Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Гангадзэ і жонка Ганчара – за круглым сталом Радыё Свабода


Юры Сьвірко, Кіеў Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Заява прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі пра тое, што забойства незалежнага кіеўскага журналіста Георгія Гангадзэ раскрытае, мела значны міжнародны рэзананс.

Ці будзе мець наступствы гэтая падзея ў Беларусі? Чаму, нягледзячы на прасоўваньне ў расьсьледаваньні абставін зьнікненьня Георгія Гангадзэ, ягоныя сваякі лічаць пакуль заўчасным казаць пра посьпехі? Што агульнага ў праблемах выяўленьня вінаватых у зьнікненьні й забойствах палітычных апанэнтаў у Беларусі ды ва Ўкраіне? Як будуць разьвівацца падзеі найбліжэйшым часам?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом "Экспэртызы "Свабоды" з Львова – Леся Гангадзэ, маці забітага ва Ўкраіне незалежнага журналіста Георгія Гангадзэ, зь Менску – Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага ў Беларусі апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара.

(Сьвірко: ) “Маё першае пытаньне тычыцца ўчорашняй заявы прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, які абвясьціў, што раскрытае забойства Георгія Гангадзэ. Пытаньне да пані Лесі ў Львоў: як Вы ацэньваеце гэтую заяву прэзыдэнта Ўкраіны й ці можна сказаць ужо, што пастаўленая кропка ў гэтай справе?”

(Гангадзэ: ) “Я лічу, што гэта зарана было сказана, што гэта было пасьпешна, таму што кропкі ў гэтай справе не пастаўленыя ды не паставяць. Вельмі шмат ужо было знойдзена забойцаў, вельмі шмат ужо было сьведкаў, а галавы майго сына няма. І пакуль ня будзе знойдзеная галава, ня будуць знойдзеныя забойцы. Таму ставіць пытаньне пра тое, што справа скончаная, абсалютна немажліва. І я думаю, што спадара прэзыдэнта проста падставілі ў гэтай сытуацыі”.

(Сьвірко: ) “Спадарыня Зінаіда, пытаньне да Вас. Вы таксама чулі заяву Віктара Юшчанкі. Ці зьявіўся ў Вас нейкі аптымізм з гэтай нагоды й што Вы думаеце пра ўкраінскую справу зьніклых?”

(Ганчар: ) “Я думаю, што злачынства раскрытае не да канца. Калі верыць той інфармацыі, названыя тыя людзі, якія маюць дачыненьне да забойства. Але за гэтымі людзьмі стаяць яшчэ замоўнікі. За гэтымі людзьмі стаяць людзі, якія прыхоўвалі гэта ўсё. Я маю на ўвазе й прэзыдэнта ўкраінскага Кучму – напэўна ж усе яны валодалі гэтай інфармацыяй. Не магу казаць, што сапраўды мае дачыненьне да гэтага забойства сам былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, але тое, што ён ведаў, хто гэта зрабіў, і дагэтуль маўчаў, – за гэта чалавек таксама павінен адказваць. Таму што ў нас вельмі падобныя сытуацыі, на жаль”.

(Сьвірко: ) “Я якраз хацеў спытацца пра тое, наколькі падобныя беларуская сытуацыя са зьніклымі ды ўкраінская. Ці бачыце Вы тут шмат паралеляў? Усё ж такі ў Менску значна больш было абвінавачваньняў і нават дакумэнты былі апублікаваныя, што найвышэйшая беларуская ўлада была задзейнічаная ў гэтых палітычных зьнікненьнях і забойствах. Ці бачыце Вы тут аднолькавы стыль паводзінаў улады – як ва Ўкраіне, гэтак і ў Беларусі?”

(Ганчар: ) “Так, вядома. Вядома, паралеляў можна правесьці вельмі шмат. Таму што тыя дакумэнты, якія зьявіліся нейкім чынам у нас што да тых, хто датычны, пісаліся людзьмі, якія займалі высокія пасады. Гэта генэралы міліцыі, гэта генэралы КДБ. І мяне зьдзіўляе, чаму Лукашэнка дагэтуль не зьвярнуў на гэта ўвагу. Калі ён тым самым хоча пакрыць усіх людзей, імёны якіх названыя, якія й сёньня займаюць высокія службовыя пасады, дык я лічу, што гэта таксама злачынства”.

(Сьвірко: ) “Пані Леся, ці бачыце Вы тут паралелі зь беларускай сытуацыяй – што беларуская ўлада такая самая, як і ўкраінская папярэдняя?”

(Гангадзэ: ) “Абсалютна, абсалютна аналягічна. Я, між іншым, сачу за ўсімі зьніклымі людзьмі, у былым Савецкім Саюзе. І почырк паўсюль абсалютна аднолькавы. І стаўленьне да чалавека, да грамадзяніна абсалютна аднолькавае. Я лічу, што гэтак жа, як неабароненыя беларусы ў Беларусі, гэтак і ўкраінцы ва Ўкраіне. Гэта, напэўна, два народы, якія не маюць абароны на сваёй уласнай зямлі, у сваёй уласнай дзяржаве. Я лічу, што ўсе народы – ці то мусульмане, ці то габрэі, ці то цыганы – маюць абарону. Толькі беларусы ды ўкраінцы ёсьць неабароненымі – вось такое ў мяне ўражаньне ад таго, што я чую й бачу”.

(Сьвірко: ) “Пані Леся, ці можаце Вы коратка расказаць, што Вы рабілі, каб неяк раскрыць гэтую справу пра зьнікненьне й забойства Вашага сына? Што Вы думаеце пра дзеяньні ўкраінскіх органаў, у тым ліку пракуратуры Ўкраіны?

(Гангадзэ: ) Калі майго сына пачалі перасьледваць, мой сын напісаў ліст у Генэральную пракуратуру. Гэта было 14 ліпеня 2000 году. Генэральная пракуратура атрымала яго 17 ліпеня й не зрабіла ніякіх захадаў, каб яго абараніць ці зьберагчы ягонае жыцьцё. І сталася тое, што сталася. Я ва ўсім абвінавачваю Генэральную пракуратуру, я на яе буду падаваць у суд. Я ўжо суд украінскі – Пячэрскі ў Кіеве – прайшла, усе мае матэрыялы гатовыя, і я буду падаваць у Эўрапейскі суд на Генэральную пракуратуру за бязьдзейнасьць, якая прывяла да цяжкіх наступстваў. І за ўсе зьдзекі Генэральнае пракуратуры цягам чатырох з паловай гадоў – зь мяне, з маёй сям’і, з майго народу – адказнасьць Генэральная пракуратура павінна панесьці. Я так лічу й так будзе”.

(Сьвірко: ) “Спадарыня Зінаіда, пытаньне да Вас. Віктар Шэйман займаў у свой час пасаду генэральнага пракурора, і была інфармацыя, што ён сам мае дачыненьне да гэтых забойстваў і зьнікненьняў. Як Вы зьвярталіся ў пракуратуру й што Вы думаеце пра яе дзеяньні?”

(Ганчар: ) “Так, сапраўды, я зьвярталася ў Генэральную пракуратуру ў тым ліку, і я хацела сустрэцца зь Віктарам Шэйманам. Мне гэтую сустрэчу абяцалі тры гады таму ў парадку чаргі, але за тры гады мая чарга так й не прыйшла, на жаль. Я вось чула, што казала Леся Гангадзэ – сытуацыя аднолькавая. Я пастаянна пішу. У нас справу вядзе гарадзкая пракуратура. І скаргамі маімі, хадайніцтвамі яна засыпаная. Але адказы я атрымліваю абсалютна аднолькавыя, нібыта пад капірку: “Ваша хадайніцтва ад такога чысла далучанае да матэрыялаў справы”. І ўсё, больш ніякіх адказаў. Гэта зусім ня значыць, што я спыню свае звароты. Я ўсё адно буду зьвяртацца й думаю, што людзі, якія дасылаюць мне такія адказы, і за гэта адкажуць у рэшце рэшт. Таму што поўнае бязьдзеяньне, поўнае нежаданьне працаваць, і мне здаецца, што сёньняшні сьледчы, які вядзе нашую справу, нават справы самой ня бачыў”.

(Сьвірко: ) “Пані Леся, Вы сказалі, што будзеце зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Ці ёсьць нейкія яшчэ іншыя мэтады ўзьдзеяньня, уплыву на ўладу? Ці лічыце вы неабходным выходзіць на міжнародную арэну ў справах зьніклых?”

(Гангадзэ: ) “Справа ўся ў тым, што ўсё ж такі ёсьць сьвет, ёсьць людзі. Таму што ў нашай Генэральнай пракуратуры працуюць клоны, мутанты. Гэта ня ёсьць людзі, зь якімі можна кантактаваць. Іхняя адзіная мэта – набіць сабе кішэні, закрыць справы ды атрымаць яшчэ зорачкі на пагоны. Іх лёс чалавека абсалютна не цікавіць. Але я ўпэўненая, што ў сьвеце ня можа паўсюль толькі зло панаваць. І я ведаю, што прыйдзе час, і будуць іншыя працэсы, як над Мілошавічам, над Садамам Хусэйнам. Прыйдзе час, пойдуць гэткія Ягады, Яжовы, і нашы супрацоўнікі пракуратуры, безумоўна, панясуць адказнасьць. А сёньня, проста для таго каб абараніць гонар і добрае імя сваёй сям’і, свайго сына й будучыню сваіх дзяцей, я давяду да таго, што Генэральная пракуратура павінна панесьці адказнасьць за тое, што яны зрабілі з маім народам і са мною”.

(Сьвірко: ) “Спадарыня Зінаіда, тое самае пытаньне Вам: ці лічыце вы неабходным выходзіць на міжнародную арэну ў справах зьніклых і можа неяк каардынаваць дзеяньні зь сям’ёй Георгія Гангадзэ?”

(Ганчар: ) “Гэтае пытаньне ўздымалася летась увосень, калі я была ў Кіеве. Міжнародная грамадзкасьць якраз паінфармаваная й шмат крокаў ужо робіць насустрач і да вырашэньня гэтай праблемы. Я пакуль ня ведаю, якія існуюць мэханізмы наконт Эўрапейскага суду. Сытуацыя ва Ўкраіне цяпер кардынальна зьмянілася, і я думаю, што яны маюць больш рычагоў і ўнутры краіны пакараць тых, хто мае дачыненьне. У нас сытуацыя, на жаль, пакуль, іншая. Але пытаньне ж разглядалася, каб распачаць справу ў нейкай трэцяй эўрапейскай краіне. Але пакуль нейкага мэханізму не выпрацавалі – мне так здаецца”.

(Сьвірко: ) “Яшчэ адно пытаньне пра трэцюю краіну. Як Вы ацэньваеце ролю Расеі ў расьсьледаваньні – або нерасьсьледаваньні – справаў зьніклых?”

(Ганчар: ) “Да апошняга часу Расея проста ніякім чынам не рэагавала на мае шматлікія звароты. Літаральна на мінулым тыдні там адбыўся круглы стол, дзе прысутнічалі Лукін, Эла Памфілава, Караганаў. Размова ішла пра гэтую праблему, і Эла Аляксандраўна якраз пачала з таго, што яна мае намер сур’ёзна заняцца вырашэньнем гэтага пытаньня. Гэта ўпершыню адбылося за гэтыя 5 з паловай гадоў, і я напрыканцы гэтага тыдня еду да яе на сустрэчу, яна мяне запрасіла. І мы будзем размаўляць пра тое, што яны могуць нам прапанаваць, як яны бачаць вырашэньне гэтага пытаньня, што яны будуць рабіць. Вядома, мне б гэтага вельмі хацелася, таму што рычагоў узьдзеяньня на нашу ўладу Расея мае значна больш, чым заходнія краіны. І мне б хацелася, каб гэтай праблемай Расея таксама занялася”.

(Гангадзэ: ) “Я хачу зьвярнуцца да пані Зінаіды й сказаць ёй, што калі яна думае, што ва Ўкраіне штосьці зьмянілася, дык яна глыбока памыляецца. Таму што Генэральная пракуратура якая была, такая й засталася. Чацьвёрты генпракурор – працуе па той схеме, па якой працавалі й папярэднія генпракуроры. А зьвяртацца да кіраўнікоў іншых дзяржаваў – расейскай там ці амэрыканскай – я не зьбіраюся, таму што я лічу, што найперш справу трэба вырашыць тут, дома. А калі ты яе вырашыш дома й будзеш мець афіцыйны адказ – напрыклад, я ўжо чацьвёрты раз чакаю заключэньня экспэртызы наконт ДНК, – і калі гэтае заключэньне будзе 100 адсоткаў, што тыя косьці належаць майму сыну, дык тады я маю ўсе падставы зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека й патрабаваць сатысфакцыі. А іншыя дзяржавы маюць свае клопаты, у іх свае праблемы. І ведаеце, калі ў хаце ў чалавека бацька не абараняе сваю сям’ю, дык чужыя людзі рэдка калі будуць умешвацца ды беззаконна штосьці рабіць. Паколькі мы маем жаданьне ўступіць у Эўропу, дык, я, напрыклад, больш спадзяюся на Эўрапейскі Зьвяз, а не на Расею”.

(Сьвірко: ) “Апошняе пытаньне і ў Менск, і ў Львоў: як, на Вашу думку, будуць разьвівацца падзеі найбліжэйшым часам адносна справаў зьніклых у Беларусі ды Ўкраіне?”

(Гангадзэ: ) “Мой сын не апошні й ня першы. У нас зьніклі, загінулі 12 журналістаў. Ніводная справа да сёньняшняга дня не раскрытая, ніводнае забойства не раскрытае. І я ўпэўненая, што яны й не раскрыюцца. Таму што ў гэтым незацікаўленыя органы дазнаньня, бо яны будуць адказваць. Яны будуць замятаць сьляды. Таму на будучыню пэрспэктывы я ніякай ня бачу, каб у нашай дзяржаве абаранілі чалавека”.

(Ганчар: ) “Я ўсё адно хачу спадзявацца, што гэтыя злачынствы будуць раскрытыя. І будуць пакараныя вінаватыя ў гэтым. Так мусіць быць проста! Можа, мы не зусім валодаем інфармацыяй. Тое, што я чую ад Лесі, і тое, што кажа прэзыдэнт Юшчанка, – яно нешта крыху не супадае, па-мойму. Але я думаю, што ў нас будзе рухацца. І нават пры Лукашэнку будуць рабіцца нейкія крокі. Вельмі кепска, што ён так ставіцца да гэтай сытуацыі. Урэшце ён за гэта й паплаціцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG