Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў Таджыкістане гаворыць аб шматлікіх парушэньнях у часе выбараў


Юры Дракахруст, Прага У Таджыкістане прайшлі парлямэнцкія выбары – другія пасьля грамадзянскай вайны 90-х гадоў. Паводле афіцыйных дадзеных, перамогу на іх атрымала кіруючая Народна-дэмакратычная партыя прэзыдэнта Эмамалі Рахмонава. У парлямэнт прайшлі таксама прадстаўнікі партыі Ісламскага Адраджэньня і камуністычнай партыі. Назіральнікі АБСЭ скрытыкавалі ўмовы правядзеньня выбараў.

Паводле дадзеных таджыцкага цэнтарвыбаркаму, ва ўчорашнім галасаваньні ўзялі ўдзел 88% выбарцаў, 80% зь іх аддалі перавагу кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі.

Назіральнікі АБСЭ скрытыкавалі парадак правядзеньня выбараў у Таджыкістане. Кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ Пітэр Эйхэр сёньня заявіў.

(Эйхэр: ) “Выбары 27 лютага ў Таджыкістане не адпавядалі шэрагу ключавых абавязаньняў краіны перад АБСЭ ды іншым міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Нягледзячы на пэўныя станоўчыя аспэкты, у тым ліку і некаторыя элемэнты, якія прадэманстравалі паляпшэньне ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі, навідавоку былі маштабныя парушэньні, асабліва ў дзень галасаваньня”.

Сярод адхіленьняў ад дэмакратычных стандартаў кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ назваў адсутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў шэрагу выбарчых камісіяў, ён таксама адзначыў празьмерны кантроль за выбарамі з боку ўладаў, ціск на незалежны друк і наўпроставыя фальсыфікацыі ў дзень галасаваньня.

У той жа час назіральнікі ад СНД на чале з выканаўчым сакратаром Судружнасьці Ўладзімерам Рушайлам істотных парушэньняў не зафіксавала.

Сам прэзыдэнт Эмамалі Рахмонаў ахарактарызаваў учорашнія выбары наступным чынам.

(Рахмонаў: ) “Я мяркую, што гэтыя выбары былі больш празрыстымі, чым папярэднія. Я не параўноўваю нашых выбараў з тымі, што адбываюцца ў Злучаных Штатах і на Захадзе. Я не адмаўляю, што існуюць недахопы. Але мы толькі на пачатку стварэньня дэмакратычнай, сьвецкай краіны зь вяршэнствам закону”.

Апазыцыя назвала нядзельныя выбары “фарсам”, арганізаваным уладамі дзеля падтрымкі рэжыму Рахмонава. Гаворыць лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Рахматалла Заіраў.

(Заіраў: ) “Сёньня нашыя прадстаўнікі атрымалі вельмі шмат скаргаў на парушэньні падчас галасаваньня. Я спадзяваўся, што гэтыя выбары будуць больш справядлівыя, чым папярэднія, але зараз у параўнаньні з 2000 годам парушэньняў болей. Кіраўнік выбарчага ўчастку ў раёне Сіно ў Душанбэ, казаў выбарцам, за каго яны павінныя галасаваць”.

Сёньня 4 з 5 апазыцыйных партыяў падпісалі супольнае хадайніцтва, у якім скардзяцца на шматлікія парушэньні падчас выбараў і патрабуюць прызнаць іх несапраўднымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG