Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Віцебскі кур’ер”: “Беларускі бізнэс эмігруе ў Расею”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Народная Воля” надрукавала інтэрвію з былым шэфам КГБ Леанідам Ерыным. Журналістка пацікавілася чым ён будзе займацца, але пэўнага адказу не было. Спадар Ерын зазначае, што сваю працу рабіў сумленна. Паводле яго, новы кіраўнік КГБ, Сьцяпан Сухарэнка, выканае ўсе задачы, пастаўленыя ўрадам, лепш за яго.

“НВ” таксама паведамляе, што акадэмікам задаволілі іх патрабаваньні – цяпер іх ня змогуць пазбавіць званьняў, а званьне акадэміка можна будзе атрымаць у любым узросьце.

Газэта “Салідарнасьць” высьвятляе абставіны канфлікту, які адбываецца ў Польшчы паміж Праграмнай Радай штотыднёвіка “Ніва” і беластоцкай пракуратурай, якая накіравала крымінальную справу на іх у суд. Пракуратура абвінавачвае сяброў Рады ў фінансавых парушэньнях. Цяпер лідэры ўсіх беларускіх грамадзкіх арганізацый, якія ўваходзяць у Раду, нейкі час не змогуць балятавацца ў парлямэнт.

“Салідарнасьць” пад загалоўкам “Нас накормяць цыбуляй па самыя памідоры” разважае, да чаго можа прывесьці рэзкае павелічэньне вытворчасьці цыбулі, як таго патрабуе ўрад. Яны прыйшлі да высновы, што наведвальнікаў рэстарацыяў і кавярняў чакаюць “цыбульныя дні”, а, магчыма, і тыдні.

На старонках газэты можна прачытаць артыкул Генадзя Бураўкіна “Несакрушальная і легендарная...”, у якім размова ідзе не пра войска, а пра прэзыдэнцкую хакейную каманду.

Газэта “Віцебскі кур’ер” пад загалоўкам “Катэдра сатаны” надрукавала вялікі артыкул пра махляра, які абяцаў безнадзейна хворым людзям, што вылечыць іх ад цяжкіх хваробаў, і браў за гэта вялізныя грошы. Махляр падмануў дзесяткі людзей. Справа ня новая, але журналісты высьвятлялі, чаму толькі адзінкі зьвярнуліся ў праваахоўчыя органы.

“Беларускі бізнэс эмігруе ў Расею”. “Віцебскі кур’ер” аналізуе гэтую сытуацыю. Беларускія прадпрымальнікі плацяць падаткі ў Расеі, бо менавіта там трымаюць гандлёвыя месцы на рынку. Сярод іншых прычынаў яны называюць непрымальную падатковую палітыку.

“БДГ” на першай паласе зьмясьціла артыкул, прысьвечаны будучыні адносінаў паміж Украінай і Беларусьсю.

Газэта публікуе цікавае інтэрвію з Аленай Срэдневай – жанчынай, якая была вязьнем Асьвенціма. Яна ўзгадвае тыя часы і што было потым, калі яна вярнулася на Радзіму.

“Камітэт эканамічнай бясьпекі” – пад такім загалоўкам Сяргей Сацук напісаў аналітычны артыкул пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з цэнтральным апаратам КГБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG