Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад будоўлі элітнага дому “пайшла па швох” школа алімпійскай рэзэрвы


Ігар Карней, Менск Некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі сёньня бараніць адну з “кузьняў спартовых кадраў” — спэцыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскай рэзэрвы былога таварыства “Спартак”, якая цяпер падначаленая Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У выніку будаўніцтва па суседзтву шматпавярховага жылога дому будынак школы пачаў у літаральным сэнсе трашчаць па швох, а замест зачыненай гімнастычнай залі дзеці нічога так і не атрымалі.

Сярод выхаванцаў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскай рэзэрвы чэмпіёнка сьвету і Эўропы Юлія Раскіна, прызэркі Алімпійскіх гульняў Тацяна Агрызка, Вольга Ўжэвіч, Тацяна Ананька ды іншыя. Амаль тры дзясяткі гімнастак школы ўваходзяць у склад нацыянальнай зборнай у мастацкай гімнастыцы. Трэнэр Нэлі Кісялёва, якая трэніруе дзяцей амаль чвэрць стагодзьдзя, перакананая: цяперашняя сытуацыя ставіць пад пытаньне разьвіцьцё гімнастычнай школы ўвогуле.

(Кісялёва: ) “Заля адмыслова будавалася для мастацкай гімнастыкі, гэта спэцыялізаваная заля. Школе ўжо 25 гадоў, шмат дзяцей займаюцца ў зборнай Беларусі. І калі хтосьці ва ўсім гэтым вінаваты, няхай трымаюць адказнасьць, выпраўляюць памылку. Ці хай прадаставяць нам іншую залю”.

Як перакананыя трэнэры і бацькі выхаванцаў алімпійскай школы, уся праблема палягае ў доме, які будуецца насупраць, за некалькі мэтраў ад школьных вокнаў. Пасьля таго, як будаўнікі пачалі забіваць сваі пад 16-павярховы гмах, па сьценах двухпавярховай школы пайшлі трэшчыны.

(Бацькі: ) “Калі пачалі біць сваі, зьявіліся трэшчыны на сьцяне. Таму было прынятае рашэньне зачыніць залю мастацкай гімнастыкі. Нельга ж так будаваць!.. І яшчэ: была праектная дакумэнтацыя на пашырэньне комплексу — другой чаргі “Спартака”, дзе прадугледжваўся басэйн, гатэль, трэнажорная заля. Быў выведзены нулявы цыкль, які ўрэшце зарос травой. І тады прафсаюзнае кіраўніцтва прыняло рашэньне прадаць зямлю пад элітны дом”.

Цяпер бацькі кажуць, што патрапілі ў зачараванае кола: займацца ў залі небясьпечна, а замены ніхто не прапанаваў. Ніяк не адгукнуўся на калектыўную скаргу і старшыня фэдэрацыі гімнастыкі, міністар фінансаў Мікалай Корбут.

(Бацькі: ) “Калі б яго хваляваў лёс нашай школы, ён бы прыйшоў, і з намі паразмаўляў… Будаўніцтва як шло, так і ідзе. Пэўна, хочуць паўтарыць маскоўскі аквапарк: 200 дзяўчатак займаецца ў адной залі, і ня дай Божа што здарыцца — дык гэта другі аквапарк у беларускім варыянце”.

Бліжэй да абеду імправізаваны сход наведала група чыноўнікаў адміністрацыі Фрунзэнскага раёну. Дзеля перамоўнага працэсу быў дэлегаваны галоўны архітэктар раёну Віктар Гуцько, які ў адказ на бацькоўскія эмоцыі адразу акрэсьліў, хто тут гаспадар.

(Гуцько: ) “Калі вы ўсё хочаце пераўтварыць у “базар-вакзал” — тады мы проста заварочваемся і сыходзім… Тое, што вы тут кажаце — пра вашых дзяцей ніхто ня думае? Думаюць, бо вельмі хутка ўсе забыліся пра Краснапольле!”

(Бацькі: ) “Ні пра што мы не забыліся…”

(Гуцько: ) “Заключэньне, якое будзе праведзена, пакажа: уплывае будаўніцтва дому на школу ці не”.

(Бацькі: ) “Калі мы будзем вырашаць пытаньне на ўзроўні архітэктара раёну, то мы свайго пытаньня ніколі ня вырашым…”

(Гуцько: ) “Па выніках папярэдніх дасьледаваньняў магу сказаць адно: дэфармацыі, якія маюцца, прывесьці да абвалу асноўных канструктыўных элемэнтаў ня могуць, падставаў няма. І мы з вамі ставіць пад сумнеў заключэньне экспэртызы ня маем права”.

Пасьля гэтага раённыя чыноўнікі зьехалі, а дзясяткі разгубленых бацькоў засталіся ў фае. Пакідаючы спрэчны аб’ект, я зазірнуў на будаўнічую пляцоўку побач са школай алімпійскай рэзэрвы: 16-павярховік узводзіўся ў звычайным рэжыме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG