Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звароты жонак зьніклых беларускіх палітыкаў варта дасылаць ва Ўкраіну ці Расею?


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская сустрэлася ў Кіеве з прэм’ер-міністрам Украіны Юліяй Цімашэнкай. Днямі Зінаіда Ганчар накіравала лісты ў Маскву, у тым ліку да жонкі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, а таксама да старшыні ФСБ Расеі Мікалая Патрушава з просьбай аказаць дапамогу ў раскрыцьці палітычных выкраданьняў у Беларусі.

Ад часу палітычных выкраданьняў у Беларусі прайшло больш чым пяць гадоў, і ўпершыню цікавасьць да гэтай тэмы адкрыта паказала Ўкраіна на роўні прэм’ер-міністра. Ірына Красоўская – першы палітык зь Беларусі, якога прыняла ў сваім прэм’ерскім кабінэце Юлія Цімашэнка.

Сустрэча была па-сяброўску цёплай. З 2003 года спадарыня Ірына знаёмая зь Цімашэнкай, і яшчэ тады падрабязна распавядала ёй пра палітычныя забойствы ў Беларусі. Паводле Цімашэнкі, менавіта жанчыны павінны зрабіць усё дзеля таго, каб выратаваць Украіну і Беларусь.

Ірына Красоўская мяркуе, што падзеі ва Ўкраіне паўплываюць на расьсьледаваньне палітычных забойстваў у Беларусі, што ўкраінскае кіраўніцтва будзе ўлічваць гэтую праблему ў двухбаковых стасунках з афіцыйным Менскам.

(Красоўская: ) “Тыя дэмакратычныя зрухі, якія ёсьць на Ўкраіне, яны якраз і дапамогуць нам у расьсьледаваньні гэтых спраў, таму што гэта ўсё вельмі зьвязана. Яны будуць вырашаць праблему зьнікненьня Гангадзэ, таму што, нарэшце, улада зьмянілася і цяпер гэта ўсё магчыма. Але ж што тычыцца Беларусі, то вельмі цяжка знайсьці гэтую праўду, пакуль улада ў руках тых, хто меў дачыненьне да гэтых забойстваў. Але тым ня менш прэцэдэнт з расьсьледаваньнем забойства Гангадзэ будзе мець вялікую сілу для нашай краіны, і я спадзяюся, што рана ці позна мы будзем ведаць усю праўду”.

Нагадаю, што спадарыня Ірына мае на ўвазе справу апазыцыйнага ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ, які быў забіты некалькі гадоў таму. Абставіны гэтага забойства не былі высьветленыя пры ранейшай уладзе ва Ўкраіне. Гэтак жа цяпер у сваякоў зьніклых няма спадзяваньняў на тое, што пры Лукашэнку ўдасца даведацца праўду пра палітычныя забойствы ў Беларусі. Таму даводзіцца апэляваць да ўрадаў іншых краін, у тым ліку да Расеі.

Спадзяваньні ў родных зьніклых на дапамогу Масквы пакуль яшчэ ёсьць. Зінаіда Ганчар накіравала лісты да жонкі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, а таксама да старшыні ФСБ Расеі Мікалая Патрушава. Яна просіць аказаць дапамогу ў раскрыцьці палітычных выкраданьняў у Беларусі.

Зінаіда Ганчар нагадвае, што цягам апошніх пяці з паловай гадоў пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара яна зьвярталася ў праваахоўныя органы Расеі, а таксама асабіста да Ўладзімера Пуціна. Але акрамя фармальных адпісак ніякай рэакцыі не было. Адрозна ад Эўрапейскага зьвязу і ЗША, Расея працягвае маўчаць і, больш таго, прымае на самым высокім роўні высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Зінаіда Ганчар просіць спадарыню Пуціну зрабіць усё магчымае, каб пераканаць Уладзімера Пуціна ў тым, што ў праблеме палітычных выкраданьняў у Беларусі існуе вялікі маральны, чалавечы аспэкт. Той факт, што Расея мае пэўныя матэрыялы якраз і вымушае яе пісаць у Маскву.

(Ганчар: ) “Таму адкідаць іх неяк не хочацца, трэба запатрабаваць, каб яны занялі нейкую пазыцыю. Альбо каб яны сказалі – дарагія мае, адвяжыцеся ад нас, нас усё задавальняе ў тым курсе, які праводзіць Лукашэнка, альбо каб яны выказалі сваё стаўленьне публічна. Калі яны спадзяюцца, што Лукашэнка да іх зьвернецца за дапамогай, то гэтага ня будзе ніколі. Я ўсе гэтыя гады працягваю пісаць каму магу, як магу. Але чаму я не атрымліваю патрэбнай рэакцыі, я не ведаю”.

Ірына Красоўская лічыць, што чакаць і спадзявацца на Лукашэнку, як і на дапамогу Расеі – марна. Калі б Расея хацела, то даўно магла паведаміць зьвесткі, якія сталі падставай, да прыкладу, для затрыманьня на расейскай тэрыторыі Валерыя Ігнатовіча, асуджанага па справе выкраданьня Зьмітра Завадзкага.

(Красоўская: ) “Але ўся праблема ў тым, што яны ня хочуць гэта рабіць, і звычайна Расея выкарыстоўвае праблему зьнікненьняў у сваіх карысьлівых інтарэсах, калі яны хочуць нейкім чынам націснуць на Лукашэнку, тады зьяўляецца маленькая надзея, што магчыма яны нешта зробяць. Але потым яны дамаўляюцца з Лукашэнкам, і зноў гэтая праблема зьнікае. Таму я лічу, што вырашыць праблему зьнікненьняў нам дапаможа не краіна, якая сама парушае правы чалавека, я маю на ўвазе Расею, а краіна, якая будзе сапраўды дэмакратычнай, таму ў мяне большыя надзеі на Ўкраіну”.

Зінаіда Ганчар пачакае адказу з Расеі і потым мае намер таксама зьвярнуцца да ўкраінскага кіраўніцтва. Яна ўпэўненая, што Ўкраіна адгукнецца. Увосень мінулага года спадарыня Зінаіда сустракалася з украінскімі праваабаронцамі і дэпутатамі, калі абмяркоўвалася ідэя правядзеньня сумесных слуханьняў па справе Гангадзэ і зьніклых палітыкаў у Беларусі.

На здымку: Ірына Красоўская
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG