Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф прапануе правесьці сёлета пад эгідай ПА АБСЭ два адмысловыя сэмінары ў справах Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Адпаведная прапанова была зроблена 2 лютага падчас сустрэчы Парлямэнцкай грцпы АБСЭ ў справе сувязяў з Беларусьсю на чале з Цапф з віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Забалотцам. Спадарыня Цапф выказала свае пажаданьні пра фармат і колькасьць сэмінараў

Паколькі галоўнымі ўдзельнікамі гэтых акцыяў мусяць стаць парлямэнтарыі, а яны, як сьцьвярджае кіраўніца рабочай групы, людзі надзвычай занятыя, то сёлета можна будзе абмежавацца двума сустрэчамі ў Менску, а трэцюю перанесьці на пачатак 2006 году.

Адпаведная дамова пра сумеснае абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі міжнароднымі парлямэнтарыямі, экспэртамі, сябрамі Нацыянальнага сходу Беларусі ды іншымі зацікаўленымі асобамі пад эгідай АБСЭ была дасягнутая яшчэ летась на летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі ў Эдынбургу. Але да гэтага часу справа з месца не рухалася, што вельмі заклапочвае Ўту Цапф. І ўсё ж пасьля двух дзён знаходжаньня ў Менску, яна спадзяецца, што яе прапанова будзе прынятая:

(Цапф:) "Мабыць, мы дасягнем некалькіх пагадненьняў аб правядзеньні сумесных сэмінараў. Гэта тая праца, якую мы не маглі распачаць да гэтага часу. Яна ўсё цягнецца і цягнецца".

Канчаткова ўсё вырашыцца на зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі, якая традыцыйна праходзіць у лютым у Вене. Дарэчы, там Нацыянальны сход Беларусі будзе прадстаўляць новая дэлегацыя. Калі ў сталіцы Аўстрыі будзе дасягнутая згода, дык першы "круглы стол" у справах Беларусі пройдзе прыкладна ў траўні, альбо чэрвені. Галоўная тэмай яго стане палітыка добрасуседства адносна Беларусі.

Дэмакратычная апазыцыя спадзяецца праз гэты форум данесьці праўду аб становішчы ў Беларусі. А намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалотец сказаў Уце Цапф, што ён таксама зацікаўлены ў сэмінарах, якія, паводле ягоных словаў, стануць "добрай падставай, каб адчыніць вочы тым, хто ня ведае пра сапраўдную сытуацыю ў Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG