Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскія прадпрымальнікі пратэстуюць супраць новага 18% падатку


Міхал Стэльмак, Барысаў Улады Барысава ня здолелі пераканаць прадпрымальнікаў адмовіцца ад пратэсту супраць платы падатку на дабаўленую вартасьць. Мясцовыя бізнэсоўцы пацьвердзілі намер удзельнічаць у папераджальным страйку 10 лютага.

Каля тысячы прадпрымальнікаў прыйшло сёньня ў барысаўскі Палац культуры на сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў. Цэнтральнай тэмай сустрэчы было абвешчана пытаньне спагнаньня з дробных бізнэсоўцаў падатку на дабаўленую вартасьць.

Як патлумачылі падатковыя інспэктары, новаўвядзеньне абгрунтаванае. Бізнэсоўцы, аднак, паводле іх лідэра Віктара Гарбачова, з гэтым ня пагадзіліся.

(Гарбачоў: ) “Мы выявілі сваё меркаваньне адмовай. Сход развальваўся на вачах. Тады я падняўся і выступіў. Зачытаў зварот барысаўскіх прадпрымальнікаў, дзе мы заявілі пра наш пратэст гэтаму новаўвядзеньню. Падпісала 1200 чалавек. Я перадаў яго падатковым інспэктарам. А яшчэ сказаў, каб яны склалі аналітычную запіску і перадалі наверх, у Адміністрацыю прэзыдэнта, што прадпрымальнікі Барысава ня прымаюць увядзеньне гэтага падатку. Пасьля майго выступу людзі падняліся і выйшлі”.

Адным з удзельнікаў сёньняшняй сустрэчы быў кіраўнік упраўленьня гандлю і камунальнай уласнасьці Барысаўскага гарвыканкаму Валеры Марынічаў. Аднак пракамэнтаваць дзеяньні барысаўскіх прадпрымальнікаў беларускай Свабодзе спадар Марынічаў адмовіўся.

Бізнэсовец Мікалай Віторскі лічыць, што ўлады занепакоеныя масавым характарам пратэсту.

(Віторскі: ) “Яны нават самі разумеюць абсурднасьць новаўвядзеньня. Я перакананы, што 10 лютага прадпрымальнікі ўсяе Беларусі спыняць працу і будуць страйкаваць. Спыняць працу таму, што асабіста я падлічыў свае выдаткі з улікам 18-працэнтнага падатку і зразумеў, што гэты падатак прывядзе мяне да банкруцтва. Мы цяпер ледзь выжываем. Улады загналі ў тупік эканоміку разам з прадпрымальнікамі”.

Паводле спадара Віторскага, 9 лютага барысаўскія прадпрымальнікі працягнуць падрыхтоўку да папераджальнага страйку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG