб зь яе дапамогай спыніць дзейнасьць Міколы Статкевіча і прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці. Ён просіць міліцыянтаў адабраць у лідэра сацыял-дэмакратаў партыйныя дакумэнты, а таксама ўсе рэчы, якія знаходзяцца ў офісе партыі.

Міколу Статкевіча ў партыйным офісе наведаў супрацоўнік міліцыі, каб узяць у яго тлумачэньні наконт заявы, якая паступіла ў Партызанскі райадзьдзел ад Анатоля Ляўковіча.

У сваёй заяве спадар Ляўковіч абвінавачвае былога паплечніка Міколу Статкевіча ў крымінальных злачынствах, просіць міліцыю спыніць яго дзейнасьць у якасьці лідэра “Народнай Грамады” і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за крадзеж. Да заявы прыкладаецца пералік нібыта скрадзеных рэчаў з 33 пунктаў.

Сярод іншага, гэта сьцяг Эўразьвязу, стэйплер, 5 гукаўзмацняльнікаў, 15 сьцягоў БСДП.

Канфлікт пачаўся напрыканцы мінулага году, калі група сяброў “Народнай Грамады” на чале з Анатолем Ляўковічам зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі з заявай аб тым, што Мікола Статкевіч паводле рашэньня Менскага гаркаму партыі больш не зьяўляецца старшынём партыі. Мінюст пагадзіўся з гэтым і выдаў адпаведны дакумэнт.

Нязгодныя рэгіянальныя структуры ініцыявалі пазачарговы зьезд, які адбыўся 26 лютага. На ім лідэрам партыі абралі Міколу Статкевіча і вылучылі яго прэтэндэнтам на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл. Стала дзеючая рада дэмакратычных сіл Беларусі аднагалосна прызнала рашэньне партыі.

Заява ад Анатоля Ляўковіча паступіла ў Партызанскі райадзьдзел 9 лютага, менавіта ў той час, калі ў рэгіёнах ішла падрыхтоўка да зьезду. А міліцыянт наведаў офіс партыі пасьля таго, як Рада дэмсілаў прызнала рашэньне зьезду. Сацыял-дэмакраты абураныя дзеяньнямі Анатоля Ляўковіча. Яны згадваюць, як менавіта супрацоўнікі партызанскай міліцыі разганялі дэманстрацыі, зьбівалі і затрымлівалі апазыцыянэраў.

Сам спадар Ляўковіч так патлумачыў Радыё Свабода свой зварот у міліцыю.

(Ляўковіч: ) “Калі чалавек пераабраны, ён паводле партыйных прынцыпаў павінны вярнуць уласнасьць партыйную. Гэта папросту крадзеж. Таму мы ня проста ў міліцыю зьвяртаемся, мы апэлюем да закону. Закон, ён, як кажуць, і ў Афрыцы закон, які б ён ня быў. Калі гэта скрадзена, то мы і апэлюем да закону. Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўладзе ён, ці ў апазыцыі, ён апэлюе да закону. Вось і мы… Калі людзі крадуць, зразумела, трэба несьці крымінальную адказнасьць.”

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што на балянсе партыі няма маёмасьці.

(Статкевіч: ) “Безумоўна, на партыйным офісе карыстаюцца кампутарамі. Яны ня вельмі, дарэчы, новыя. Крэслы, сталы – усё гэта перададзена сябрамі партыі ў часовае карыстаньне. Што тычыцца пасьведчаньня аб рэгістрацыі партыі зь пячаткай, то адбыўся зьезд, і я прапаноўваў спадару Ляўковічу, калі ён прыходзіў да мяне з гэтай праблемай, ня браць у арбітры Лукашэнку, а на зьезьдзе высунуць яго кандыдатуру на пасаду старшыні. Казаў: “Калі абяруць цябе таемным галасаваньнем старшынём партыі, то ты ўсё гэта і так атрымаеш без Лукашэнкі.” Учора накіраваны заказны ліст і тэлеграма сябрамі аргкамітэту зьезду. Калі Міністэрства юстыцыі запатрабуе ад нас нейкія дакумэнты, то трымацца за іх, паверце, мы ня будзем і перадамо.”

Мікола Статкевіч не выключае, што заява ў міліцыю можа мець для яго нэгатыўныя наступствы. Спадар Ляўковіч у сваёй заяве ўказаў, паводле якіх артыкулаў крымінальнага кодэксу можна прыцягнуць да адказнасьці лідэра сацыял-дэмакратаў. Менавіта за гэта быў пазбаўлены волі Міхаіл Марыніч. Мікола Статкевіч нагадаў, што ўжо некалькі месяцаў цягнецца расьсьледаваньне крымінальнай справы паводле факту дэманстрацый пратэсту 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі рэфэрэндуму. У гэтай справе лідэр “Народнай Грамады” фігуруе як арганізатар. Абвінавачваньне ў крадзяжы чатырох кампутараў можа паспрыяць зьяўленьню яшчэ адной крымінальнай справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG