Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту прапанавалі прызнаць Лукашэнку дыктатарам


Юры Сьвірко, Кіеў Бальшыня сяброў дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту па сувязях зь Беларусьсю ўхваліла канчатковы тэкст праекту Пляну дзеяньняў Эўразьвязу дзеля прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі. Гэты праект будзе пададзены камісару Эўразьвязу ў справах вонкавых дачыненьняў Бэніце Фэрэра-Вальднэр для канчатковага зацьвярджэньня.

Як распавёў дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі Алдыс Кушкіс, у сераду ў Страсбуры адбылося чарговае паседжаньне дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, на якім былі ўнесеныя апошнія зьмены ў праект Пляну дзеяньняў што да прасоўваньня беларускай дэмакратыі.

Паводле спадара Кушкіса, які ёсьць намесьнікам кіраўніка гэтай дэлегацыі, зьмены былі нязначнымі – прынамсі, галоўныя пункты ў пляне засталіся. Алдыс Кушкіс пералічыў тыя зь іх, на якіх настойваў ён асабіста:

(Кушкіс: ) “Міжнароднае прызнаньне цяперашняга беларускага рэжыму дыктатарскім і прэзыдэнта Лукашэнкі дыктатарам, выяўленьне й замарожваньне асабістых сродкаў прэзыдэнта Лукашэнкі ды іншых найвышэйшых кіраўнікоў рэжыму, якія забясьпечваюць працяг дыктатуры, маніторынг справаў палітычных вязьняў у Беларусі дзеля стварэньня ціску на менскія ўлады з мэтай неадкладна вызваліць усіх вязьняў сумленьня”.

Алдыс Кушкіс падкрэсьліў, што апошні пункт прапанаваў ён, і гэта было выклікана таксама сустрэчай 15 лютага у Брусэлі з сынамі Міхаіла Марыніча.

Зацьверджаны праект пляну дзеяньняў мае 32 пункты, пачынаецца ён прапановай прызначыць адмысловага прадстаўніка Эўразьвязу па Беларусі, каб той каардынаваў эўрапейскую палітыку ў дачыненьні да краіны. Таксама прапануецца наладзіць больш шырокую інфармацыйную кампанію Эўразьвязу ў Беларусі, супрацоўнічаць з ЗША пасьля прыняцьця імі Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, адсочваць лёс зьніклых у Беларусі людзей сродкамі Эўрапейскай камісіі й падтрымліваць судовыя пазовы супраць вінаватых у зьнікненьнях, стварэньне фонду дапамогі сем’ям зьніклых.

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту рэкамэндуе пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць візы ў краіны Эўропы, зьменшыць або ўвогуле скасаваць візавыя зборы для іншых грамадзян Беларусі, якія хочуць наведаць Эўразьвяз для навучаньня або падарожжаў, гарантаваць прытулак ахвярам Лукашэнкавага рэжыму.

Праект пляну прадугледжвае стварэньне альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі накшталт тэле– і радыёстанцыяў у Польшчы ды Літве, дапамогу незалежнаму друку й дэмакратычнай апазыцыі, няўрадавым арганізацыям і назіральнікам на выбарах, прафсаюзам і альтэрнатыўным адукацыйным праграмам. Заканчваецца пералік прапановай узмацніць супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, асабліва што датычыць Чарнобыльскай катастрофы.

Паводле зьвестак Радыё Свабода, старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Богдан Кліх з Польшчы прапаноўваў выдаліць з пляну пункт аб прызнаньні Аляксандра Лукашэнкі дыктатарам, а ягонага рэжыму – дыктатарскім. А іншая дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр прапанавала адкрыць Місію Эўразьвязу ў Менску ў тры этапы: спачатку пашырыць офіс ТАСІС, які ўжо існуе, потым адкрыць офіс Місіі Эўразьвязу, а далей – інфармацыйны цэнтар Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG